Выбрать главу

Чэкіст на хвілю перапыніўся і, лізнуўшы палец, перагарнуў старонку.

— Узьнікае яшчэ адно пытаньне: чаму гэта шпрынгераўскі пісака сорак гадоў сядзеў у сваім Гамбургу, і толькі цяпер выправіўся ў Бычкі шукаць магілку свайго бацькі? І ці ня ёсьць усё гэта прадуманай палітычнай правакацыяй? Мы высьветлілі і гэта пытаньне і мусім канстатаваць, што ў гэтай справе, на вялікі жаль, замяшаныя і нашы савецкія людзі. А менавіта: навучэнец 49-й ленінградзкай вучэльні мэталістаў Аляксей Клячкін. Знаходзячыся на адпачынку ў сваёй цёткі, жыхаркі вёскі Бычкі Матроны Апалонік, гэты дзяяч знайшоў на гародзе жэтон забітага немца і, прыехаўшы ў Ленінград, занёс яго ў нямецкі кансулят. Заўважу, таварышы, што зрабіў ён гэта далёка не з гуманных пачуцьцяў: за такія жэтоны немцы плацяць добрыя грошы, прычым валютаю.

Пачуўшы пра валюту, грамада разам загаманіла, зарыпела крэсламі, а дырэктар райхарчпрамгандлю Ванзовіч ад хваляваньня нават укінуў у рот цыгарэту, ды згадаўшы, што ідзе паседжаньне Бюро, піхнуў яе ў нагрудную кішэнь.

— У размове з работнікам кансуляту Аляксей Клячкін паведаміў таксама, што ягоная цётка асабіста ведала забітага немца і гэтую вэрсію мы цяпер спраўджваем.

— А хто яму дазволіў цягацца па кансулятах? — гукнуў з канца стала няўрымсьлівы Даўбешка.

— Мы задалі гэтае пытаньне ленінградзкім таварышам... Як мы зразумелі з адказу, у паўночнай сталіцы ў гэтым пляне пануе лібэралізм. Калі б заходнегерманскі кансулят месьціўся ў нас, розныя шпанюкі там бы не цягаліся.

Пасьля такіх слоў члены Бюро ўхвальна загаманілі, Даўбешка — той быў узрадаваны, што яго не разьбіралі, таму і лез з пытаньнямі — гукнуў: — Што зь сябе ўяўляюць нямецкія жэтоны? — але чэкіст ня стаў адказваць, кіўнуў гаспадару кабінэта і гэтак жа павольна, як і ўставаў, апусьціўся ў крэсла.

Члены Бюро яшчэ пару хвілінаў перамаўлялася, потым сьціхлі і наставілі вочы на гаспадара кабінэту. Эдуард Альфонсавіч сядзеў у задуменнай паставе, мерна стукаў асадкай па стале. Нарэшце, налёг грудзінаю на стол і здушана прамовіў:

— Мы, таварышы, ня можам прымусіць заходняга візытэра напісаць пра нашы дасягненьні. І, магчыма, плёнам ягонага візыту стане фотаздымак якой-небудзь вясковай прыбіральні на старонцы нямецкай газэты. І ўсё ж сустрэць госьця мы мусім належным чынам, прадэманстраваўшы нашы здабыткі і шчодрасьць славянскай душы. Гэта не мае словы, а дырэктыва абласнога камітэта партыі, — прамоўца зрабіў кароткую паўзу і з партыйнай рашучасьцю ў голасе прамовіў: — Слова мае Куксёнак Тарзан Пятровіч.

Загадчык сельгасаддзелу спружна падхапіўся, правёў далоньню па чырвонаму ад хваляваньня плеху.

— Я, таварышы, толькі што з Бычкоў... Назад ехалі, сьпяшаліся і ў выніку райкамаўская "волга" стала на рамонт, — загадчык сельгасаддзелу зірнуў на Даўбешку і кудлатая даўбешкава галава ўехала ў плечы, не раўнуючы як сьлімачыная галава ў ракавіну. — Да Балбекаў яшчэ неяк можна ехаць, а потым — калдабан на калдабане, — Тарзан Пятровіч перавёў дых, дастаў з кішэні пашарпаны блякноцік. — Хата, у якой жыве Матрона Апалонік пабудаваная за царом Гарохам. Масьнічыны гнілыя, ганак зусім праваліўся. У хаце няма нават тэлевізара...

— Вашы прапановы, — перабіў Куксёнка гаспадар кабінэту і той, ні хвілі не раздумваючы, выпаліў: — Сустрэнем немца ў доме Сьцяпана Міканоравіча... старшыні калгаса. Дом з мансардай, паркет, санвузел... — Тарзан Пятровіч мерыўся далей разьвіваць сваю думку, але, угледзеўшы незадаволенасьць на шэфавым твары, прыкусіў ніжнюю вусну і дробна залыпаў вачамі.

Шэф керхануў у далонь і гэта азначала, што ён зьбіраўся некага паўшчуваць.

— Таварыш Даўбешка, — шэф нахіліўся, спрабуючы сустрэцца вачыма з начальнікам дарожнага ўчастку, — дагэтуль вы нам задавалі пытаньні, настала пара і нам запытацца: калі будзе адрамантаваная Бычкоўская дарога? Вы што, чакаеце аргвывадаў? Мы трэці год запісваем у плян сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця пункт: "Асфальтаваньне дарогі Балбекі — Бычкі" і за гэтыя тры гады там нават грэйдэр не праехаў...

— Эдуард Альфонсавіч... вы ж ведаеце...— пралепятаў Даўбешка, але шэф як і ня чуў таго лепятаньня. — Раённы камітэт партыі дае вам два тыдні... Усе людзі, уся наяўная тэхніка мусіць быць кінутая на аб'ект. Не хапае тэхнікі — пазычайце ў суседзяў, ганіце каткі і грэйдэры з Гарадка, Віцебску — адкуль хочаце. І ведайце — за гэтую дарогу вы адказваеце партбілетам.

Эдуард Альфонсавіч выцер насоўкаю халодны пот з лобу, перавёў позірк на загадчыка сельгасаддзела.

— Сядайце, Тарзан Пятровіч... Вы нас сваёй прапановай, шчыра кажучы, зьдзівілі, — шэф кінуў на стол асадку, тая зьляцела долу і адразу некалькі чалавек кінуліся яе падымаць. — Ну, сустрэнем мы госьця ў старшынёўскай хаце... А што на гэта скажуць людзі? Вы пра гэта, Тарзан Пятровіч, падумалі? Каго мы хочам ашукаць — немца, ці саміх сябе?