— Бомбардуён страшне, — даляцела да вушэй кароткая фраза, Багун наструніў слых, але ў касьцёле зайгралі варганы і заглушылі жаночыя галасы.
У атвор разнасьцежаных дзьвярэй ён увайшоў баязьліва, сьцярожка, уражаны тым — як зыбаецца падлога і як дрыжыць паветра ад цяжкіх уздыхаў варганаў. Яму, праваслаўнаму чалавеку, ня надта ёмка было ўбівацца ў касьцёл, да таго ж і апранаха не пасавала такой мясьціне — на Багуну быў зацухмолены, пацяжэлы ад дажджу бурнос. Але ён увайшоў, хуценька, каб ніхто ня бачыў, перахрысьціўся па-праваслаўнаму, сьціпла прытуліўся ля сьцяны. Народу ў касьцёле было шмат і сярод вернікаў пракідваліся зялёныя мундуры памежнікаў. Адзін зь іх, стрыжаны на лысага капрал, кленчыў непадалёку, і Багун, зыркнуўшы на стрыжаную галаву, вырашыў дачакацца канца набажэнства ды распытаць капрала — як ідуць справы на фронце і хто там каго бамбардуе.
Неўзабаве варганы аціхлі, аціхлі і кабеты, якія дрогкімі галасамі падпявалі варганам, і на амбоне абудзіўся раскацісты мужчынскі голас: — Буг чува над Польском!
Словы казані залуналі пад скляпеньнямі, блытаючыся з гулкім рэхам.
— Сіла вяры Народу оказаласен в цалэй потэндзе подчас войны обецнэй... В тэй філе, кеды град поціскуф немецкіх межысен в цяла жолнерске, град модлітв плыне од іх жон і матэк...— некалькі цётак нечакана ўголас заплакалі і ксёндз зрабіў паўзу.
— Гды напшэців нашым лётнікам вылецон хмары врогіх лятавцуф, бы стронцаць нашых в імен пыхы шатаньскей, то насі вылецон на свых сталёвых птаках з Хрыстусем в сэрцу. Чыж не яснэ — гдзе бэндзе звычэньство? — пачуўшы слова “звычэньство” вернікі гамузам перажагналіся, Багун таксама перахрысьціўся і ў тую ж хвілю стрэўся вачыма з капралам. Капрал, як падалося, паглядаў на яго зь нянавісьцю. “Заўважыў, што я праваслаўны,”— улякнута падумаў Багун і нячутна, сьпінай наперад, падаўся да выхаду. Памежнікі ўсе скрозь былі “рдзеннымі” палякамі і ня надта любілі тутэйшых. А цяперашнім часам дык наогул маглі зьвезьці куды-небудзь, як таго Міцьку Барзевіча.
Багун жвава, амаль подбегам, прамінуў цьвінтар, ускочыў на калёсы, голасна гойкнуў: — Н-но, пыха шатаньска! — І вароніна грамада, абуджаная такім воклікам, бязладна загарлала на высокіх таполях.
Лазунок, малады буланы конь, усю дарогу мерна пырхаў, шапатліва абмахваўся хвастом і гэтыя зыкі ўрэшце змарылі Багуна. Ён нацягнуў на вочы башлык, зьмежыў павекі. І ўраз калёсы паехалі неяк бокам, жоўтае іржышча, на якое ён дагэтуль глядзеў, ператварылася ў штосьці невыразна-шэрае і чорны Рувімавы кот, скочыўшы ў тую шарызну, пабег, капытлівым пошчакам скаланаючы навакольле. У тое ж імгненьне сон зьляцеў з павекаў і рука машынальна пацягнула лейцы, даючы дарогу стрэчным вершнікам. Вершнікаў было пяцёра, яны гналі коней наўскач і Багун, зірнуўшы на дарогу, бязгучна прашаптаў: “Памежнікі”.
Вайскоўцы праляцелі міма, дыхнуўшы пахам конскага поту, адэкалёну і новай, яшчэ не абношанай скуры. Ехалі яны, відаць, далёка, бо да сёдлаў былі прытарочаны брызэнтавыя саквы, бляшаныя скрынкі, а адзін вершнік трымаў на конскім карку фанэрны куфар.
— Буг чуе над Польском! — крыкнуў Багун усьлед вершнікам і адзін зь іх — той, што вёз фанэрны куфар — азірнуўся і махнуў рукой.
Далей, аж да самай Мандрыкінай павароткі, Багун спаў, а калі калёсы рэзка павярнулі і Лазунок, адчуўшы тупкі бальшак, паехаў жвавей, ачуўся і ўгледзеў знаёмую постаць. Па бальшаку, у бок вёскі, шыбаваў Міцька Барзевіч. Два тыдні таму Міцьку, як палітычна ненадзейнага, забрала паліцыя і старая Барзячыха сплакала ўсе вочы.
— Міцька, халера ясна! Жывы!
— Жывы-ы, — адгукнуўся хлопец, спрытна сеўшы на калёсы, — староста загадаў усіх адпусьціць. Ім цяпер не да нас.
Міцька налёг сьпінай да багуновы плячук, зморана перавёў дых.
— Ну, як там... што чуваць? — запытаўся Багун, падганяючы Лізунка.
Хлопец ізноў уздыхнуў.
— Немец ад ранку над Глыбокім лётаў.
— І што — зьбілі?
— Саб’еш яго... Пастралялі з карабінаў ды плюнулі... Высока...
Міцька кашлянуў, дастаў з кішэні пачак гарадзенскай “мэвы”.
— Давай, дзядзька, засмалім. Староста выдаў... у якасьці кампэнсацыі.
Пару хвілінаў ехалі моўчкі, глытаючы пяршывы дым і Міцька, пасьля чарговай зацяжкі, запытаўся:
— Ня ведаеце, дзядзька — прыймач ці забралі?
Міцькавы самаробны прыймач паліцыянты й сапраўды прыходзілі рэквізаваць, але Барзячыха ўшчала гвалт і тыя махнулі рукой — адно абгарнулі слухаўкі паперай ды паставілі плёмбу.