Выбрать главу

З хаты ён выкуліўся як толькі разьвіднела, рушыў па бязьлюднай вуліцы і на падворку бартулёвай хаты ўбачыў гаспадара. Стары Бартуль, штохвілі азіраючыся, здымаў з калёсаў непадатнае кола.

— Што, бусьлянку будзеш ладзіць? — пажартаваў Багун і сусед, чарговым разам азірнуўшыся, працадзіў: — Разьбіраю... каб не рэквізавалі.

— Хто?

Бартуль катнуў кола ў бок пуні.

— Саветы ідуць. Ці то ня бачыш?

Па бальшаку, раз-пораз губляючыся сярод кустоў, паўзло штосьці па-вужачаму даўгое й па-мышынаму шэрае, і Багун, расшпіліўшы верхні гузік касавароткі, выцер далоньню упрэлы лоб.

З усяе вёскі, калі не лічыць дзятвы, сустракаць Саветы выйшла чалавек дваццаць. Мужчыны стаялі ля самога гасьцінца, а жанчыны крыху зводдаль, ля сажалкі. Такой парой на сажалцы было поўна гусей, аднак сёньня іх, відаць, ня выпусьцілі з хлявоў і на люстранай вадзе завіхаліся, выставіўшы ўгору азадкі, дзьве дзікіх качкі.

— На бартулёвых конях едуць, — гукнуў нехта зь вясковых падшыванцаў і качкі, нібыта спрабуючы пераканацца ў справядлівасьці такіх слоў, вытыркнулі з вады свае круглявыя галовы.

На Піліпаўку Бартуль хадзіў у пушчу паляваць на ваўкоў, дзеля прынады набываў у местачковых цыганоў лядачага каня і вяскоўцы, пабачыўшы якога нядошлага каняку, кожнага разу згадвалі тое паляваньне.

Коні, што цягнулі гаўбіцы ды гарматы, былі зусім нядошлыя — з запалымі сьцёгнамі, з хрыбцінамі-піламі. Да пары ім былі і ездавыя — суворыя, апраненыя ў нейкія цёмна-сінія ватоўкі — яны махалі сырамятнымі пугамі, суцішна мацюкаліся і не зьвярталі ўвагі на людзей, што стаялі на ўзбочыне.

Багун убіўся ў натоўп, парукаўся з Казікам Хамёнкам; у гэты момант адна з кабыл, сагнуўшыся склюдам, упала на пярэднія ногі і Казік, не сьцярпеўшы, крыкнуў ездавому:

— Чаму кабылу ня корміш?

Ездавы нават не павярнуў галавы, а тым часам нейкі бальшавік — відаць, камандзір, бо быў апранены ў даўгакрысую шынель, скіраваў на Казіка сваю кудлатую “манголку”. Хамёнак скочыў у бок, прыхаваўся за людзкімі сьпінамі і больш ужо не падаваў голасу.

Хвілін пятнаццаць усе стаялі, як мыла каўтнуўшы, і невядома — колькі б яшчэ так стаялі, калі б не пачулі зрывісты жаночы воклік. Ад крайняй хаты, трымаючы ў руках самаробны чырвоны сьцяг, бег Міцька Барзевіч, а сьледам за ім, спатыкаючыся на калдобінах, ляцела старая Барзячыха. Міцька падбег да бальшака, махнуў чырвоным сьцягам, нема закрычаў:

— Да здравствует Коминтерн!

Гэтым разам ездавыя пудліва сьцепануліся, гамузам зірнулі на Міцьку і, нібыта па камандзе, махнулі сырамятнымі пугамі.

— Божачка, а навошта ж мне такое горайка! А каб яна спрахла, гэтая паліціка... — залямантавала старая Барзячыха, павалілася ў прыдарожную канаву; жанкі, што стаялі ля сажалкі, дакорліва пахіталі галовамі, а Бартуліха, перахрысьціўшыся, голасна выдыхнула:

— Даў Бог сыночка — з пастарунку не вылазіць...

... Ідучы да хаты, Багун з Хамёнкам чухалі патыліцы, штохвілі ўздыхалі.

— І як яно ўсё будзе? — прамармытаў Багун, на хаду прыпальваючы цыгарку.

— Ды неяк будзе, — Хамёнак таксама чыркнуў запалкай, — палякі панавалі, цяпер Саветы запануюць. Прыйдуць кітайцы — мы і пад імі ўжывемся, жаб будзем жэрці ды па-кітайску балабоніць.

— Яно так, — пагадзіўся Багун і пудка азірнуўся: на сажалцы залапаталі крылы, качкі ўзьняліся ў паветра і паляцелі ў той бок, дзе дагарала, ахутаная шызым дымам, памежная стражніца.

Два дні Багун не выходзіў з хаты — баяўся, што Саветы мабілізуюць у войска ці забяруць на якую працу, — і таму, ці не ўпершыню ў жыцьці, уважліва слухаў Насту, якая бегала да суседзяў па навіны.

— У Хадоры гусак прапаў, — гукнула жонка ад парога і, сьцішыўшы голас, паведаміла, што Саветы сталі табарам ля Курылёвай крыніцы і выкапалі рукамі бульбу на бартулёвым полі.

У вёску бальшавікі не заходзілі, у войска нікога не адмабілізоўвалі, і на трэці дзень Багун, асьмялеўшы, выкуліўся з хаты. Пацягнуўся, удыхнуў п’янкога паветра, але назад ня выдыхнуў: пад яблыняй, сагнуўшыся склюдам, сноўдаў чалавек у сіняй ватоўцы і піхаў за пазуху расяныя падалкі. Рабіў ён гэта неяк зладзеявата, штораз азіраючыся, а таму адразу ж заўважыў гаспадара.

— Попить не найдётся? — пралепятаў чалавек, вінавата ацёр далоні, і Багун, спатыкнуўшыся аб ганак, вынес гладыш яшчэ неастылага малака.

Чалавек падхапіў гладыш, паднёс да вуснаў, але потым, сьцепануўшыся, вярнуў гаспадару: — А ну, отпей.

Ня ведаючы, навошта гэта трэба, Багун змачыў у малацэ вусны і госьць, пераняўшы гладыш, стаў прагна піць; пры гэтым натапыраныя вушы ягоныя варушыліся і выцьвілая пілётка зьяжджала на пераносьсе.