Выбрать главу

— Молоко где берёте? — запытаўся госьць, агораўшы гладышку.

— Як дзе? — не зразумеў гаспадар, — двух кароў трымаем...

— Коровы, поди, панские?

Багун, падумаўшы, кіўнуў галавой, расчыніў уваходныя дзьверы.

— Заходзьце, таварышок, паглядзіце, як мы жывем.

Таварышок, азірнуўшыся, вужом прасьлізнуў у хату.

— С панами, отец, покончено. Так и скажи деревенским, — госьць стрымана кашлянуў, абцягнуў крысьсе ватоўкі і, прыгледзеўшы ля печы вялізны саган, выхапіў адтуль вараную бульбіну.

— Зачем столько картошки варите?

— Сьвіней кормім, — паведаміў гаспадар.

— Свиней... картошкой?! — выбухнуў госьць і сьпехам, амаль незаўважна для вока, піхнуў пару бульбін за пазуху.

“Дык сьвіньні ж таксама панскія”, — хацеў было пажартаваць Багун, ды прыкусіў язык і, ня ведаючы, чым пачаставаць госьця, выставіў на стол міску зь мёдам.

— Во... пакаштуйце нашага мядку. Ліпец. З уласнага пасекі.

— Меня, между прочим, Афанасием зовут, — прамовіў госьць, выцягваючы з халявы брызэнтавых ботаў літую алавяную лыжку.

Мёд быў не адагнаны, таму гаспадар паставіў перад госьцем невялічкі сподак — выплёўваць вузы, але ён не спатрэбіўся: госьць глытаў мёд разам з васкавінай. Глынуўшы пару лыжак, Афанасій нечакана папярхнуўся і ўтаропіўся ў сьценку. “Прусака ўбачыў, ці што?” — Багун правёў рукой па абклеенай газэтамі сьценцы, але ніякага прусака не намацаў.

— Погоди-ка, — буркнуў Афанасій і твар ягоны кранула лёгкая трывога: госьць чытаў газэту — акурат у тым месцы, дзе яна была дарэшты зацёртая плечукамі.

Багун выцягнуў шыю, прымружыўся і прачытаў назву артыкула, які зацікавіў Афанасія: “Суд над Бухарыным”.

Прачытаўшы артыкулы, якія былі на ўзроўні носа, Афанасі споўз на падлогу, стаў чытаць газэціны, што былі наклеены дагары нагамі, пры гэтым ён увесь час керхаў ды шморгаў носам, бо слодыч, відаць, патрапіла ў нюхалку, потым узьлез на прыслон і добрую гадзіну вадзіў носам па сьценцы, нарэшце скочыў на падлогу і, страсянуўшы рашчаперанай пяцярнёй, што азначала — я яшчэ зайду — пужлівым крокам рушыў да парога.

— Шапачку ж вазьміце, — гукнуў гаспадар і госьць, падаўшыся назад, выхапіў з гаспадарскіх рук зьлінялую пілётку.

На наступны дзень Афанасі зноў завітаў у хату, але ўжо не адзін, а з двума таварышамі. Адзін зь іх быў сьветлавалосым і даўгалыгім, а другі маленькім ды чарнявым. Госьці ўвайшлі ў хату на цырлах, як бы крадучыся і надта напужалі Насту. Наста якраз разьлівала сырадой у гарлачы і, пабачыўшы чырвонаармейцаў, выпусьціла з рук даёнку.

— Не волнуйтесь, гражданка, мы на минутку, — суцішна выдыхнуў Афанасі і махнуў рукой сябрукам, якія таўкліся ля парога.

Госьці цэлую гадзіну сноўдалі ўздоўж сьцен, чыталі газэты і загаманілі толькі аднойчы, калі чарнявы маладзён тыцнуў пальцам у сьценку і абурана прамармытаў:

— Ну это уже они брешут...

— Брешут, конечно, — кіўнуў галавой Афанасі і, зірнуўшы на Багуна, па-змоўніцку ціха шапатнуў: — Ты, отец, никому не говори, что мы тут у тебя были...

Калі госьці, гэтак жа на цырлах, падаліся ўпрочкі, Багун прачытаў нататку, якая абурыла чарнявага маладзёна і зацёр яе сьлінявым пальцам. У нататцы паведамлялася, што бацька-Сталін, якога расейскія бальшавікі называюць “геніем навачаснай эпохі”, насамрэч быў выгнаны, як недарэка, з духоўнай сэмінарыі і з тае пары нідзе не вучыўся. “Заўтра ж паеду да Рувіма, набуду шпалеры”, — апанаваны такой думкай, Багун паскроб падбародзьдзе і стаў маракаваць — колькі хахлатак трэ’ будзе аддаць за шпалерны скрутак.

На заўтра, аднак, ён нікуды не паехаў, бо назаўтра была субота, а ў нядзелю, ад самае раніцы, у хату ўваліўся Казік Хамёнак і задыхана паведаміў:

— Бальшавікі... ля цэрквы... мітынг ладзяць... Загадалі ўсім зьявіцца.

Што там будзе, на тым мітынгу, ніхто толкам ня ведаў. Бартуліха, якая прыбегла сьледам за Хамёнкам, параіла ўзяць на мітынг мяхі, бо бальшавікі, нібыта, будуць раздаваць дармавую груцу; Барзячыха, заляцеўшы ў двор, паведаміла, што будзе фэст і кожнаму дадуць па трактары, а Тэкля Сілівончык, вядомая на ўсю акругу балаболка, прабягаючы міма, нашаптала Насьце, што бальшавікі падчас мітынгу падпаляць царкву і прымусяць маліцца на партрэт нейкага вусача, які ўжо стаіць ля царкоўнай брамы. Наста хаця і не давала веры Тэкліным плёткам, аднак пачала хрысьціцца ды прымусіла Багуна лезьці на хату: паглядзець — ці стаіць ля царкоўных брамаў партрэціна.

Схапіўшыся рукой за вільчак, Багун доўга ўглядаўся ў ранішнюю смугу, потым зьлез долу і толькі тады паведаміў знэрваванай жонцы: