Выбрать главу

— Брахня...

— А царква ці адчынена? — пралепятала жонка.

— Адчынена, — буркнуў Багун і, аблаяўшы Тэклю, дадаў: — Каб гэтай шалахвосткі больш у двары не было.

Убіўшыся ў хату, ён доўга напраўляў на рамяні золінгенаўскую брытву — падарунак фэльдфэбэля, што быў у іх на пастоі ў германскую вайну, — потым шчыгульна ўзьбіў пену, мазануў памазком па шыі і замёр, прыслухоўваючыся да гуду машыны пад вокнамі. Машына пад’ехала да весьніц, рэзка загамавала і з кодабу скочылі, узьняўшы над галовамі даўжэзныя вінтоўкі, два чырвонаармейцы.

— Хамзин — у входа! Бамбиза — за мной! — гукнулі знадворку і яшчэ празь імгненьне ў хату ўбіўся вайсковец з рэвальвэрам у руцэ. Вайсковец зірнуў на гаспадара, потым падышоў да сьцяны і, узьняўшы рэвальвэрнай руляй брылёк на фуражцы, стаў чытаць газэціну. Чытаў доўга, хвілін дзесяць, якія Багуну здаліся цэлай гадзінай, нарэшце пакасіўся на жаўнера, што стаяў на парозе і глуха запытаўся:

— Откуда литература?

Багун стаяў ні жывы, ні ўмерлы і адразу нават не зразумеў — да каго зьвярнуўся вайсковец — да яго, ці да жаўнера.

— Газеты, говорю, где взяли? — гракнуў вайсковец і Багун зь перапуду лізнуў памазок.

— Тыя, што ў сенцах — Барзевіч даў...— прастагнаў Багун, не пазнаўшы ўласнага голасу.

— А гэтыя?

— У Рувіма купіў...

Толькі цяпер вайсковец піхнуў рэвальвэр у кабуру і Багун стоена адсопся.

— Что за Рувим? Как фамилия? — вайсковец выцягнуў з кішэні маленькую кніжачку, зьбіраючыся, як бачна, штосьці запісваць.

— А хто яго ведае... Рувім ды Рувім...— прамовіў Багун акрыялым голасам. — Крама ў яго ў мястэчку. Ля касьцёлу.

— Крама это что — магазин? — ускінуў брыво вайсковец і Багун борзда страсянуў намыленым падбародзьдзем.

— А кто такой Барзевич?

— Гэта наш, зь вёскі... Ён... гэта сама... камуніст. Сядзеў за палякамі.

— Коммунист, говоришь, — прамармытаў госьць, штосьці чыркнуў у кніжцы і, схамянуўшыся, выгукнуў: — Бамбиза! Содрать со стены газеты и сжечь во дворе!

Жаўнер, што стаяў ля парога, ускінуў на плячо вінтоўку, гракнуў: — Слушаюсь, товарищ батальонный комиссар! — і, скочыўшы на ўслон, убіў штых у столь, ды так хвацка, што са столі пасыпалася парахня, а Наста — яна хавалася пад ложкам — войкнула і перахрысьцілася аж дванаццаць разоў запар.

Багун ішоў на ватных нагах, спалохана азіраўся, а калі, абмінуўшы збуцьвелую Тэкліну хату, выйшаў да царквы, дык і зусім абамлеў. Ля брамаў і сапраўды стаяла, прымацаваная да кодабу грузавіка, вялізная партрэціна. Партрэціна гайдалася ад ветру, адтапыраныя вусы і жорсткія вусны пры гэтым злавесна варушыліся і стваралася ўражаньне, што вусач зьбіраецца праглынуць батальённага камісара, які стаяў на кодабу і штосьці палка прамаўляў натоўпу. Порсткі ветрык шумеў у згалелых таполях і да вушэй даляталі толькі асобныя сказы.

— Долгие десятилетия рабочие и крестьяне Западной Белоруссии стонали под игом помещиков и капиталистов... Но и в самые страшные дни белопольской оккупации они знали, что есть Москва, есть Рабоче-Крестьянская Красная Армия, есть Великий Сталин, который придёт им на помощь... И вот она, эта помощь, пришла! Несокрушимой лавой двинулась вперёд советская конница, измученную польскими панами землю сотрясли могучие танки, а в небо взмыли славные сталинские соколы... — пачуўшы пра сокалаў, Багун зірнуў на неба — ад курацапаў улетку не было паратунку, — і, усхваляваны, палез у кішэнь па цыгаркі.

Батальённы камісар прамаўляў цэлую гадзіну, нават зьлёгку асіп, нарэшце, дзясятым разам згадаўшы Вялікага Сталіна і шчасьлівае жыцьцё ў савецкіх калгасах, ляпнуў сам сабе ў ладкі і, паправіўшы брызэнтавую папругу на шынялі, запытаўся:

— Какие, товарищи, будут вопросы?

Грамада маўчала, камісар паўтарыў пытаньне і неўзабаве напятую цішыню працяў зычны Міцькавы голас:

— А где сейчас находится Троцкий?

Пытаньне, як бачна, зьбянтэжыла камісара. Ён ізноў, цяпер ужо дрогкімі рукамі, паправіў папругу, таргануў далоньню, маўляў — зараз скажу, а потым, трэцім разам паправіўшы папругу, здушана выдыхнуў:

— Митинг считаю закрытым.

... Багун падыходзіў ужо да хаты, калі за сьпінай з плаксівай натугай загула машына. Сэрца Багунова ёкнула, ён застыў на месцы, чакаючы, што грузавік спыніцца і камісар забярэ яго з сабой, але машына, дзякаваць Богу, праехала міма і Багун на радасьцях крыкнуў чырвонаармейцам, што сядзелі ў кодабу:

— Слава савецкім калхозам!

І адзін з чырвонаармейцаў — той, што сядзеў ля борту — крутнуў пальцам ля скроні.

Ціхім халаднаватым ранкам, акурат за тры дні да Пакроваў, Багун ехаў у мястэчка. Зямля тае раніцы ўзялася шэраньню, калюжыны прыхапіла лядком і Лазунок, адчуўшы тупкую дарогу, задаволена пырхаў, шапацеў хвастом і ўвесь час парываўся ісьці дробнай рысьсю.