Дарога да мястэчка няблізкая — поўных шэсьць вёрст. Тут можна і падрамаць, і зацягнуць наўголаса якую-небудзь тужлівую песьню. Гэтым разам, аднак, кляваць носам не давялося: у вялікай скрыні валтузіліся восем курэй, лямант стаяў на ўсю акругу, і Багун шторазу біў далоньню па скрыні і здушана прамаўляў:
— Ды сьціхніце вы, недарэкі...
Куры на момант сьціхалі, але праз хвілю ізноў пачыналі зацята квахтаць ды біць крыламі.
Зрэшты, курыны лямант дрымоце не перашкода. Іншым разам Багун налёг бы плячом на скрыню ды зьмежыў павекі, але цяпер душа была не на месцы і сьвярбліва варушылася пад дыхніцай. Багуну раз-пораз здавалася, што там, наперадзе, гула машына і тады ён саскакваў з возу і шыбаваў поруч з канём, з-пад рукі пазіраючы то на бальшак, то на сьпічастыя вежы местачковага касьцёлу. “Каб зноў на таго чорта ня ўзьбіцца”, — думаў ён такімі хвілямі, памінаў нядобрым словам батальённага камісара і, плюнуўшы пад ногі, ізноў усьсядаў на калёсы.
Як на добры лад, дык хвалявацца не было падставы: ну паклеіў ён сьцены эмігранцкімі газэтамі. Але ж ці гэта правіна? Асадніка Арэхву арыштавалі, дык у таго шаблю знайшлі, якую Пілсудскі падараваў. Пана Бурша забралі — той стрэльбу ня здаў. Палясоўшчык Агіньскі, казалі, Сталіна лаяў — таму й сядзіць цяпер у віры на калы. А што ён, Багун?! Яму ж, як таму царкоўнаму бацюхну — любая ўлада ад Бога.
Так ён супакойваў сябе, чухаў канцом пугі пад дыхніцай — як раз там сьвярбела душа — і раз-пораз прамаўляў фразу, якая ад нядаўняй пары прыліпла да вуснаў:
— І як яно ўсё будзе?
На ўезьдзе ў мястэчка, праваруч ад дарогі, стаяў вялізны брудна-шэры намёт, каля якога завіхаліся некалькі чырвонаармейцаў. Адзін зь іх калоў дровы, другі разьдзімаў агонь пад казаном, а трэці сядзеў на ўзбочыне і пераабуваўся, спавіваючы нагу ў шэрую анучу. Рабіў ён гэта надта спрытна, Багун нават паўстрымаў каня, пазіраючы на такое пераабуваньне, і ў той жа міг сумеўся. На ўзбочыне сядзеў той самы чарнявы маладзён, што прыходзіў чытаць газэты. Маладзён нацягнуў на пятку чаравік, узьняў вочы, борзда падхапіўся на ногі.
— Здрастуйця, — пралепятаў Багун, але той, да каго ён зьвяртаўся, як бы і не пачуў; маладзён абабіў калашыны, тупнуў нагою, спраўджваючы, ці добра трымаецца накручаная на лытку абмотка, несьпешна пайшоў да кастра.
— А дзе Апанасій? — выгукнуў Багун у сьпіну маладзёну і той, не павярнуўшы галавы, прамовіў: — Проезжай, проезжай... Здесь военный об’ект.
Багун хвастануў каня і калёсы, працяўшы навакольле грукатам колаў і роспачным кудахтаньнем, заскакалі па бруку. “Ботаў няма, а нос верне... кацап нямыты”, — у Багуна ад абурэньня нават затрэсьліся рукі. Каб утаймаваць дрыготку, ён хвастануў Лазунка ўдругарадзь і ў гарачцы не заўважыў, як праехаў Рувімаву краму і стрымаў каня толькі ля буршавай гарбацярні.
“Чаго гэта я?”— аддзьмуўся Багун, выцер халодны пот з ілба і агледзеўся. Першае, што кінулася ў вочы — новая шыльда над уваходам у гарбацярню. Багун колькі разоў прачытаў па складох мудрагелістае слова — “А—гит — пункт”, — але так і не дапяў да ягонага сэнсу. Крыху вышэй, пад самай страхою, вісеў кавалак чырвонай крамніны з надпісам “Все на выборы!”, а да самой страхі быў прыбіты партрэт нейкага савецкага генэрала, упрыгожанага з двух бакоў чырвонымі сьцяжкамі.
— Клім Варашылаў, — азваліся за сьпінай.
Пасярод вулкі, зяцята калупаючыся ў носе, стаяў мурзаты Рышка. “Глянь ты... дурыла, а савецкага генэрала ведае”, — падзівіўся Багун. Яму карцела запытацца — дзе цяпер бацька: у пастарунку, ці, можа, завезьлі ў Глыбокае? — але, падумаўшы, вырашыў не трывожыць хлапечае сэрца.
— А што за выбары такія? — запытаўся Багун усё з той жа робленай усьмешкай і атрымаў адказ: — У Народны сход.
“Што за сход такі? Трэба будзе спытаць у Рувіма”, — з гэтай думкай Багун падышоў да калёсаў, пашнарыў рукамі пад скрыняй, выцягнуў адтуль дарэшты разьлютаванага пеўня.
— На, аддасі маці, — паведаміў, ратуючыся ад бойкіх крылаў, Багун і калі хлопец падхапіў пеўня, няшчыра-вясёлым голасам запытаў: — Чаму бурбалкі не пускаеш?
— Мыдла скончыласень, — гукнуў Рышка па-польску, сказаў яшчэ нешта, але голас ягоны заглушыла шалёнае лапатаньне крылаў.
Згадаўшы ў думках гаспадара гарбацярні, Багун даў калёсам разгону, удыхнуў пругкага паветра, а ўгледзеўшы на дзьвярох рувімавай крамы вялізны замок ды наклееную на дзьвярныя ліштвы паперку, нацягнуў лейцы. Паперка бялела на ржавых ліштвах, трымцела адным канцом на ветры і поўніла душу гнятлівым непакоем. Багун зьлез з калёсаў, крадком падышоў да дзьвярэй і ў гэты міг штосьці мяккае і рухавае кранулася нагі. Стары знаёмца — чорны кот — прыязна завуркатаў, налёг пысаю на халяву і Багун, разглядаючы сінюю пляму пячаткі, якой была пазначана паперка, прашаптаў: