СЬВЯТАЯ КРЫНІЦА
апавяданьне
Блізу абеду, дзесьці а палове на дванаццатую, Лёнька Манчак выцягнуў з кішэні зашмальцаваныя рублі, таропка, мылячы вуснамі, пералічыў і памружыўся на столь, прыкідваючы, ці застанецца што на закусь.
— Хлеба вазьмі, ды кілек якіх, — падаў голас загадчык сельгасаддзелу Сазановіч – самы ўпіты работнік рэдакцыі, — і Лёнька падхапіўся на ногі.
Каб не патрапляць на вочы рэдактару, кабінэт якога месьціўся насупраць іхнага аддзелу і быў заўсёды адчынены, Лёнька вырашыў лезьці на двор праз адчыненае вакно. Пацягнуў просвы, бразнуў шыбаю, зьвесіў долу ногі і зьнерухомеў, аблашчаны сонечнымі промнямі.
“Божухна, цэлы месяц адпачынку!” – падумаў малады журналіст, боўтаючы нагамі ў паветры, і калі паехаў азадкам па падвоканьні, зьбіраючыся скокнуць на кветнік, за сьпінаю рыпнулі дзьверы і пачуўся незадаволены голас Мацьвіевіча:
— Манчак, зайдзіце да мяне.
У гэты момант Лёнька ўжо вісеў на руках і мусіў, сьлізгаючы па сьцяне мыскамі паўкедаў, лезьці назад у кабінэт.
— Цікуе, сволач, — прамовіў, густа дыхнуўшы перагарам, Сазановіч, калі за рэдактарам зачыніліся дзьверы.
Лёнька ўздыхнуў і скалелымі ад трывогі далонямі абабіў нагавіцы.
— Ну, што за фокусы? Чаму вісьнеш, як смаркачына на плоце? – Мацьвіевіч зацягнуў ямчэй квяцісты гальштук, перагарнуў настольны каляндар.
— Асадка выпала… хацеў падняць.
— У Сазановіча ўвесь час асадка выпадае, цяпер у цябе. Мне што, барану пад вокны пакласьці?
Рэдактар выпнуў грудзіну, зь дзяржаўнай суворасьцю зірнуў на падначаленага.
— У цябе калі адпачынак?
— Ды вось…. з панядзелку, — Лёнька вінавата пацёр далоні.
— Трэба зьезьдзіць у камандзіроўку…
— Іван Іванавіч, — плаксіва выдыхнуў падначалены, — я ўжо й бацькам патэлефанаваў… і квіток узяў.
— Нічога, квіток і здаць можна. Каго ж мне яшчэ пасылаць? Кальмаеў у адпачынку. У Курыльчыка жонка ў раддоме. Хто застаўся? Сазановіч? Дык той яшчэ на вакзале нап’ецца. Карацей, зьлётаеш у Азярышча. Сто пяцьдзесят кэмэ дарогі: за два дні, думаю, управісься. Дый тэма твая: атэістычнае выхаваньне, — рэдактар раскрыў зялёную тэчку, пасьлініў палец, зьбіраючыся перагарнуць паперы, але патрэбны дакумэнт быў перад вачыма. – Ліст прыйшоў… з абкаму партыі. У Азярышчанскіх ваколіцах пачала біць “сьвятая” крыніца. Два паралітыкі ачунялі, бясплодная баба нарадзіла… Едуць туды і зь бітонамі, і зь вёдрамі… Карацей, трэба даць разгорнуты матэрыял на гэтую тэму. Пагамані зь людзьмі, сустрэнься з галоўным лекарам тамтэйшай больніцы. Хай патлумачыць – з мэдычнага гледзішча, — чаму хворыя ачуньваюць… І запомні: матэрыял на кантролі абласнога камітэта партыі! – апошні сказ рэдактар прамовіў, калі Лёнька ўжо выходзіў з кабінэта.
Сакратарка Нюра – фарбавана-парфума-наманікюраная саракоўка — выпісала камандзіроўку, доўга хукала на пячатку.
— Не сумуй, Лёня. Выйдзеш з адпачынку на два дні пазьней. Зараз якраз дажджы абяцалі.
Лёнька пачухаў падбародзьдзе, спытаў нумар вакзальнай даведкі, а сакратарка, выдыхнуўшы ў адказ: — Цягнік а дзясятай раніцы, — закалаціла пальцамі па клявішах, друкуючы справаздачу з сэсіі абласнога савету.
Пасьля працы яны ўтрох – Манчак, Сазановіч ды рэдакцыйны фатограф Кенька, — завіталі ў павільён “Піва-воды”, узялі па кухлю “жыгулёўскага”, і Лёнька, азірнуўшыся на бокі, выцягнуў з нутраной кішэні пінжаку пляшку гарэлкі.
— Ты хоць бы камплімэнт калі сказаў, — азваўся Сазановіч, захоплена паціраючы рукі. – Кожны дзень завіўку робіць, пальцы на нагах фарбуе, а ты і ў той бок не глядзіш. – Размова ішла пра рэдакцыйную сакратарку.
— Пераб’ецца, — адказаў Лёнька і адвёў убок чуйны нос: ад Сазановіча пёрла сцакамі.
— Дарма-а, — сьпеўна прамовіў загадчык сельгасаддзелу, — я б на тваім месцы… — хвіліну бяседнік думаў – як скончыць фразу, але нічога не прыдумаў: глынуў сьліну і ў два глыткі выпіў паўшклянкі гарэлкі.
— А куды камандзіроўка? – запытаўся фатограф Кенька, выціраючы з барады піўную пену.
— У Азярышча. Там нейкую “сьвятую” крыніцу знайшлі, дык трэба выкрывальніцкі артыкул напісаць.
— Слухай, йоп… у мяне ж у Азярышчы цешча жыве… ад першага шлюбу, — усхапіўся Сазановіч. — Можаш у яе спыніцца. Нічога такая бабуля, з інтэлігентаў… праўда, крыху таго… — Сазановіч крутнуў пальцам ля скроні.
— А што зь ёю? – пацікавіўся Кенька, выцягваючы кішкі з вэнджанай скумбрыі.
— Ды так… загаворваецца. Кажа, да прыкладу, што… — Сазановіч азірнуўся, прытуліў голаў, савецкая ўлада да 2000 году не дажыве.