З крэслам-гушкалкай, што праўда, давялося папоркацца. Ён нават хадзіў да Марынчыных суседзяў – узяў пару патрэбных шрубаў. Калі ж крэсла было адрамантаванае – рамантаваў на двары, бо бабуля, як шапятнула ўнучка, не любіла грукату, — хітнуў яго на поўную амплітуду.
— Сядайце, юная багіня, — мовіў зь дзіўнай для сябе сьмеласьцю, і калі Марына села і прамовіла: — Клясна! – ён адчуў сябе напоўніцу шчасьлівым чалавекам.
Быў ужо адвячорак, і гаспадары прапанавалі застацца на начлег. Бабуля наагул была негаваркая, але тут падала голас:
— Куды ж вы пойдзеце? Кладзіцеся на гарышчы. Там у нас сена для казы.
Госьць дзеля прыліку адмаўляўся, казаў, што замовіў нумар у гасьцініцы, але пачуўшы, што на гарышчы свойчас любіў спаць Мішка Сазановіч, з робленым уздыхам пагадзіўся.
Даўно не пачуваў ён сябе так вольна, так утульна, як у гэтай прысадзістай (выцягні руку – кранесься столі) хаціне. І пакуль Марына завіхалася на кухні, гатуючы вячэру, Лёнька крадком, каб, ня дай Бог, не патрывожыць бабулю, прайшоўся па сьвятліцы, памацаў карэньчыкі старых, ня йначай, дарэвалюцыйных кніг на паліцы, крануў струну пашарпанай гітары, якая вісела на сьцяне, і душу ягоную апанавала пякучае жаданьне зараз жа сесьці за стол і напісаць, ад пачатку да канца, матэрыял пра Азярышчанскую крыніцу. Змагацца з такім жаданьнем не было сіл, таму ён папрасіў у Марыны аркуш паперы і прысеў да стала.
“Погаласкі аб “сьвятых” крыніцах, якія здавён часу разьдзімаюць царкоўнікі, спароджаныя рэдкімі фактамі “цудадзейнага” вылячэньня. Раз-пораз у асяродзьдзі нешматлікіх сёньня вернікаў распаўсюджваюцца чуткі пра тое, як кульгавы ад нараджэньня чалавек, каўтнуўшы “сьвятой” вады, адкідвае ў бокі мыліцы і скача гапака; як разьбітая паралюшам дзяўчына панурвае ў крыніцу нерухомыя ногі ды неўзабаве скача на пару з кульгавым; як бясплодная кабеціна, прыпаўшы да вады, тут жа, без удзелу мужа, цяжарыць. Апошнім часам месцам падобных “цудадзействаў” стала крыніца ў пасёлку Азярышча, куды і выправіўся днямі наш карэспандэнт”.
Лёнька перачытаў прэамбулу, адкінуўся ў крэсьле і нечакана заўважыў, што бабуля адсунула ўбок фіранку, якая закрывала ложак, і неадрыўна глядзіць яму ў сьпіну.
— Унучка казала, у газэце працуеце.
— Ну так… — зь неахвотаю вымавіў госьць, фізычна адчуваючы, як зьнікае з душы творчае натхненьне.
— І пра што даводзіцца пісаць?
— Ды так… пішам розную лухту.
— А навошта пішаце?
— Як чаму? Нам жа за гэта грошы плацяць, — прамармытаў малады журналіст з ноткамі абурэньня.
Ён чакаў новых пытаньняў, але бабуля моўчкі, зморанай рукой, паклікала яго да сябе. Лёнька падняўся, падышоў да ложку.
— Дайце руку.
Бабуля ўзяла яго за цэўку рукі, спытала – як ён сябе пачувае, а потым, гукнуўшы: — Налі Леаніду мёду! – узяла другую руку і ціха дадала: — Не, мёд не дапаможа.
— Ежа на стале! – крыкнула Марына, і госьць, даўшы веры Мішкавым словам, што бабуля “з бзікам”, пайшоў у кухню.
Ноччу ён ляжаў, закінуўшы рукі за голаў, і неадрыўна пазіраў на вясёлкавую зорку, якая мігцела ў шчыліне між дошак.
“Дзіўны сьвет, і дзіўныя ў ім людзі”, — думаў той хвіляй Лёнька Манчак, шчасна, аднымі вуснамі, пасьміхаючыся ў цемры. Яшчэ раніцою ён сядзеў у рэдакцыі і пісаў справаздачу аб сэсіі абласнога савету, а цяпер вось ляжаў на гарышчы чужой хаты, глядзеў на далёкую зорку ды слухаў цвыркуна, што абзываўся з капы сухой канюшыны. За дзень Лёнька добра-такі стаміўся, на павекі наляцела была імклівая дрымота, ды тут жа і адляцела, гнаная бязладнымі думкамі пра дзяўчыну і яе бабулю. Гэтыя дзьве істоты ўбіліся ў душу, напоўніўшы яе мяккім сьвятлом і сьвежым паветрам. Лёнька ўяўляў залацістыя кудзеркі на тонкай дзявочай шыі і яго не пакідала адчуваньне палёту. А на мяжы палахлівага сну, адчуў раптам, што правальваецца цёмную пройму, на дне якой варушылася штосьці яшчэ больш цёмнае і няўцямнае. Лёнька прыхапіўся, улякнута падкурчыў ногі. У адчыненым паддашкавым акне паўстала Марына з абярэмкам пасьцельных прыладаў. Мільгнула белая сарочка, з шумам упаў цюфяк, узьнялася і ціха легла долу прасьціна.
— Душна ў хаце. Прывыкла на сене спаць… — яшчэ хвіліну ў дальнім канцы гарышча шамацела канюшына, а потым усё аціхла.