— Пятровіч… памянуць вырашылі, — роблена-плаксівым голасам вымавіў Кенька.
— Каго яшчэ? – перакрывіўся рэдактар.
— Мішку Сазановіча… сястра ягоная ліста надаслала…
— Што, пад цягнік патрапіў? – Леанід Пятровіч адарваў плячук ад вушака.
— Ты што ўжо, ведаеш? – Кальмаеў праглынуў, нарэшце, недажаванае едзіва, а Кенька разгарнуў складзены ў столку ліст.
— Сунуліся па шпалах зь нейкім сябрам. Выпіўшы, вядома. Сябар адскочыў, а Мішку цеплавозам… на мязгу, — Кенька крэкнуў, узьняў на шэфа ўмольна-п’янаватыя вочы.
Мішку Сазановіча немаведама калі звольнілі з рэдакцыі і на яго даўно забыліся, пагатоў, жыў ён недзе ва Ўкраіне. Але галоўнага рэдактара, як адзначылі падначаленыя, Мішкава сьмерць дарэшты засмуціла і ён нават зьмяніўся з твару. Нэрвова страсянуўшы пальцамі, Леанід Пятровіч пастаяў хвіліну, нібыта згадваючы штосьці, паляпаў па сьпіне Віцьку Філімонава – той сядзеў нерухома, увабраўшы голаў у плечы, — і кіўнуў Кеньку.
— Налі… глыток.
Пакуль усе трое кідаліся даставаць закуску, Леанід Пятровіч выпіў адным глытком гарэлку, выцер вусны, выйшаў ў калідор.
— Леанід Пятрові-іч… бюро абкама-а, — сьпеўна прамовіла сакратарка Нюра, пабачыўшы шэфа.
— Ведаю, — буркнуў шэф, падышоў да стала, абапёрся на яго абедзьвюма рукамі. – Выпішы мне камандзіроўку… на два дні.
Сакратарка схапіла яго за руку, міргнула рэдкімі, неахайна падфарбаванымі вейкамі.
– Прыйдзеш сёньня?
Леанід Пятровіч рашуча вырваў руку, рушыў у свой кабінэт. Там ён прайшоўся з кута ў кут, паправіў, займаючы сьвярблівыя рукі, партрэт Гарбачова на сьцяне. Яго ўсхвалявала зусім не бабульчына прадказаньне. Душу кальнуў, ды не… навылёт працяў халодны дакор. Колькі часу прайшло (пальцы па чарзе зварухнуліся, налічыўшы восем гадоў), а ён так і не завітаў у бабульчыну хату, не пацікавіўся – ці жывая гаспадыня.
Стоячы пасярод кабінэту, ён згадаў сябе самога: закаханага, дарэшты выпетранага хваробай маладзёна. Тады, вярнуўшыся праз тыдзень з камандзіроўкі, ён, вядома ж, адразу падкаціўся да Сазановіча, стаў пытацца пра Марыну, і загадчык сельгасаддзелу, састроіўшы прыязную гімору, паведаміў: — Э-э… Лёня… Гэтая краля не для цябе. Дый маладая яшчэ. – У той момант, упершыню ў жыцьці, ён адчуў сваю нікчэмнасьць і спустошанае нутро ягонае напоўнілася змрочнай, дзягцярнага колеру, крыўдай. І ўсё адно, нават з крыўдай у душы, ён мерыўся наведаць Азярышча, бо паабяцаў бабулі адрамантаваць, на пару з Сазанавічам, дах бабульчынай хаты. Ды Сазановіча неўзабаве звольнілі з працы, той зьехаў на Данбас, а аднаму яму ехаць не выпадала…
Высьвятляючы, ці выпісаная камандзіроўка, Леанід Пятровіч вытыркнуў голаў з кабінэту, а пабачыўшы, што сакратарка неадрыўна глядзіць у акно і ўсхліпвае, са злосьцю на сябе самога прашаптаў:
— Як мне абрыдлі гэтыя любошчы!
За мутным вагонным акном рыскамі гіганцкай лінаркі плылі прыдарожныя слупы. Ён сядзеў ў напаўпустым вагоне, глядзеў на панылы краявід, які сплываў у невараць, і калі заплюшчваў вочы, бачыў адно і тое ж: рухавы пэрон, бялявую дзяўчыну і рудога сабаку, які бег за вагонам, спрабуючы ўгледзець у сініх вокнах дабрадзея, які частаваў яго пончыкамі. Ён расплюшчваў павекі, глядзеў на прыдарожныя слупы і ў думках поркаўся ў кучы пражытых дзён. Доўгая й нудотная сувязь зь Нюрай – дзябёлай, на 15 гадоў старэйшай ад яго кабетай, развод з жонкай, п’янкі з абкамаўцамі, перадавыя, пісаныя на хворую галаву, артыкулы пад назваю “Перабудову пачні зь сябе!”, – усё было ў гэтай бязладнай шэрай кучы. І калі ў ёй і было штосьці сьветлае, дык гэта сустрэча з працятай сонечным сьвятлом дзяўчынай, якая восем гадоў таму сьпявала яму песьню пра Мішэл.
“Бабуля, няйначай, даўно памерла. Ужо тады была кволай. А Марына, відаць, скончыла сваю кансэрваторыю, езьдзіць з канцэртамі. Цікава, ці выйшла замуж?” – цягнік страсянула, заматляла на стрэлках і ён стукнуўся скроньню аб шыбу. “А раптам яна тут, Азярышчы?! Прыехала адпачыць у бабчынай хаце”, — вочы, падганяючы цягнік, пералічылі некалькі слупоў і сэрца зайшлося ад салодкага болю.
Маладая, з чэзлымі кучаравінкамі на галаве, буфэтчыца наліла шклянку гарбаты.
— Тут калісьці сабака бегаў… Ваўчок. Можа бачылі? – гарачы напой абпаліў паднябеньне.
— Я першы тыдзень працую, з сабакамі пакуль не перазнаёмілася, — са зьдзеклівымі ноткамі адказала дзяўчына. – Што-небудзь яшчэ браць будзеце?
Сабачы век кароткі. А ён пытаўся пра сабаку, які бегаў тут восем гадоў таму. І рабіў гэта з панурай сур’ёзнасьцю.