На пячной ляжанцы адчайдушна хроп яе муж – кадыкасты, па-брэжнеўску густабровы здаравяка. Печка была напалена як домна, я ляжаў, накрыты адной прасьцінай, а гэты храпун штоначы ўзьбіваўся на самую гарачынь ды яшчэ спавіваўся старым кажухом.
— Ну і храпе, — раз-пораз выдыхала Сабіна. — Мне карцела сказаць штосьці ў адказ, але я не адважваўся. А яшчэ мне карцела падысьці да жанчыны, сьцягнуць зь яе коўдру і зь пяшчотнай павольнасьцю правесьці рукою па малочна-белым сьцягне. Разумеў, што ніколі не зраблю гэтага, але палкая фантазія не давала спакою і зганяла сон з павекаў.
Я толькі трэцюю ноч спаў у хаце, на старой лаве, якую гаспадары называлі тапчанам. Дагэтуль мы з Лозкам, старастам групы, месьціліся на вэрандзе. Тры дні таму Лозку – студэнту-пераростку, які пасьпеў ужо адслужыць у войску, заехалі вязанкай лёну, самым камлём, у вока, і ён паехаў дадому, бо вока пачырванела ды пакрылася блакітнай плеўкай. Якраз таго дня ўдарыў мароз і гаспадыня прапанавала начаваць у хаце, на драўлянай, паточанай шашалем лаўцы з выразанымі на прыслоне загадкавымі літарамі “НКПС”. Я доўга маракаваў – што б яны маглі азначаць. І толькі калі даведаўся, што лаўку прыцягнулі калісьці з разбомбленай немцамі чыгуначнай станцыі, уцяміў: гэта было майно Народнага камісарыяту шляхоў зносінаў.
Гаспадар меў прозьвішча Кірпіч – з націскам на першы сказ. Кірпіч быў сугнеем; ён і са мной амаль ніколі не размаўляў. Толькі аднойчы спытаў, насупіўшы кудлатыя бровы: калі мы, студэнты, зьедзем да хаты. Праўда, да Лозкі ён ставіўся больш лагодна: распытваў пра службу ў войску. Аднаго разу яны нават выпілі на пару пляшку гарэлкі.
Таго дня, як стараста пашкодзіў вока — мы з Лозкам закідвалі лён у пуню — да нас пад’ехаў на кані калгасны брыгадзір.
— Ну, як там вам, у Кірпіча? – прозьвішча было прамоўлена з націскам на апошнім сказе.
— Нармальна! – крыкнуў Лозка, завіхаючыся з калянымі вязанкамі, і брыгадзір, ссунуўшы з патыліцы на нос кепурку-васьміклінку, жартам папярэдзіў:
— Сабіна ягоная… любіць маладых хлопцаў. Толькі ж вы да яе не чапіцеся. А то Кірпіч раўнівы. Аднойчы ў іх салдат быў на пастоі, дык ён яго зьбіў на горкі яблык. Два гады потым на Аршанскай зоне адбухаў.
Жарцік запаў у душу і калі адвячоркам, праводзіўшы Лозку на аўтобус, я вярнуўся на вэранду, думкі мае апанавала жанчына, прыглушаны голас якой гучаў за сьценкай…
А ўчора ўначы гаспадыня папраўляла падушку і незнарок адхінула край шторы, якая аддзяляла ложак ад сьвятліцы. Праз шчыліну, у шэрым прыцемку, я ўгледзеў малочна-белае сьцягно, такі ж белы, трохі пукаты жывот і кроў гарачай хваляй апякла твар.
Вось і цяпер мне мроілася малочна-белая пляма, мроілася, што Сабіна лашчыць свае сьцёгны рукою – я памкнуўся ўцяміць – сон гэта, ці ява, і нечакана прачнуўся ад зацятага сабачага брэху. Гаспадарава Жучка, істота крывалапая і куртатая, брахала з рыкам, стогнам і прагавітай нянавісьцю.
— Ну до табе ўжо, до… — азвалася за шторай Сабіна. – Яна хацела тым самым абудзіць мужа, але той адно храпянуў спрасонку.
Жучка, нібыта пачуўшы гаспадыню й сапраўды змоўкла, але толькі на імгненьне. Неўзабаве зноў забрахала, але цяпер ужо з жаласьлівым скавытаньнем.
— Мішка! – голасна выдыхнула жанчына і на ляжанцы заварушыліся.
— Чаго табе?...
— Ты што, ня чуеш як сабака заходзіцца? Можа ваўкі блізка?
Гаспадар мацюкнуўся і глуха, відаць, з галавой захінуўшыся кажухом, адказаў:
— Тут бы на ўсю вёску галас стаяў. А так толькі Жучка брэша… суседзкія не дапамагаюць.
— А можа шашок у хлеў убіўся?
— Сьпі ты, шашок… Курэй жа не чуваць…
Я стаў углядвацца ў вакно, спрабуючы па руху зоркі вызначыць – ці доўга спаў, і нечакана, скрозь сабачы брэх, пачуў дзіўныя зыкі. На двары, каля плоту, штосьці глуха гуло і шаргатліва цёрлася аб штыкеціны. За час кватараваньня я добра вывучыў гукі Кірпічовага жытла. Ведаў – у якім месцы рыпаюць масьніцы, дзе сьпявае цвыркун і ў якім баку шоргае вецьце аб сьцену хаты. Пачуты зык быў невядомы, нават злавесны. Сабіна, відаць, таксама пачула дзіўны шоргат і наструніла слых. Вецер дзьмухнуў з новай сілай, зык паўтарыўся, прычым, цяпер штосьці настойліва шарканула па страсе, і гаспадыня з пярэпалахам у голасе прашаптала:
— Міш…
Гаспадар адразу адгукнуўся, голасам дрогкім і шапятлівым:
— Чую, чую…
— Выйдзі, паглядзі – што там…
Гаспадар ладны час ляжаў бяз дыху і без руху, і толькі калі па страсе шкрабанулі як мае быць, бязгучна споўз зь ляжанкі.