Іван Андрэевіч адышоў ад люстра, нетаропкай хадою, сюд-туд здароўкаючыся са знаёмцамі, рушыў па калідоры.
Загадчыца агульнага аддзелу Зінаіда Станіславаўна, ладнага веку, але па-ранейшаму прыгожая жанчына, абагнала іх, тыцнула паперкі з парадкам дня паседжаньня.
— Та-ак, мы стаім пятымі, – Іван Андрэевіч азірнуўся на Гардыку, мімаходзь парукаўся (— Добрага здароўечка!) са старшынём абласнога выканкаму Казьленям. – Галоўнае, Міша, не хвалюйся. І кажы па сутнасьці. Бацька ня любіць вады…
Нечакана, аднекуль з бакавых дзьвярэй, у калідор выйшаў той самы Бацька – першы сакратар абкаму партыі Андрэй Пятровіч Дзяшчэня, — і Йван Андрэевіч, наструніўшыся, падцягнуў вузел гальштука.
Паседжаньне доўжылася трэцюю гадзіну, і Бацьку даводзілася раз за разам стукаць асадкай па стале, патрабуючы цішыні.
— Так, таварышы… разгледзем яшчэ адно пытаньне – і пойдзем на абед. — Бацька насунуў на нос гламаздаватыя, з тоўстымі шкельцамі акуляры. – “Аб мерах па разьвіцьці авечкагадоўлі ў Верхнядрысенскім раёне”, — першы сакратар зрабіў паўзу, зірнуў паўзьверх акуляраў у залю. – Дакладаюць таварышы Антанюк і Гардыка.
Іван Андрэевіч падхапіўся на ногі, з вайсковым спрытам абцягнуў пінжак.
— Верхнядрысенскі райкам партыі надае вялікую ўвагу разьвіцьцю сельскагаспадарчай вытворчасьці, падвышэньню яе эфэктыўнасьці. У прыватнасьці, мы акцэнтавалі сваю ўвагу на разьвіцьці такой, скажам шчыра, занядбанай галіны, як авечкагадоўля. Між тым, гэтая галіна дае ня толькі каштоўную воўну, аўчыну і высокакалярыйнае мяса, але й…
Бацька шматзначна кашлянуў, Іван Андрэевіч прамармытаў: — Я разумею, — каторым ужо разам паправіў гальштук:
— Канкрэтна пра нашы пляны распавядзе загадчык сельгасаддзелу таварыш Гардыка Міхал Ільліч.
Рудая Мішкава галава ўзьнялася над моўніцай, паперы крануліся мікрафону, той зафаніў, прыкрым зыкам драпануўшы па нэрвах.
— Таварышы члены бюро абкаму, шаноўныя прысутныя! – голас Мішкавы зьлёгку дрыжэў ад хваляваньня. — Намі падрыхтаваны канкрэтны плян мерапрыемстваў з усімі выкладкамі, але, з-за недахопу часу, я спынюся толькі на асноўных момантах… Усе вы ведаеце, што авечкагадоўля вымагае…
— Ня варта казаць пра тое, пра што мы ўсе ведаем, — перарваў прамоўцу старшыня выканкаму Казьленя, і Бацька, на знак згоды, кіўнуў галавой.
— Добра, я буду канкрэтным, — Мішка ўздыхнуў, пашукаў вачыма Івана Андрэевіча. – На поўначы нашага раёну знаходзіцца вялізнае Ўсвайскае возера, а на ім востраў плошчаю 500 гектараў. Востраў незаселены і ў гаспадарчым сэнсе, як і наша авечкагадоўля, занядбаны. Я на мінулым тыдні наведаў тую мясьціну. Дык вось, травастой там ў чалавечы рост. Калісьці на востраве жылі людзі, і сёньня на месцы культурных палеткаў красуе поле самасейнай канюшыны. Узьнікае пытаньне: а чаму б не зрабіць там, умоўна кажучы, летні адкормачны пункт? Запусьціў яе, жывёлу, з канца красавіка – і хай сабе пасьвіцца. Пры гэтым ня трэба ніякіх пастухоў, ня трэба падвозіць ваду, дый праблема крадзяжу жывёлы практычна зьнікае. Увосень частку пагалоўя можна б было перавесьці на зімовае ўтрыманьне. Тут таксама праблемы няма, бо ў нашым прыбярэжным калгасе “Ўсвайскі” чатыры жывёлагадоўчыя фэрмы стаяць пустыя.
Пачуўшы пра пустыя фэрмы, Іван Андрэевіч зашоргаў нагамі па падлозе, удакладніў зь месца:
— Не чатыры, а адна.
У залі заварушыліся, закашлялі, і Бацька зноўку пастукаў асадкай, цяпер ужо па графіну.
— Я таксама бываў на востраве, — азваўся Казьленя. – Ад пасёлку Ўсвай яго аддзяляе два кілямэтры вады. Як жа вы зьбіраецеся перапраўляць скаціну? На лодках? І яшчэ… памятаеце, гадоў дваццаць таму паспрабавалі было гадаваць качак на браслаўскіх азёрах. Казалі: ніякага корму ня трэба, будуць сілкавацца азёрнымі глеямі. І што атрымалася? І возера запаскудзілі, і качкі перадохлі. Так што тут варта добра падумаць.