— Я ў маладосьці таксама кніжкі чытаў, — выдыхнуў Іван Андрэевіч, плюхнуўшыся на сядзеньне, — Цяпер другое ў галаве…
“Колькі там на паром? Пару кубоў дошак хопіць? Потым… трэба замовіць цэглы для рамонту фэрмы, выбіць вагон камбікорму, паставіць павеці, каб авечкам было дзе ад дажджу хавацца… гэта яшчэ кубо-оў…” — прыкідваючы, колькі дошак спатрэбіцца, Іван Андрэевіч п’янавата пазяхнуў. “Усё ж такі гэты Гардыка спраўны малец. Дарма, што не дае спакою з рознай лухтой”.
Душным летнім вечарам Мішка Гардыка ляжаў на канапе і неадрыўна глядзеў на прастакутнік вакна. Гадзіньнік паказваў палову восьмай, а неба ўжо было непраглядна-шэрым; па ім ляцела ашмоцьце дымнай смугі, і гэта абяцала навальніцу. На грудзіне Мішкавай грувасьцілася важкая таміна. Назва сьцерлася з вокладкі, але для цікаўных паведамім, што гэта была ўзятая ў абласной бібліятэцы “Авечкагадоўля” пад рэдакцыяй Есавулава і Літоўчанкі. Таміна калыхалася ў тахт парывістаму Мішкаву дыханьню і была разгорнутая на разьдзеле “Хваробы”.
Тры гады таму, як канчаў сельгасакадэмію, хваробы парнакапытных яго ня надта хвалявалі. Хаваючы ў далонь позех, ён занатоўваў лекцыі, без асаблівага імпэту сядзеў у лябараторыях, яшчэ з большай неахвотаю здаваў вытворчую практыку. А вось цяпер, прачытаўшы пра гнойныя афты, ліхаманку і паразу крывяносных судзінаў у парнакапытных, не на жарты расхваляваўся. Хваляваўся ён, вядома ж, за авечак, што пасьвіліся на востраве. Як яны там, без дагляду? А як возьмуць ды захварэюць? З каго спытаюць за паморак? З таго п’янчугі, што завіхаецца ля парому, падводзячы кармы? Калі што надарыцца, адказваць давядзецца асабіста яму, Мішку Гардыку, прычым, па поўнай праграме.
Мішка падняўся з канапы, падышоў да вакна і на даляглядзе, поўнячы душу халоднай трывогай, бліснула першая маланка.
А тым часам, як шуганула бліскавіца, і па вадзе чорнымі гузікамі заскакалі кроплі дажджу, да берагу бязьмежнага Ўсвайскага возера падышлі тры панурыя ваўкі. Яны прыбеглі з суседняй Латвіі і, задзёршы пысы, доўга нюхалі паветра. На сваім ваўчыным вяку ім даводзілася часьцяком пераплываць рэкі і нават невялічкія азярыны. Аднак тут, каб пажывіцца баранінай, галавакружны пах якой далятаў з супрацьлеглага берага, трэба было плысьці немаведама колькі. Ваўкі разам аблізнуліся, і адзін зь іх, старэйшы, дарэшты схуднелы – нават драбы тырчалі з-пад поўсьці – забег у кусты, некалькі разоў, як гэта робяць сабакі, крутнуўся на месцы і лёг, тыцнуўшыся носам у хвост. Неўзабаве непадалёку скруціліся абаранкамі й ягоныя спакрэвічы. Ваўкі вырашылі дачакацца ночы.
Наступны ранак, як гэта бывае пасьля начной навальніцы, выдарыўся сонечным і навылёт празрыстым. І ўсё ж трывога за лёс племяннога статку не адпускала, і Мішка, падпільнаваўшы шэфа ў райкамаўскім калідоры, папрасіў таго даць машыну.
— Ва Ўсвай сабраўся? – Іван Андрэевіч шыбаваў па калідоры, на хаду гартаючы жмутак папераў. – У мяне на шыі трыццаць чатыры гаспадаркі, дзесяць камбайнаў стаяць неадрамантаваныя, а ты тут дзяўбеш голаў нейкім статкам. Едзь вунь у “Аблсельгастэхніку”, запчасткі даставай. — Іван Андрэевіч на імгненьне спыніўся, ужо лагодным тонам дадаў: — Ну што ты, далібог, расхваляваўся? Нічога з тымі авечкамі ня здарыцца. А здарыцца што – Балабошка з пасады зьляціць, пагатоў, ужо і заява напісана.
Калі прымалі рашэньне аб арганізацыі авечай гаспадаркі, адказным за пагалоўе прызначылі старшыню калгаса “Ўсвайскі” Балабошку. Праўда, сам старшыня ад гаспадаркі той рашуча адбіваўся і нават падаў заяву аб сыходзе на пэнсію.
— Так што, Міша, кідай свае выбрыкі і займіся запчасткамі. А ва Ўсвай выхаднымі днямі зьезьдзіш; адпачнеш, пазагараеш. Я табе з такога выпадку нават свой японскі сьпінінг пазычу.
Іван Андрэевіч згадаў пра адпачынак мімаходзь, паўжартам, але падначалены ўспрыняў гэта як дырэктыву і ў суботу, яшчэ дасьвецьцем, выкаціў з дому спартовы ровар. Дарога да Ўсвая няблізкая, дваццаць пяць кілямэтраў, ды Мішка так націснуў на понажы, што празь дзьве гадзіны ўжо стаяў на ўзгорку, захопленымі вачыма пазіраючы на блакітны, шызаватай смугой крануты прасьцяг. Усвайская возера гуляла ўсімі сваімі фарбамі, адбірала вочы, а леваруч, пад белай аблачынкай, падымаўся з вады пяшчысты востраў з чубком зялёнага лесу пасярэдзіне.
Сонца ўжо ладна прыпякала, і ехаць лукаватай праселіцай, у цяньку прыбярэжных кустоў, было праўдзівым задавальненьнем. Праселіца прыбівалася да самага берагу, але была сухой ды тупкай, і толькі ў адным месцы – там, дзе яе перацінала балоцістая ручаіна, — давялося ўскінуць ровар на плячук і скакаць па купінах, выбіраючыся на сухое. Пакуль Мішка скакаў, яго пакусалі камары, таму, ратуючыся ад заедзі, ён паехаў ля самага краю дарогі, падстаўляючы твар шаргатлівай альховай лістоце.