Выбрать главу

Ваўка не было бачна. Ляжаў, відаць, пад кустом ды цікаваў, калі няпрошаны госьць зьлезе з дрэва. Праўда, астыўшы мазгамі, Мішка вырашыў, што воўк і сам яго напужаўся.

— Ня будзе сытая ваўчара кідацца на чалавека, — прашаптаў дзеля самазаспакаеньня небарака, і яшчэ падумаў, што дапамогі чакаць не даводзіцца і рана ці позна трэба будзе злазіць долу.

Асіна – дрэва крохкае, таму спускаўся, аберуч трымаючыся за стаўбур, бо галіны абломваліся, і толькі намацаўшы пяткай ніжні тоўсты сук, вырашыў крыху адпачыць. Ён пасьпеў уздыхнуць, але не пасьпеў выдыхнуць, бо сук надламіўся і Мішка, махнуўшы наастачу рукамі, абрынуў у парослыя крапівою кусты. Спанталыжаны, з апечаным крапівою тварам, ён вылецеў з кустоў, сьпінай адчуўшы гарачы ваўчыны подых. Не разьбіраючы дарогі, Міхал Гардыка рынуў да лодкі, піхнуў душагубку ў ваду, і воўк, які бег сьледам, з адчаем забляяў. На беразе, убіўшыся па калена ў ваду, стаяў кудлаты маркач. Пыса ягоная была падзёртая, да рагоў пачапіўся хмель, а зь ніжняй губы зьвісала, кранаючыся вады, бліскучая асца.

— Пачакай, братка… не да цябе… — прасіпеў Мішка, увагнаў прыс у глей і той, высьлізнуўшы з рук, адразу ж аддаліўся, хістаючыся над вадою.

Мішка схапіў лапату, з адчайным імпэтам пагнаў душагубку да берагу. Ён не даваў спачыну цягліцам (два грабкі леваруч, два грабкі праваруч) і толькі аднойчы, на сярэдзіне пратокі, кінуў грэбсьці і поўнай жменяй плюхнуў на твар гаючай вады.

Лодка, запаволіўшы бег, зашамацела па прыбярэжным трысьці, уваччу мітусіліся чорныя мятлікі і сэрца грукала ў вушах, заглушаючы ня толькі навакольныя зыкі, але й думкі. Мішка плюхнуўся на гарачы пясок, заплюшчыў вочы. Лёгкі ветрык крануўся скроні, сэрца паволі суціхла і ён пачуў, як у вышыні, па-варонінаму зычна, крыкнула кагарка; як пляснула буйная рыба на мелкаводзьдзі; як крахтанула дзікая качка ў чаратах, і сонца, калі ён разьмежыў павекі, чорнай плямай здрыганулася ў нябесным прыціне.

Фарзун па-ранейшаму спаў на калёсах, адно зьмяніўшы паставу. Цяпер левая нага была сагнутая ў калене, а правая зьвісала долу.

Трэба было ў нешта апрануцца, бо вопратка засталася на востраве. На вешаку ў Фарзуновай хаце знайшоў зрэбную кашулю, выцьвілыя да белаты спартовыя нагавіцы. Насунуў на сябе ўсё гэта зрэб’е, падаўся на двор і, падумаўшы, сьцягнуў з храпуна каравыя сандалеты.

Ён ужо гнаў ровар з гары, ды раптам загамаваў, заклапочана і разважліва пацёр угрэты лоб. Адказнаму райкамаўскаму работніку ехаць ва Ўсвай у такім выглядзе ніяк не выпадала. Дый Балабошка, відавочна, выхадным днём дома не сядзеў. Адзінае, адкуль можна было пазваніць, гэта пошта. Але ж ня будзеш гарлаць пра ваўкоў у прысутнасьці чужых людзей. За ўцечку інфармацыі Антанюк можа і лупня даць. Адзінае выйсьце — ехаць у суседнюю Латвію. Пагатоў, да латыскага пасёлку Слабада, дзе яны з Балабошкам бралі гарэлку, нават бліжэй, чым да Ўсвая… Узьняўшы ўгору пярэдняе кола, Мішка павярнуў ровар у адваротны бок.

Дарога да Слабады, калі ехаць не гасьцінцам, а напрасткі, хаця й карацейшая, ды гіблая. Аж да самай латыскай мяжы – адны балоты, да таго ж пасечаныя мэліярацыйнымі канавамі. Так што давялося ня столькі ехаць, колькі прадзірацца скрозь кусты, цягнучы на плячы ўраз пацяжэлы ровар. І толькі ля самай мяжы выбіўся на гасьцінец, даў разгону, і з апалым сэрцам згадаў, што ня мае грошай. Яны засталіся ў штанах, якія вартаваў ненажэрны ваўчара.

“Раскажу ўсё як ёсьць… павінны дапамагчы… больш як на рубель не нагавару…” – з гэтымі думкамі, зыркнуўшы на дарожны паказальнік з надпісам “Slabada”, Мішка націснуў на понажы.

Між тым ненажэрны ваўчара і ня думаў вартаваць ягоныя порткі. Гэта быў мацёры воўк і, пабачыўшы чалавека, які пазначаў пад самым ягоным носам тэрыторыю, вомігам зразумеў, што неўзабаве на востраве зьявяцца людзі са стрэльбамі, і што трэба адсюль ліняць. Пра гэта, ваўчыным языком, ён і паведаміў сваім спакрэвічам. Праз паўгадзіны два ваўкі, укормленыя і пацяжэлыя, вытыркнуўшы з вады адны насы ды вушы, паплылі ў той бок, адкуль надоечы прыплылі. А маладзейшы яшчэ колькі часу стаяў на беразе, не разумеючы, чаму ён мусіць кідаць гэты ваўчыны рай, але, глянуўшы на вушы сябрукоў, што варушыліся сярод дробных хваляў, з неахвотаю, раз-пораз атрэсваючы пярэднія лапы, палез у ваду.

Хоць Мішка і ня ведаў латыскай мовы, ды ўбачыўшы шыльду “Pasta nodaļa”, выдыхнуў: — Тут, — і скочыў з ровару.

У невялічкім, прапахлым клеем і растопленым сургучом пакоі, сядзелі дзьве кабеты.

— Лабдзен! – выгукнуў Мішка, і адна з кабетаў – тая, што сядзела пад партрэтам Карла Маркса, крутнула ключ шуфляды. – У шуфлядзе, відаць, ляжала дзённая выручка.