— Я вам зараз усё растлумачу, — запабежліва пралепятаў наведнік, не пазнаючы ўласнага голасу. – Рэч у тым, што гэта не мая вопратка... – Мішка кашлянуў, але голас стаў яшчэ больш сіплым, — … мая засталася на востраве…
Зразумеўшы, што перад імі не рабаўнік, а вар’ят, жанкі пераглянуліся.
— Разумееце, на мяне напалі ваўкі… — ужо без ранейшага імпэту прамовіў Мішка Гардыка, і кабеты, а разам зь імі і Карусь Маркс (а мо’ гэта толькі здалося), стрымана пасьміхнуліся.
Хвілін дзесяць наведнік распавядаў – хто ён такі, і што зь ім здарылася, пасьля чаго папрасіў злучыць яго з Верхнядрысай.
— Грошай, праўда, у мяне няма. Але я вам заўтра прывязу…
— Заўтра нядзеля, мы не працуем, — азвалася адна з паштарак. — Мы вас злучым, але папярэдне спытаем дазволу ў начальства. Калі ласка, пачакайце ў двары…
Чакаць давялося доўга. Мішка спачатку сядзеў на лаве, потым прайшоўся вакол пошты, нарэшце, уявіўшы, як ваўчара загрызае чарговую ахвяру, расчыніў дзьверы і прасіпеў ад парогу:
— Ну, што там начальства?
— Ужо едзе! – быў адказ.
І сапраўды, непадалёку заляскатаў матацыкл і да весьніц, узьняўшы пылюку, падкаціў міліцэйскі К-750. Сэрца Мішкава абарвалася.
Сівагаловы міліцыянт зьлез з матацыкла, абабіў ад пылу форменнае галіфэ.
— Вашы дакумэнты.
Мішка разьвёў рукамі, пачаў, ужо дарэшты асіплым голасам, тлумачыць сытуацыю. Пачуўшы, што перад ім адказны работнік Верхнядрысенскага райкаму, міліцыянт пакасіўся на Мішкавы абутак, зь нетаропкай разважнасьцю прыпаліў папяросу.
— А ну… хто ў Верхнядрысе начальнік міліцыі? – міліцыянт з шумам выпусьціў дым.
— Як хто… Мандрык… Сьцяпан Пятровіч.
Міліцыянт адкінуў на патыліцу фуражку, выцер рукавом узмакрэлую лабаціну.
— Ну, а хто старшыня ўсвайскага калгасу?
— Балабошка… гэта ён і заваліў усю працу. Увосень на пэнсію выпраўляецца.
Вестка такая міліцыянта зьлёгку зьбянтэжыла. Ён крэкнуў, зьняў з галавы фуражку.
— Ну і сьпёка сёньня… Карацей, сядай на ровар і едзь за мной… што-небудзь прыдумаем.
Кабінэт участковага месьціўся ў двухпавярховай будыніне. Тут было прыцемна, прахладна і Мішка, сеўшы ў крэсла, адчуў страшэнную стому: балеў карак і ногі гулі як тэлеграфныя слупы. Міліцыянт доўга круціў тэлефонны дыск – тэлефанаваць давялося праз Рыгу, — суцішна мацюкаўся, нарэшце прасьвятлеў тварам і гучна выдыхнуў:
— Сьцяпан Пятровіч?! — трубка штосьці прабубніла ў адказ, а міліцыянт, пацёршы няголеную шчаку, з уздыхам прамовіў: — Ды якая там рыбалка… не да таго зараз… Слухай, тут да нас ваш чалавек завітаў… — міліцыянт прыціснуў далоньню слухаўку, таргануў галавой.
— Гардыка… Міхаіл Іванавіч, — падказаў Мішка, прыўзьняўшыся з крэсла.
— Гардыка Міхаіл… Дык вось, ён толькі што быў на востраве і ўзьбіўся там на ваўка. Так што бярыце стрэльбы, сабак, і тэрмінова выяжджайце на месца, — міліцыянт перакінуў трубку з аднаго вуха на другое. – Не, сам ён нічога сказаць ня можа… сарваў голас.
Яшчэ пару хвілін міліцыянт гаманіў па тэлефоне, дамаўляўся наконт рыбалкі, і Мішка, выцягнуўшы стамлёныя ногі, адчайдушна пазяхнуў.
Калі ён пад’ехаў да возера, сонца ўжо кацілася за небакрай і ад прыбярэжных кустоў на ваду леглі фіялетавыя цені.
Ля Фарзуновай хаты стаялі два “ўазікі”, а ля самага берагу завіхаліся нейкія людзі, напампоўваючы аўтамабільнай помпай гумовую лодку. Поруч, на траве, ляжалі дзьве дубальтоўкі, а вакол іх бегала, прыязна махаючы хвастом, вялізная аўчарка.
— Ды няма там ніякіх ваўкоў. Пальма іх за пяць кілямэтраў чуе. Калі б што – брахала б як апантаная, — Мішка пазнаў па голасе начальніка раённага аддзелу міліцыі Мандрыка.
Мішка спусьціўся да берага, падаў Мандрыку руку. Галоўны раённы міліцыянт быў пад хмяльком і не ў гуморы.
— Гэта што, латышы цябе так апранулі? – запытаўся Мандрык, і Мішка, кіўнуўшы ў бок вострава, сіпла працадзіў:
— Апранаху маю забярыце. На беразе ляжыць.
Мішка пайшоў да свайго ровару, падагнаў яго да “ўазіка”.
— Ну як там, у Латвіі, парадак? – гукнуў у сьпіну начальнік міліцыі.
— Парадак! Нездарма ўсе браканьеры да нас едуць.
Словы такія Мандрыку не спадабаліся. Міліцыянт штосьці буркнуў у адказ – Мішка пачуў толькі словы “малады яшчэ… старых павучаць”, — а потым незадаволена крыкнуў:
— Ну што вы, бляха, цялёпкаецеся?! Лодку напампаваць ня можаце?
Сонца ўжо ня грэла і Мішку страсянулі дрыжыкі. Прыхінуўшы ровар да машыны, ён залез у кабіну, падкурчыў ногі, лёг на праседжанае сядзеньне.
“Зараз страляць пачнуць”, — адно й пасьпеў падумаць, перш чым праваліцца ў трывожны сон. Перад вачамі пабеглі ўсплёскі вады – леваруч, праваруч, — і па неспакойнай вадзе зашнуравалі цені імклівых кагарак…