Выбрать главу

“Да сямнаццатага... — напісаў Зьмітрок, тыцнуў асадку ў каламар. “Сямнаццатага ці семнаццатага?” — падумаў хлопец, скасіў вока ў Ленчын сшытак, але суседка закрыла сшытак бібулай. Чэсь таксама памкнуўся зірнуць цераз Ленчын плячук, але атрымаў чытанкай па галаве.

— Выдатніца сраная, — буркнуў Чэсь, а Ленка, не азіраючыся, выдыхнула яшчэ больш абразьлівае: — Асаднік недабіты.

У Чэся па пісьму адны двойкі: беларуская мова яму даецца цяжка.

Рыплівае пёрка выводзіць слова “стагналі” і на паперы расплываецца невялічкая клякса. Зьмітрок незадаволена крывіцца, прыкусвае ніжнюю вусну, міжволі задумваецца над сэнсам напісанага. Цыба піша, што сяляне стагналі, але ж гэта лухта. Стагнала толькі іхная бабця Наста. Паўгода адляжала, хворая, на печы і памерла на яблычны Спас.

Пад драбы тыцнула асадка і Зьмітрок азірнуўся. Чэсь, што сядзеў за ягонай сьпінай, шматзначна таргануў галавой. Пудка ступаючы па рыпучай падлозе, хлопцы высьлізнулі з кляса, агледзеліся. Цётка Агата, відаць, выйшла на падворак: калідор быў пусты і браты, ня чуючы ўласных ног, падкраліся да дзьвярэй настаўніцкай.

— Вы тут всех знаете, а потому должны нам помочь, — басіў за дзьвярыма малодшы палітрук. У настаўніцкай чыркнулі запалкай, аддзьмухліся і вайсковец, нібыта згадаўшы пра штосьці, спытаў: — Да, кстати, сколько у вас детей осадников?

— Двое — мальчик и девочка, — адказала Цыба, — мальчик трудный... демонстративно ходит в польской шапке...

У настаўніцкай затупалі, дзьверы тузануліся (вайсковец, відаць, хацеў пераканацца — ці шчыльна яны зачыненыя), і хлопцы, страпянуўшыся, на цырлах пабеглі ў клясу.

Неўзабаве вярнулася і настаўніца. Была яна расчырванелая і ўсхваляваная.

— Заўтра, у сувязі з моцным марозам, заняткі адмяняюцца, — з робленай весялосьцю абвясьціла Цыба. Вучні радасна загарлалі, заляпалі вечкамі партаў, і толькі Чэсь ня выказаў радасьці: сядзеў, наструнены, з трывогаю пазіраючы на настаўніцу.

Ля местачковага клюбу, які па старой памяці называюць Народным домам — поўна народу. Гукае п’яныя песьні Яська Хадаронак — адзіны на ўсю акругу апівуда; гергечуць, зьбіўшыся ў кучу, старыя габрэі; пырхаюць на марозе коні. Ля плоту трашчыць сухімі карчагамі вогнішча — яго, відаць, распалілі вайскоўцы, а поруч з вогнішчам, аточаная з усіх бакоў цікаўнымі жанкамі, мазоліць язык Наста Амяльянчык — местачковая балаболка.

— Будзе як летась — усіх мужыкоў паберуць і на хронт адправяць, — сакатала Наста асіплым голасам.

— А куды ж гэта адправяць? — улякнута запыталіся ў натоўпе.

— Ну ў гэную... як яе...

— У Фінляндыю! — падказаў Чэсь і цёткі разам азірнуліся.

— Чаго бабіны плёткі слухаеце, вушы марозіце?! — адбіўся ад хлапечых сьпінаў зьвяглівы Наставы голас — хлопцы той хвіляй ужо беглі да траскучага вогнішча і Чэсь, тузануўшы брата за рукаво, каротка выдыхнуў: — Глянь!

Да клюбу, бойкай хадою, ішоў малодшы палітрук Сергіеня, а сьледам за ім, ціснучы да грудзей нейкія паперы, няўпэўненым крокам тупала Цыба.

— Па хатах ходзяць, падсабачнікаў зьбіраюць, — прасіпеў Яська Хадаронак, смачна плюнуў, і ўсе, хто стаяў поруч, зьнямела аціхлі. —Падсабачнікамі ў мястэчку называлі савецкіх актывістаў.

Палітрук з настаўніцай увайшлі ў клюб, і ў той жа міг на адкрытай клюбнай вэрандзе паўстаў чырвонаармеец з даўжэзнай вінтоўкай у руках. Чырвонаармеец хукнуў у далонь, ускінуў вінтоўку на плячо і востры багнет мякка ўехаў у нізкую столь. Уехаў даволі глыбока, бо ваяку давялося прысядаць, тузаць за рулю і гэта выклікала вясёлы сьмех дзятвы.

— Вот... щас яйцы вырежу! — крыкнуў ваяка, адкінуў крысо шыняля і падшыванцы — а іх было вакол як мурашак, — кінуліся ўроссып.

Зьмітрок з Чэсем таксама адбеглі, але недалёка. “Пужае, а ў самога, відаць, і ножыка няма”, — падумаў Зьмітрок, сьціснуўшы рукою тронкі сьцізорыка. Трохлязовы, са штопарам і шылам, сьцізорык, ён знайшоў летась на дарозе, і цяпер зь ім не разьвітваўся. Нават ноччу клаў пад падушку.

— Ну што, падшыванцы, зьмерзьлі? — пачулася з-за сьпіны, і паветра скалануў хваравіты кашаль.

Дзед Мартуль, у хаце якога кватаравала настаўніца, доўга, з усхліпам кашляў, нарэшце сумеўся, страсянуў галавою:

— Чаму ня ў школе?

— Адпусьцілі... з-за марозу, — адказалі падшыванцы і дзед дакорліва хмыкнуў.

— Хэк-х... за партай сядзець — холадна, а па вулцы гойсаць — цёпла?

Дзед ізноў кашлянуў, падчапіў кульбай зьмерзлы конскі яблык.

— Ну, а дзе лепей вучыцца — у польскай школе, ці ў гэнай... савецкай?

— У по-ольскай! — парна выдыхнулі хлопцы, — там каву давалі.