— Ну што, праспаўся? Камбікорма шмат прапіў? – рэзкі Мандрыкавы голас на імгненьне вырваў са сну. “Фарзуна ўшчувае”, — скрозь сон падумаў Мішка. Тым часам ён ужо ня плыў, а ішоў да выспы напрасткі, пры гэтым вада не даставала каленяў. Пад нагамі срэбнай луской бліскала рыба, пяшчотна краналася лытак, белыя кагаркі чыркалі крыламі па хвалях, а на востраве, па грудзіну ўбіўшыся ў ваду, яго чакаў кудлаты маркач. “Нарабілі бяды, падлюгі!” — крыкнуў маркач, і Мішка ізноў прачнуўся.
Нехта плыў на лодцы, крычаў здаля:
— Хлопцы яшчэ лічаць, але, думаю, галоў пяць-шэсьць зарэзалі!
— Дык можа гэта не ваўкі?
— Ваўкі… іхных сьлядоў поўна.
Мішка падняўся, правёў далоньню па прыспаным, прыпухлым ад крапівы твары і з радасьцю падумаў, што заўтра нядзеля і можна будзе дасхочу выспацца.
Ад самага ранку Івану Андрэевічу патэлефанавалі з вобласьці. Зычнагалосая Бацькава сакратарка, павітаўшыся, загадала адразу ж па абедзе прыехаць у абкам партыі.
— Калі, заўтра? – перапытаў першы сакратар.
— Сёньня! Андрэй Пятровіч прыме вас а трэцяй гадзіне.
— А па якім пытаньні? — спытаў быў Іван Андрэевіч, але тут жа, сумеўшыся, выдыхнуў: — Буду! – У размовах з абкамаўскімі сакратаркамі ня варта было задаваць лішніх пытаньняў.
Тэрміновы выклік у абкам усхваляваў Івана Андрэевіча. Халера яго ведае, дзеля чаго выклікаюць. Можа хто ананімку настрачыў? Апошнім часам разьвялося пісакаў. Сашчапіўшы рукі за патыліцай, Іван Андрэевіч задзёр галаву да столі.
“Можа Пецьку Халімону патэлефанаваць?” — апанаваны невясёлымі думкамі, Іван Андрэевіч пацягнуўся да тэлефону, зьняў трубку і доўга слухаў натужлівае гудзеньне.
Пецька хоць і сядзеў у Разьдзярышчы, але быў абазнаны ва ўсіх абкамаўскіх закалотах. Хадзілі нават чуткі, што ён інфармаваў Бацьку аб настроях у партыйным асяродку. Пачухаўшы пальцам сівую скронь, Іван Андрэевіч перадумаў тэлефанаваць, кінуў гудзёлку на вагар.
У разьлеглай прымальні было поўна народу: сабраліся, відаць, на нейкую нараду. Іван Андрэевіч падумаў ужо, што рушыць у кабінэт разам з усімі, але Бацькава сакратарка – вабная саракоўка ў дэкальтаванай сукенцы – акінула яго прыязным позіркам і стоена прашаптала:
— Заходзьце, вас чакаюць.
Бацька сядзеў за сталом, штосьці пісаў, а пабачыўшы наведніка, моўчкі кіўнуў на крэсла. Паставіўшы кропку, першы сакратар парукаўся з падначаленым.
— Чаму рукі халодныя? – запытаўся Бацька і падначалены, ня ведаючы, што адказаць, разгублена пасьміхнуўся.
Андрэй Пятровіч Дзяшчэня быў кіраўніком новай фармацыі, а таму любіў людзей самастойных, ініцыятыўных і, галоўнае, здольных да рызыкі. Сярод такіх і шукаў сабе хаўрусьнікаў. Ініцыятыва з адкормам статку на закінутым востраве, зь якой выступіў Верхнядрысенскі райкам, пераканала абласнога кіраўніка, што Антанюк – чалавек, на якога можна пакласьціся. Да таго ж, ён ужо ня першы год прыглядаўся да падначаленага. Антанюк умеў трымаць язык за зубамі, і ўадначас дакладна і без пярэчаньняў выконваў загады. І вось цяпер, пазіраючы на скурчаную постаць падначаленага, Андрэй Пятровіч міжволі падумаў: “Ці не памыляюся?”
Гаспадар кабінэту падняўся на ногі, прайшоўся ўздоўж даўжэзнага, засланага зялёным абрусам стала.
— Ну, распавядай… як справы? Ваўкі больш не дакучаюць?
Падначалены сьцепануўся, а Андрэй Пятровіч, пасьміхнуўшыся, паляпаў таго па плячы.
— Усё, братка, ведаю. Думаеш, я тут сяджу ды мух лаўлю? Эх, Ваня-а… ад Бацькі не схаваесься.
Андрэй Пятровіч кіўнуў на партрэт, што вісеў на сьцяне.
— Нас Ленін як вучыў? Мацаваць кіраўніцтва нераўнадушнымі, адданымі справе людзьмі. І рашуча вызваляцца, ад тых, хто не адпавядае такім крытэрам… — Дагэтуль Бацька гаманіў бадзёра і весела, ды нечакана надаў голасу сур’ёзныя ноткі: — Вы з Халімонам, здаецца, сябрукі?
— Ды так, працавалі разам у камсамоле, — голас у Івана Андрэевіча перасеў, як у таго Мішкі Гардыкі, і ён стрымана кашлянуў у жменю.
Шэф разважлівай хадою рушыў да стала і сэрца падначаленага замірала ад страху перад кожным новым крокам.
— Карацей, Халімона ў Цэка забіраюць, будзе на ідэалягічнай ніве завіхацца…
— А каго ў Разьдзярышча? – зь нечаканай для сябе сьмеласьцю запытаў Іван Андрэевіч.
— Казьленю, — з хітрынкай уваччу адказаў шэф, задаволена пацёршы далоні, — атрымаў страгача – хай цяпер пакіруе адсталым раёнам.
“Зьвярнуў Казьленя лыч”, — згадаліся Івану Андрэевічу Халімонавы словы. Ён з захапленьнем, і ў той жа час з прытоенай асьцярогай зірнуў на Бацьку.