Здароўе Русінскае апошнім часам боталася на тонкай нітцы. Усё часьцей і часьцей душу й цела апаноўвала хваравітая стома, ногі рабіліся кісельнымі, кружылася галава і тады ён валіўся на тахту — калі стома засьпявала яго дома, ці на мокрую лаўку, калі замарач падступала ў басейне; ляжаў, спавіты цяжкой дрымотай, паўгадзіны, а мо й болей, і абуджаўся з халодна-абамлелым сэрцам і з тупой шчымотай у патыліцы.
... Дзесьці непадалёку — колькі разоў запар — чхнулі, потым мацюкнуліся, гулкае рэха паўтарыла вясёлыя зыкі і Русін падняўся з лавы.
Два распараныя бамбізы, абвязаўшы прасьцінамі шырокія, па-бабску пукатыя клубы, выйшлі з басэйнавай саўны, прысмакталіся да бутэлечных рыльцаў, разам выдыхнулі: “Ой, бля-а...”, і Русін, прылашчыўшы рукамі гарачую лысіну, імклівай ластаўкай нырцануў у басэйн.
У саўне, што працавала пры басэйне, штовечару парыліся валютчыкі ды базарныя рэкеціры. Русін не любіў гэтай публікі і кожнага ранку, вылоўліваючы з вады пустыя піўныя пляшкі ды недапалкі, цяжка ўздыхаў і, не саромячыся сваіх гадунцоў — ад раньня ў вадзе плюхалася малодшая група, — гучна лаяўся.
Русін прайшоўся імклівым брасам, пырхнуў носам і пачуў сіпаты голас:
— Гэй, лысы, плыві сюдой! Півам пачастуем.
Піва Русін ня піў, а таму нікуды не паплыў — ухапіўся за канат, з агіднай усьмешкай зірнуў на бамбізаў.
— Пэнсіянэр, а плаваеш як Іхціяндар, — паведаміў сіпаты бамбіза; сіпаты прыклаўся да піва і смактаў датуль, пакуль яно ня выбухнула ўнутры бутэлькі белымі хлапякамі.
— Яшчэ год да пэнсіі, — незадаволена буркнуў Русін, даўшы нырца пад канат.
— Ты што... зэмээс па плаваньні? — азваўся, прычым бяз ценю гіроніі, другі бамбіза.
— Міжнароднай клясы... і не па плаваньні, а па ватэрполе, — Русін распластаўся на вадзе, прытоена і ў той жа час выразна дадаў: — На Алімпіядзе ў Мэхіка за зборную выступаў.
Суразмоўнікі паглядзелі на ўдзельніка Алімпіяды зь непрыхаванай цікаўнасьцю.
— І якое месца занялі?
— У фінале... югаславам прайгралі, — Русін з адчаем удыхнуў паветра, крыкнуў штосьці неразборлівае і паплыў пад вадой, скалыхнуўшы пробкавыя канаты на цёмна-малахітавай вадзе. Ля лесьвіцы, намацаўшы рукою асьлізлы поручань, ён шумна ўсплыў.
— Японкі... што жэмчуг ловяць... па пяць хвілін... на дне сядзяць... — даляцелі да вушэй прыглушаныя гулкім рэхам і біцьцём уласнага сэрца галасы; перамаўляючыся адно з другім, бамбізы ішлі ў ягоны бок.
Сіпун адрыгнуў піўным духам, закінуў, па прыкладу рымскіх патрыцыяў, прасьціну на левы плячук: — Гэй, а табе... пяць хвілін пад вадой... слабо?
Русін нічога не адказаў.
— Ну, а хаця б дзьве хвіліны...— сіпаты падышоў да лесьвіцы, адкаркаваў зубамі чарговую пляшку й бляшаны корак зычна ляснуўся па кафэльнай падлозе, — сядзіш дзьве хвіліны — і маеш дваццаць даляраў.
Русін стоена азірнуўся. “Куплю красоўкі... са старых палец лезе... А можа штаны спраўлю...”
Бамбіза паставіў ля ног недапітую пляшку, запытальна тузануў падбародзьдзем.
— Сэкундамэр... на лаўцы ляжыць, — прамармытаў Русін і роспачна, да цямноцьця ўваччу, удыхнуў паветра.
... Мэтровая тоўшча вады амаль не прапускала сьвятла: там, над галавой, калыхаўся прывідны помрак і варушыліся дзьве размытыя цені. Трымаючыся за лесьвічную білу, Русін перабіраў нагамі, лічыў сэкунды. Далічыўшы да трыццаці, зьбіўся, памкнуўся рвануцца ўгору, але прыкусіў язык і пачаў лічыць ад пачатку. “Раздватрычатарыпяць...” Сэрца гучна затахкала, цені над галавою гайдануліся і ўваччу паўстала Ангелуша. Масажыстка баўгарскіх гімнастак выбегла з пакою, дзе жылі францускія спартоўцы, і хуценька — Русін бачыў гэта — піхнула ў сумачку дваццаць даляраў...
— Тры хвіліны сядзіць, — прашаптаў сіпун, нахіліўшыся да вады, а ягоны напарнік спалохана гракнуў: — Глянь, у яго ўжо лысіна пазелянела!
Апошнім высілкам, ужо непрытомны, Русін стаў перабіраць рукамі лесьвічныя прыступкі і на голаў яму абрынула штосьці важкае і брыклівае...
— Да мяне... йоп... за нагу трымаю... — гукнуў сіпун, ляснуўшыся патыліцай аб лесьвічную білу. Ягоны сябрук, які таксама бухнуўся ў ваду, даў нырца, заехаў сіпатаму каленам у лабешнік і неўзабаве ўсплыў з галавой, шчыльна спавітай мокрай прасьцінай.
— Цягні, блядзь! — у сіпуна прарэзаўся голас і прагучаў пранізьліва і чыста.