Пачабохтаўшыся ўсмак, бамбізы выцягнулі Русіна з вады — цягнулі за ногі, долу галавой, — кульнулі на жывот, і калі небарака пачаў ванітаваць, зморана выдыхнулі: — Жывы! Потым, сьвецячы голымі дупамі, пабеглі ў саўну і адзін зь іх дакорліва выгукнуў сябру: — Жартун х...ы.
Празь імгненьне той, каго так назвалі — ужо ў штанах і ў чаравіках на босую ногу, — падбег да Русіна, адцягнуў ад лужыны ванітаў, спрытным рухам прыляпіў да мокрай Русінскай лыткі дваццацідаляравую паперку. Неўзабаве паперка падсохла, адвалілася ад лыткі і яе забрала прыбіральшчыца. Піхнуўшы грошы за бюстгальтар, жанчына пужліва агледзелася, паляпала далоньню па сініх Русінскіх лытках і са здушаным лямантам кінулася выклікаць “хуткую дапамогу”.
ІДУ НА ТАРАН!
Амаль што дакумэнтальны аповед
На трэція суткі палёту ў небе зьявіліся аблокі. Бухматыя, крутабокія, яны нагадвалі сонных мядзьведзяў, і карантышкі, пазіраючы на іх, міжволі сьцепаналіся, прагна глыталі халоднае паветра і стоена пераводзілі дых, не раўнуючы, як пасьля доўгай беганіны. Белыя аграмады праплывалі міма - непадалёку ад шара, - і аднаго разу зямля зьнікла зь відавоку й навакольле панурылася ў шэры і волкі ці то дым, ці то туман.
- Што гэта? - закрычалі ўсе. - Адкуль гэты дым?
- Гэта ня дым, - адказаў Знайка, - гэта воблака. Мы падняліся да аблокаў і зараз ляцім у аблачыне.
- Ну ты прыдумаў, - выгукнуў Нязнайка. - Воблака - яно вадкае, як жур, а гэта нейкі туман.
- А з чаго, ты думаеш, зроблена воблака? - запытаўся Знайка. - З таго ж самага туману. Гэта толькі здаецца, што яно шчыльнае.
Знайка прыкусіў верхнюю губу, сеў на лаўку і, дастаўшы з пляншэту мапу, расклаў яе на каленях.
Карантышкі з дакорам паглядзелі на Нязнайку, а потым - з надзеяй у вачох - на свайго камандзіра.
- Нас увесь час нясе на паўночны ўсход, - прамармытаў Знайка; у гэты момант шар вырваўся з аблачыны і сонца вясёлкава зайграла на шкельцах знайкавых акуляраў.
Карантышкі ўважліва сачылі за камандзірам і калі той пачаў раптам ліхаманкава папраўляць шкельцы на носе, зразумелі, што здарылася штосьці непапраўнае. Хвіліну Знайка сядзеў нерухома, а потым, пашнарыўшы рукою пад лаўкай, роспачна прасіпеў:
- Ратуймася, хлопцы! Нас нясе на Беларусь!
Праз імгненьне ён выцягнуў з-пад лаўкі парашут і, насунуўшы на плечы сырамятныя лямкі, выгукнуў:
- Скачам па чарзе... Усе за мной! Пайшлі!
Знайка скочыў першым. За ім пайшоў Тарапыжка, але тут надарылася неспадзеўка. Замест таго, каб скокнуць, а потым раскрыць парашут, Тарапыжка спачатку раскрыў парашут, а потым скокнуў і ў выніку той зачапіўся за край каша. Тарапыжка заблытаўся ў стропах, павіс дагары нагамі.
- Браткі! - закрычаў доктар Пілюлькін. - Калі парашут адчэпіцца, Тарапыжка грымнецца галавой аб зямлю.
Карантышкі ўчапіліся рукамі за парашут, уцягнулі Тарапыжку назад у кош і ў гэты самы момант Нязнайка, які не чытаў газэтаў і ніколі ня чуў пра Беларусь, загарлаў:
- Стойце! Нікому больш скакаць ня трэба!
- А што Знайка будзе бяз нас рабіць? - запытаўся ў сваю чаргу Пончык. Стаўшы каленямі на лаўку, Пончык зьвесіў долу кучаравую галаву.
Усе, хто быў у кашы, таксама зьвесілі галовы, назіраючы за белым дзьмухаўцом знайкавага парашута. Нават сабачка Булька, які дагэтуль увесь час сядзеў у куце, ускочыў на лаву і, убіўшыся паміж гаспадаром - паляўнічым Пулькам - і Нязнайкам, глянуў на зямлю. Булька акінуў уважлівым поглядам навакольле, патрабавальна нюхнуў паветра, а потым, адчуўшы ва ўсім гэтым штосьці нядобрае, голасна заскавытаў. Ад гэтых зыкаў у Нязнайкі заварушыліся валасы на галаве, капялюш наехаў на патыліцу й давялося хапаць яго абедзьвюма рукамі і зь сілаю насоўваць на самыя бровы.
Палкоўнік Бурзачыла стаяў ля вакна і, упіхнуўшы рукі ў кішэні форменных штаноў, задуменна перабіраў ядры. Краявід за вакном лашчыў вока: неба было пазначанае ранішняй ружавізною, па небу плылі лёгкія аблачынкі, а ля самай шыбы гайдалася квітучая галінка вішні, на якой шумліва завіхаліся маладыя вераб'і. Гледзячы на ўсё гэта, які-небудзь японскі сузіральнік відочна стоіў бы дых і, ачараваны, пачаў бы дэклямаваць вершы Такасі Нагацукі ці Акіка Ёсаны, але палкоўнік быў не японскім сузіральнікам, а штабным афіцэрам, а таму глядзеў не на ўвішных вераб'ёў і не на ружовыя аблокі, а на буфэтчыцу Тосю, што стаяла на доле й лічыла скрынкі, якія выгружалі з машыны два дарэшты схуднелых шарагоўцы.
Порсткі ветрык даймаў карацельку-спадніцу, агаляў белыя сьцёгны, з кожным парывам ветру палкоўнік хістаўся, налягаючы на пяткі, і хромавыя палкоўніцкія боты поўнілі кабінэт прыемным рыпам.