І вось, калі шарагоўцы зьнялі з кодабу апошнюю скрыню, гарэза-ветрык задзёр караценькую спадніцу да самых да зялёных трусікаў, палкоўнік хітнуўся зь небясьпечнай для сябе амплітудай, і боты рыпнулі з такой рашучасьцю, зь якой здольныя рыпець толькі боты кадравых штабных афіцэраў. Палкоўнік пасьміхнуўся, падцягнуў матню форменных штаноў і ў гэты момант за сьпінаю ягонай азваўся тэлефон апэратыўнай сувязі. Юрлівыя крозы выпетрыліся з галавы, палкоўнік счакаў хвіліну, у спадзеўцы, што тэлефон аціхне, але той не аціхаў, і таму давялося ісьці да апарата.
Тэлефанавалі аднекуль здалёк: у слухаўцы спачатку штосьці рыпала, потым узбуджана вохкала, потым задаволена аддзімалася і, нарэшце, у тэлефонных глыбінях узьнік залівісты голас нейкага маладзёна.
- Таварыш палкоўнік... Дакладвае лейтэнант Пашкоў...
- Ну, што там у вас, - палкоўнік мацюкнуўся, прыціснуў слухаўку да вуха, але на другім канцы провада ізноў узбуджана завохкалі, нейкая кабета - відаць, тэлефаністка - рашуча загадала: - Канчайце! - і толькі пасьля гэтага залівісты лейтэнантавы голас скалануў мэмбрану:
- Засеклі... Ляціць на паўночны ўсход...
- Хто ляціць!? Каго засеклі!? - выдыхнуў палкоўнік, праводзячы рукой ніжэй сьпіны.
- Аб'ект... Шар дыямэтрам тры мэтры. Вышыня тысяча васемсот. Хуткасьць адзін мэтар у хвілю...
- Каардынаты! - гукнуў палкоўнік, ікнуўшы на апошняй літары «а».
- Квадрат 3-62... - лейтэнант хацеў сказаць яшчэ нешта, але ў тэлефоне чарговым разам штосьці загуло і нейкая кабета, дыхнуўшы ў слухаўку, летуценна запыталася: - Ты часнык пасадзіла?
Палкоўнік канчаткова страціў раўнавагу. Ён удыхнуў паветра, зьбіраючыся годна адказаць на такое пытаньне, але не пасьпеў: лейтэнантавы голас зноў казытнуў сапрэлае вуха.
- Там у яго штосьці боўтаецца...
- У каго? - перапытаў палкоўнік, хапаючыся за матню.
- У шара...
- Можа, радыёзонд? - нясьмела запытаўся палкоўнік пасьля хвіліны маўчаньня.
- Ды не, на зонд не падобна, - адказаў лейтэнант, і ўсё тая ж кабета - гэтым разам керхануўшы ў трубку - з крыўдаю ў голасе паведаміла: - Майго ж учора прынесьлі... і штаны паабсцываныя.
- Йоп... Лейтэнант! Ты адкуль звоніш? - гракнуў палкоўнік ужо зусім вар'яцкім голасам.
- Ды тут... з сельсавета, таварыш палкоўнік. Наша станцыя ляснулася. Хтосьці скраў медныя кантакты... - сказаўшы так, лейтэнант уздыхнуў, і слухаўка азвалася кароткімі гудкамі.
Хвіліну-другую палкоўнік усьвядомліваў пачутае, задуменна чухаючы слухаўкаю за вухам, а потым, кінуўшы гудзёлку на вагар, спружнай хадой падышоў да мапы. Закарузлы палец тыцнуўся ў населены пункт Гракаў, папоўз угору, потым долу і, нарэшце, засяродзіўся на квадраце 3-62.
- Адзін мэтар у хвілю... Тры з паловаю кэмэ ў гадзіну... - прамармытаў палкоўнік, палец ягоны нэрвова папоўз на паўночны ўсход, а наехаўшы на чырвоны трохкутнік з надпісам «Казловічы», міжволі здрыгануўся: праз тры, максымум чатыры гадзіны паветраны балён, пра які паведаміў лейтэнант, павінен быў праляцець над «Казловічамі» - звышсакрэтнай базай ваенна-касьмічных сіл.
- Што ж там, бляха, ляціць? - уголас запытаўся палкоўнік, дастаючы з кішэні штаноў зашмальцаваную насоўку. Выцершы потную лабаціну, палкоўнік супакоіў сябе на думцы, што гэта ўсё ж такі радыёзонд і нават з палёгкаю аддзьмуўся, але, пахадзіўшы вакол стала, ізноў задумаўся й скасіў вока на тэлефон з надпісам «Масква» на маціцовым дыску. «А можа, гэта праверка? Запусьцілі пузыр з фотакамэрай... Здымуць тыя ж «Казловічы», а потым пачнуць... здымкамі пад носам трэсьці. Ад маскоўскіх падлюк можна ўсяго чакаць...» - з гэтымі думкамі палкоўнік падняў слухаўку і з сардэчным клёкатам у горле перавёў дых.
Масква не прымусіла доўга чакаць і адгукнулася барытоніста і непракерхана:
- Прапаршчык Сапрыкін слухае.
- Гэта зь Беларускай акругі турбуюць... Палкоўнік Бурзачыла. Зьвяжыце мяне, калі ласка, з генэрал-маёрам Затуліным, - пралепятаў палкоўнік, утаймоўваючы прыкрую дрыготку ў голасе.
- Генэрал у камандзіроўцы, - адказаў прапаршчык і адкерхаўся.
- Мы тут аб'ект засеклі... Шар дыямэтрам тры мэтры, - пачаў быў палкоўнік, але прапаршчык зноўку пачаў керхаць, а потым злавесным голасам загадаў:
- Дзейнічайце згодна інструкцыі. Праз гадзіну дакладзеце абстаноўку.
- Слухаюся, таварыш прапаршчык! - гукнуў палкоўнік, канчаткова зразумеўшы, што пузыр над «Казловічамі» - гэта затулінскія штукі.
Вядомы авантурыст Шцірліц, як сьведчаць показкі, у хвіліны непакою меў звычку поркацца ў штанах, мацаў пры гэтым набрынялыя ад шматгадовага ўстрыманьня ядры і, казелячы вокам на Леаніда Бранявога, з халоднай разважнасьцю прамаўляў: