- Чаго расьселіся?! - грымнуў маёр Кукарэка, пырснуўшы сьлінаю на палкоўніцкую шыю.
Адзін з шарагоўцаў - маленькі, чарнявы, з падбітым левым вокам, - пачаў штосьці казаць, глытаючы ежу і з усяго ім сказанага ўцямна прагучала толькі слова «выгружалі».
- А чаму жарэце як не ў сабе? - гукнуў у сваю чаргу палкоўнік, зірнуўшы на пончыкі, што грудком ляжалі на газэце.
- Два дні ня елі, таварыш старшы лейтэнант, - прамовіў, ужо больш уцямна, чарнявы шараговец і палкоўнік, губляючы раўнавагу, тузануў плечуком:
- Разуй буркалы, с-салага!
Такой абразы гвардыі палкоўнік Бурзачыла ня зьведваў за ўвесь час служэньня ў войску. Палкоўнік яшчэ больш пачырванеў, потым спалатнеў, зубы ягоныя зайгралі польку, але доўжылася гэта кароткую хвілю: ужо празь імгненьне ён зацягнуўся цыгарэцінай і злавесным голасам запытаў:
- Зь якой часткі?
Чарнявы салага панік, скурчыўся і зацкавана паглядзеў на сябра - бялявага салагу з падбітым правым вокам.
- Гэта мае... тэхнары з Мачульнікаў, - працадзіў маёр, панурыўшы вочы, - прадукты ў буфэт прывезьлі.
Словы тыя як зь неба ўпалі. Ну вядома з Мачульнікаў... Дзе ж яшчэ жаўнеры ходзяць някормленыя?.. Душа палкоўніцкая адтаяла, цела зрабілася лёгкім, і палкоўнік, зыркнуўшы на маёра, ужо лагодным голасам загадаў шарагоўцам бегчы да ўазіка. Зацягнуўшыся цыгарэтай, палкоўнік Бурзачыла пашукаў вачыма сьметніцу, а згледзеўшы яе на другім канцы ходніка, пстрыкнуў пальцам па сьлінявым недапалку. Недапалак праляцеў ня меней дваццаці мэтраў і дакладна лёг у цэль.
- Вучыся! - цяпер ужо акрыялым голасам сказаў палкоўнік маёру і дыхнуў таму ў твар разрэджаным цыгарэтным дымам.
Адразу за Гракавам - пыльным мястэчкам з тузінам старых камяніц і сотняй вясковых хат, - ляжыць агромістае поле. Свойчас усходні, дальні ад мястэчка клін, перааралі «кіраўцамі» - зьбіраліся, відаць, нешта пасеяць, але нічога не пасеялі; ральля зь цягам часу ўзялася дзірванам і нагадвала цяпер пральную дошку. Па гэтым кліне - ачайна бразгаючы ўсім сваім жалезным начыньнем і плаксіва скуголячы рухавіком - і кратаўся вайсковы ўазік. Унутры яго сядзелі чатыры вайскоўцы: палкоўнік, маёр - ён круціў «абаранак», - а таксама два шарагоўцы, якія калаціліся на заднем сядзеньні, раз-пораз кранаючыся галовамі брызэнтавага верха.
Маёр, штохвіліны мацюкаючыся, з шумам выпускаў паветра праз стуленыя вусны, гэтым самым як бы дапамагаючы ўазіку пераадольваць утравелыя калдобіны; а вось палкоўнік лаяўся зрэдзьчасу - толькі тады, калі руля буйнакалібэрнай зброі, якую трымаў адзін з шарагоўцаў, стукала па карку. Пасьля кожнага такога ўдару палкоўнік прамаўляў няўцямнае: - Йоп..., - шараговец адводзіў зброю ўбок, руля біла па карку маёра і той дагаворваў пачатую палкоўнікам фразу да канца.
Праехаўшы па ральлі паўтара кілямэтры, машына выбілася на роўнае й маёр, прытапіўшы понаж газу, зморана выдыхнуў:
- Фу, блядзь...
Уазік аб'ехаў высахлую балацявіну, абмінуў купку чэзлага вербалозу і за брудным ветравым шклом задрыжэлі відарысы серабрыстага элінгу і двухкрылага, падобнага да вялікай страказы, «кукурузьніка». Пабачыўшы самалёт, афіцэры шматзначна пераглянуліся: палкоўнік палез у кішэнь па цыгарэты, а маёр, адпусьціўшы на хвілю руль, задаволена пацёр узмакрэлыя далоні.
Месца, куды яны прыехалі, цяжка было назваць лётнішчам. Тут стаяў усяго адзін самалёт, а з аэрадромных пабудоў, апрача дзіравага элінгу, стаяла жалезная бочка ды тырчэў шост з драцянай рэхвай на вершаку.
Зьмерыўшы вокам шост, палкоўнік глыбокай зацяжкай дапаліў цыгарэту да фільтра і, абцягнуўшы мундур, пайшоў да бабулі, якая даіла на ўскрайку поля рабую казу.
Бабуля, відаць, была глухаватая, бо не пачула крокаў, таму палкоўніку давялося другім разам абцягваць мундур і напаўжартам галёкнуць:
- Прывітаньне казаводам!
Пасьля такіх слоў бабуля падхапілася, абцёрла рукі аб спадніцу, а каза, стукнуўшы капытом аб даёнку, рушыла насустрач палкоўніку.
Бабуліна жывёліна была жывым увасабленьнем чорта: такая ж рабая, рагатая, з жаўтлявымі, не раўнуючы як у ката, вачыма. Адно што ў ката - як адцеміў палкоўнік, - шчыліны зрэнак вэртыкальныя, а ў казы яны былі гарызантальныя.
Спыніўшыся непадалёку, каза мэкнула, зь недаверам крутнула галавой, і палкоўнік, каб убіцца ў давер, павабіў жывёліну пальцам і ласкава залапатаў языком:
- Цып-цып-цып...
У вадказ каза пагрозьліва страсянула галавой, бабуля сьпехам падхапіла даёнку, а палкоўнік, зразумеўшы, што зрабіў штосьці ня тое, кашлянуў у далонь і задаў пытаньне, якое даўно сьпела на канцы языка.