Маёр тым часам споўз, лежачы на жываце, долу і, наставіўшы на храпуна кулямёт, сувора прасіпеў:
- Імя... Прозьвішча...
Храпун узьняў рукі, прыхапіўся, грымнуўся галавой аб крокву й палкоўнік адчуў на сваёй узмакрэлай шыі казытлівую парахню, якая сыпанула з даху.
- Кудзёлка... Аляксей... - прамовіў храпун, зьвёўшы вочы да кулямётнага дула.
- І хто такі? - ужо больш лагодна запытаўся маёр.
- Ды тут... працую... пілётам сельгасавіяцыі.
- Злазь, ты нам патрэбны, - падаў голас палкоўнік, зь відочным хваляваньнем закідваючы ў рот чарговую цыгарэціну.
Пілёта таксама апанавала хваляваньне. Яму нават мову заняло: ніжняя сківіца пілётава дробна задрыжэла й сунялася толькі тады, калі маёр апусьціў кулямёт долу.
- Ды ў мяне паліва... на пяць хвілін лёту, - выдыхнуў пілёт пераселым ад хваляваньня голасам, - нават да Менску не дацягнем.
- Нам у Менск і ня трэба. Акурат за пяць хвілін і ўправімся.
Пілёта такія словы зьбянтэжылі. Ён апусьціў рукі, пацёр далоньмі па сподніках, а ўцяміўшы, што піраты прыехалі на бэнзавозе, змучана шморгнуў носам.
- Кола задняе зьняў. Трэба новая ўтулка.
Запанавала ціша. Нават певень кінуў кудактаць і цяпер ужо палкоўніку прысьпела пара шморгнуць носам і пачухаць прыцярушаную парахнёй патыліцу.
Пілёт ішоў да машыны як бальшавік на расстрэл - у кальсонах, прыпадаючы на левую нагу, пазіраючы праз плячук на кулямётную рулю, - а калі выходзіў зь весьніц, аднекуль з суседняга агарода даляцеў помсьлівы голас знаёмай бабулі:
- Таварышы, ён і Лукашэнку лаяў!
...Да лётнішча ехалі што духу: разганяючы курэй і стукаючыся скронямі аб кулямётную рулю. Маёр наўмысна пасадзіў пілёта на задняе сядзеньне і даў у рукі зброю. Такія захады мусілі пераканаць небараку, што перад ім не паветраныя піраты, а абаронцы мірнага неба Садружнасьці.
Між тым выгляд пілётавы прагнуў спагады: ніжняя сківіца дробна дрыжэла, вочы заплылі, у валасы ўбілася саламяная пацяруха, а спусьцісты лоб баранавалі кроплі хвараблівага поту, якія, зрываючыся, цёмнымі плямамі пакрывалі падштанікі. Пілёта даймала пахмельле.
Гледзячы на небараку, палкоўніку манулася дапамагчы хлопцу, падтрымаць шчырым словам, але словы такія не прыходзілі ў галаву - палкоўнік маўчаў і толькі ля самага лётнішча, згадаўшы пра бабулю, пранікнёна запытаўся:
- Што гэта за порхаўка... казу пасе?
- Сазоніха, - буркнуў пілёт, зірнуўшы ў вакенца, - жыве ў крайняй хаце. Зьвягня, якіх сьвет ня бачыў.
Пілёт змоўк, а палкоўнік, узбадзёраны такім адказам, тыцнуў пальцам у шыбу.
- А гэта што там за шост з абручом?
Не павярнуўшы галавы, пілёт уздыхнуў, перакрывіўся як ад зубнога болю.
- «Каўбаса» была, ды ветрам падрала.
Уазік абмінуў рабую казу, праехаўся па полі і загамаваў у двух мэтрах ад «кукурузьніка», ля якога завіхаліся два шарагоўцы: чарнявы выціраў анучкаю перапэцканыя салідолам пальцы, а бялявы сядзеў на траве і смаліў цыгарэту.
У самалёта й сапраўды адсутнічала задняе кола - хвост стаяў на калодзе, а пад хвастом, у поўным бязладзьдзі ляжалі падшыпнікі, патрубкі, кувалда з манціроўкаю, зашмальцаваная ватоўка, прыціснутая да зямлі бліскучым валам; апрача таго да хваста быў прыхінуты мэталёвы брус, цень ад якога перакрыжоўваў увесь гэты натурморт, а разам зь ім і ўсе палкоўніцкія надзеі ды спадзяваньні.
Палкоўнік паклаў рукі на цёплую абшыўку самалёта, прыціснуўся да абшыўкі лобам і заплюшчыў павекі.
Апэрацыя была правалена, але ў душы палкоўніцкай не было ні жалю, ні роспачы, ні хваляваньня. На душы было лёгка, прасьветлена і чыста. Палкоўнік уявіў, як ён прыйдзе заўтра ў свой габінэт, падцягне па старой звычцы гіру старога гадзіньніка, потым нетаропка сядзе за стол і, ускудлаціўшы непаслухмяныя кучары, размашыстым почыркам напіша рапарт. Потым ён прысмаліць цыгарку, падыйдзе да вакна і, глянуўшы долу, убачыць буфэтчыцу Тосю. Тося адорыць яго белазубай усьмешкай, сарамліва абцягне спадніцу і тут жа крутнецца на высокіх абцасіках, падступна агаліўшы крамяныя сьцёгны.
Палкоўнік уздыхнуў, сьлізгануў даланёй па вільготных павеках і пачуў раптам бадзёры голас чарнявага шарагоўца.
- Утулка паляцела.
- Цяміш, - адгукнуўся на тое пілёт, з балесным вохканьнем выдыхнуўшы паветра.