Маёр нацягнуў шкарпэтку, памацаў жоўты пазногаць, які вылез вонкі і пакутліва ўздыхнуў.
...Перш, чым плюхнуцца на сядзеньне, палкоўнік выцягнуў з «бардачка» пляшку гарэлкі, адкаркаваў зубамі.
- Ну, дык што павязем у амбасаду?
Пытаньне гэтае ніяк не адбілася на кукарэкавым твары: нават жаўлакі не зварухнуліся на шчоках.
- Думай! - выгукнуў палкоўнік, сёрбнуў на поўную губу і, наваліўшыся каркам на сьпінку сядзеньня, заплюшчыў вочы.
Скрозь дрымоту палкоўнік чуў, як маёр гаманіў па тэлефону, крыючы некага мацюкамі, потым усе гукі аддаліліся, сталі невыразнымі, палкоўнік храпянуў, не раўнуючы як Кудзёлка, ды нечакана прачнуўся, абуджаны лёгкім тыцкам пад рэбры.
- Які лепей - з апорнай рамкай, ці безь яе? - запытаўся маёр, чухаючы слухаўкай лабешнік.
Палкоўнік наставіў на сябра няўцямныя вочы.
- Аэрафотаапарат, кажу, з рамкай, ці безь яе? Хлопцы пытаюцца...
Палкоўнік страсянуў галавой, цямячы - пра што гаворка, а ўцяміўшы, у думках пахваліў маёра за прыродную кемлівасьць і, змагаючыся з позехам, выгукнуў:
- З рамкай.
Усю дарогу ён спаў, прыхінуўшыся скроньню да шыбы і прачнуўся толькі тады, калі ўазік, чхнуўшы маторам, спыніўся ля будынку інтэнданцкага ўпраўленьня, на пятым паверсе якога месьціліся ваенныя тапографы.
На душы і ў роце было пагана; балела галава і кожны зык - нават тупат маёравых ног па ганку ўпраўленьня балюча адбіваўся ў патыліцы. Палкоўнік прыпаў да бутэлькі, дапіў рэшту, заплюшчыў вочы, у спадзеўцы панурыцца ў дрымоту, ды тут на ганку ізноў затупалі: маёр бег да машыны, трымаючы ў руках падаўгаватую шэрую скрыню.
- Во, апошняя мадэль... З двума аб'ектывамі. Хлопцы й плёнку ўкруцілі, - маёр націснуў кнопку на бакавой панэлі й на палкоўніка зірнулі два шкляных круглявых вока.
- Навюткі... аніводнай драпіны.
Палкоўнік узважыў аэрафотаапарат на далоні, таксама націснуў кнопку.
- Гэта й дрэнна, што бяз драпіны, - палкоўнік глянуў з-пад лоба на верхнія паверхі ўпраўленьня, загадна матлянуў галавой. - Падыміся як мага вышэй і скінь... вунь на той кветнік, - сказаўшы так, палкоўнік абхапіў рукамі скроні, зьмежыў павекі і застыў у нерухомасьці. Ён доўга сядзеў так, не мяняючы паставы і не зварухнуўся нават тады, калі маёр плюхнуўся поруч і завёў рухавік. І толькі ля самай амбасады, нібы згадаўшы пра штосьці, палкоўнік схамянуўся, ліхаманкавым рухам адчыніў «бардачок» і, адшукаўшы там пагнуты цьвік, надрапаў на бакавой панэлі аэрафотаапарата няроўныя літары: «Made in USA».
1996-1997
НЯЧЫСЬЦІК
Пагодным чэрвеньскім днём – акурат таго дня ў космас запусьцілі Валянціну Церашкову — жыхары гарпасёлка Азярышча ўбачылі на галоўнай пасялковай вуліцы дзіўнага выгляду незнаёмца. Нягледзячы на сьпёку, мужчына быў апранены ў цёмна-сіні бастонавы гарнітур, на нагах у яго былі летнія, сярэдняй зношанасьці сандалеты, на галаве сіняя, з завязанымі на вузлы ражкамі, насоўка, а ў правай руцэ ён нёс пацёхканы партфэль.
Мужчына зьлёгку накульгваў і, мяркуючы па ўсім, нікуды не сьпяшаўся. Ён разважліва прайшоўся ля руіны азярышчанскай царквы, убіўся ў натоўп, што стаяў каля крамы – тым часам у пасёлак прывозілі сьвежы хлеб, — паслухаў што кажуць людзі пра касьмічны палёт, і, спытаўшы – дзе тут жывуць самотныя пэнсіянэркі, — пашкандыбаў, прыпадаючы на правую нагу, па названых людзьмі адрасах.
Першай на яго дарозе паўстала Пелагея Катавод – бабуля пахілая і зьвяглівая. Стоячы каля весьніц, яна спачатку выглядала – ці прыехала гэта хлебавозка, а ўгледзеўшы незнаёмага мужчыну, прыклала далонь да лоба і напаўголасу, з прытоенай насьцярогай прамармытала:
— А да каго ж гэта?...
— Фотаздымкі-і… павялічвае-эм... – прасьпяваў, параўняўшыся з бабцяй, мужчына, і Пелагея Катавод, не дачуўшы – хто там каго павялічвае, хуценька падалася да хаты.
Незнаёмец, аднак, рушыў сьледам, абагнаў улякнутую Пелагею, і калі тая зьбіралася ўжо закрычаць, галянтна адчыніў дзьверы і яшчэ больш галянтна прашапялявіў: — Прашувс-с...
— Райпрамкамбінат... старыя здымкі павялічваем, – патлумачыў незнаёмец, калі яны ўвайшлі ў хату і дастаў з партфэлю стос фотапартрэтаў. – Вось, зірніце ўзоры...
Гаспадыня з насьцярогай ўзяла партрэты.
— Рэстаўрыруем здымкі самай дрэннай якасьці. Людзі на іх потым – як жывыя...
Бабця зірнула на першы партрэт і як не абамлела.
— А ці не Міколка гэта? — Пелагея хіснулася, гучна шморгнула носам, — Во.. і шапка такая ж...
Госьць падтрымаў гаспадыню, дапамог сесьці на кухонны ўслон.