— Зажэрся ты, братка! Цябе б, бляха, у Баранавічы, у інтэрнат, — прамовіў Іван, і кот, згаджаючыся з такімі словамі, вякнуў ды паглядзеў на дзьверы.
Іван выпусьціў ката на двор, удыхнуў празь дзьвярную пройму ядранага паветра і вырашыў таксама праветрыцца.
Перадзім’ем у Бычках сумна. Прайдзіся празь усю вёску — жывой душы ня стрэнеш. Клюб зачынены, бібліятэка таксама. Вецер пясок са сьнегам круціць ды выцьвілы сьцяжок на шасту матляе. Сьцяжок, як сьведчыць надпіс на кардонцы, у гонар камбайнэра Ф. І. Траяна ўзьняты, які ў жніўні на сваім СК-4 чатырыста тон збожжа намалаціў. Збожжа даўно на станцыю зьвезьлі. Хведзька Траян даўно тыя грошы прапіў, што яму ў прэмію далі, а сьцяжок усё матляўся, і шост гудзеў на ветры, і не было ў сьвеце анічога больш сумнага, чым гэтае матляньне і гэтае панылае гудзеньне.
“І на якую халеру прыехаў?” — падумаў Іван, тузануўшы дзьвярную ручку. Кінабудка была зачыненая і, мяркуючы па той колькасьці пяску, што намяло пад дзьверы, невядома калі адчынялася. Іван прыпаў вокам да шчыліны дзьвярэй, доўга глядзеў на стаптаны чаравік, што ляжаў пасярод кінабудкі, разважаючы — каму б ён мог належаць — і гэтыя развагі былі перарваныя матацыклетным рокатам. Рокат чуўся з боку Азярышча: матацыкл змучана чхаў, страляў выхлапнымі газамі, і гэта сьведчыла за тое, што па дарозе ехала Лябёдкава “Панонія”.
Зьяжджаючы з Дабранскай гары, матацыкл загуў на фарсажы, а пад’ехаўшы да клюба, заляскатаў парывіста і глуха.
— Ваня! Прыехаў! — выгукнуў кіроўца “Паноніі”, задаволена пасьміхнуўся і, зьняўшы крагі, працягнуў Івану сваю перапэцканую машыннай алівай руку. Лябёдку было цяжка пазнаць. Калі раней ён гойсаў на сваёй “Паноніі” ў танкісцкім шлеме, дык цяпер галаву ягоную ўпрыгожваў моташлем з самаробным брылём, і гэты брыль рабіў яго падобным да вялізнай качкі.
— Зь Віцебска еду, ад брата, — растлумачыў Лябёдка, пасьля чаго крутнуў ручку газу і, матлянуўшы галавой, прамовіў: — Адвязвай ды сядай. Газанем, бляха!
За сьпінай былога кінамэханіка месьцілася, прытарочаная да сядзеньня, пашарпаная валіза. Іван паспрабаваў быў разьвязаць аборку рукамі, потым пусьціў у ход зубы і ў рэшце рэшт палез у кішэнь па сьцізорык.
— Асьцярожней толькі, у мяне там радыёлямпы, — мармытнуў Лябёдка і з натхненьнем паддаў газу.
Па тупкай сьцяжыне паехалі з грукатам, зь ветрыкам, а ўзьехаўшы на пясок, матацыкл запаволіў бег і завыў як перад скананьнем.
— Калі прыехаў? — запытаўся Лябёдка.
— Учора, — азваўся Іван; у гэты момант матацыкл стрэліў выхлапнымі газамі, тузануўся і заглух.
— Даканаў мяне гэты пярдун! — Лябёдка грукнуў кулаком па бэнзабаку, і хлопцы, даўшы волю мацюкам, добрых трыста мэтраў — аж да самае сталоўкі — піхалі-разганялі матацыкл, але той так і не завёўся.
У сталоўцы, куды яны ўвайшлі, было пуста, адно за прылаўкам, падпёршы рукамі кучаравую галаву, сядзела дачка сталоўскай загадчыцы Люська Халімонава і з сумам у вачах чытала нейкую кніжку. Зь Люськаю Іван некалі вучыўся ў школе, сядзеў за адной партай, а аднойчы, здаецца, у сёмай клясе, нават пісаў “любоўныя” цыдулкі. І хаця пасьля таго мінула ці мала часу, Іван і цяпер пры стрэчы зь Люськаю чырванеў і наагул пачуваў сябе ніякавата.
Абабіўшы кірзачы, Лябёдка паважнай хадою падышоў да Люські, гульліва пасьміхнуўся, а Люська, не адрываючыся ад чытаньня, памацала рукой пад прылаўкам і выставіла перад наведнікам бутэльку “Стралецкай”.
Такія Люсьчыны паводзіны наведніку відочна не спадабаліся. Зьняўшы з галавы моташлем, ён налёг грудзінаю на прылавак, з робленай цікавасьцю зазірнуў у кнігу.
— Што, Мапасана чытаем? — прагугніў Лябёдка, і шырокая пяцярня ягоная паволі легла на Люсьчын азадак.
Люська, відаць, толькі таго і чакала, бо кніжка надта ж імпэтна ўзьнялася ў паветра і гучна ляснула па Лябёдкавай патыліцы.
— Лябёдка! Зноў хуліганіш? — пачулася за перабойкаю, а ў раздатачным вакенцы ўзьнік расчырванелы твар загадчыцы сталоўкі.
— Пятроўна! Цешча ты мая дарагая! Я ж да вас сватацца прыйшоў! — жартаўліва заенчыў Лябёдка, і адказам яму быў грукат мэталёвага посуду і абураны голас Пятроўны:
— А каб цябе парвала, такога зяця!
Пятроўна выйшла з кухні, паправіла на галаве хустку, а згледзеўшы Івана, які муляўся ля дзьвярэй, з усьмешкаю на вуснах запытала:
— Што, Ваня, прыехаў... будзеце цяпер на пару піячыць? — Пятроўна хацела яшчэ нешта сказаць, аднак Лябёдка, абураны такімі словамі, паставіў “Стралецкую” на бліжэйшы столік і суворым голасам загадаў: