— У труне я бачыў гэты кінапракат! — гукаў суразмоўнік, раз-пораз пляскаючы далоньню па валізе. У валізе пры гэтым штосьці бразгала. — Як захачу, дык буду мець болей, чым уся тая кінапракатная кантора. — Слова “кантора” былы кінамэханік вымавіў зусім ціха і, адсунуўшы на край стала пустую пляшку, зірнуў у бок прылаўка.
— Давайце, п’янтосы... зачыняць буду! У мяне карова целіцца, — азвалася з кухонных нетраў Пятроўна, і Лябёдка ад таго воклічу перакрывіўся як ад зубнога болю.
— Каб ты сама ацялілася, — працадзіў скрозь зубы былы “кіншчык”, паныла глянуў на пустую пляшку і нечакана для Івана ляпнуў яго па сьпіне. — Ваня-а! Сябрук! Хочаш, заўтра ж паедзем. Пакажу табе, як грошы робяцца. А? Ваня-а!
Іван кісла пасьміхнуўся, узьняў на прыяцеля ашклянелыя вочы.
— Як гэта? — выдыхнуў ён, не даючы веры Лябёдкавым словам.
— Пабачыш... Ва Ўсьвяцкі раён паедзем, у Велікарусію, — Лябёдка разьвёў рукамі, зьбіраючыся, пэўна, паказаць, як ён будзе зарабляць грошы, і ў гэты момант сталоўка панурылася ў цемру. — Што гэта? — зьдзіўлена прамармытаў Лябёдка, рыпнуў крэслам, а зразумеўшы ў чым справа, абурана гаркнуў: — Пятроўна! Харэ барзець! Уключы!
Пятроўна затупала на кухні, потым яе шырокая постаць акрэсьлілася ля прылаўка і, бразнуўшы ключамі, загадчыца сталоўкі коратка і рашуча загадала:
— Усё! Выкульвайцеся!
... На двары было цёмна, над галавой зьзялі зоркі, і Іван, азірнуўшы азоранае неба, шчыра зьдзівіўся: чаму ён ня бачыў гэтых зорак там, у Баранавічах? Дыхнуўшы парай, хлопец абтрос апошнія кроплі і прыслухаўся. За сьпінаю чулася гучнае цурчаньне.
— Ну, дык як, паедзем? — запытаўся Лябёдка праз хвілю, асьвяціўшы твар агнём запаленай сярнічкі.
Жарынка Лябёдкавай папяросы задрыжэла ў цемры, узьнеслася ўгору, матлянулася некуды ўбок і неўзабаве вярнулася на месца.
— Вушанку толькі вазьмі, а то надзьме, — за рогам бразнула завала, пачулася незадаволенае мармытаньне, і яшчэ празь імгненьне таропкія крокі Пятроўны зьліліся з брэхам бычкоўскіх сабак.
Дапаліўшы папяросы, сябры выкацілі на бальшак Лябёдкаву “Панонію”, крэкнулі, рыхтуючыся да разгону, і Лябёдка, тупаючы кірзачамі па дарозе, засоплена выдыхнуў:
— Заўтра... а восьмай... ля сталоўкі.
Апошнім высілкам Іван піхнуў матацыкл, паваліўся на зямлю і падняўся толькі тады, калі пачуў, як “Панонія”, ужо недзе пад самай гарой, зь неахвотаю заляскатала маторам.
Прыемна ўсё ж такі прачнуцца ў роднай хаце, зірнуць на гадзіньнік і, адчуўшы, што спаць можна дасхочу, кульнуцца на левы бок. Такімі хвілінамі душу наведвае ціхая радасьць, і сны потым сьняцца прасьветлыя і чыстыя.
Прачнуўшыся а сёмай, Ваня Бянькоў памружыўся на сьвятло, што цадзілася з кухні, і ў той самы міг сон зьляцеў з павек і слых напоўніўся да болю знаёмымі зыкамі: гудзеньнем у коміне, тахканьнем старых ходзікаў і лагодным каціным мурканьнем, якое перарывалася за кожным трэскам бярозавых дроў. Паляжаўшы на баку, Іван лёг на сьпіну, зірнуў краем вока на ката Барыса і з асалодаю, аж да хрусту ў каленях, пацягнуўся. “І куды гэта Лябёдка сабраўся?” — падумаў ён, канчаткова абудзіўшыся, і разважаючы над гэтым пытаньнем, зірнуў на Барыса. Кот сядзеў на печы, вуркатаў свае песьні і час ад часу ўтрапёна пазіраў на ўваходныя дзьверы. Іван удыхнуў паветра, каб паклікаць Барыса, але ў той жа міг у сенях бразнула даёнка і кот вомігам растварыўся ў шарым запечным паўзмроку.
Маці ціхенька адчыніла дзьверы, і ў хаце запахла сырадоем. Паставіўшы на ўслон даёнку, маці зьняла зь цьвіка марліну, страсянула абедзьвюма рукамі, і неўзабаве сырадой ценькім цурком паліўся ў збан. Іван заплюшчыў вочы, прыслухаўся да зыкаў, што даляталі з кухні, і кожны матчын рух яскрава адбіваўся ў ягонай сьвядомасьці. І вось цурчаньне стала больш глухім, маці штосьці прамармытала сама сабе, грукнула вядром ды нечакана спалохана гойкнула:
— А каб ты спрах, кацера ты чортава!
Ну вядома — кот Барыс ізноў напужаў маці. Печ у хаце высокая, і Барыс, сігануўшы зь верхатуры, напачатку скочыў на матчыну сьпіну і толькі потым зьляцеў на падлогу.
— Во халера на маю галаву! І на чорта мне гэты кот?! — бедавала маці, разьліваючы сырадой, а напоўніўшы другі гарлач, плёснула малака ў Барысаву чаропку. Хвіліну Іван слухаў, як роспачна ляпаў языком кот Барыс, пасьля чаго крэкнуў і падняўся на ногі.
— Што, піў учора? — запыталася Ларыса Пятроўна, калі сын, пачарпнуўшы вады зь вядра, прыпаў да конаўкі.
— Угу! — вымавіў Іван, не перарываючы піцьця, а наталіўшы смагу, выцер вусны і, апярэджваючы матчыны словы, дадаў: — Зь Лябёдкам, п’янтосам гэтым няшчасным.