Выбрать главу

Ён прабег на цырлах па халоднай падлозе, шмыгнуў у цёплую пасьцель і яшчэ раз, цяпер ужо з райскім задавальненьнем, пацягнуўся.

— Алкаш гэты... узяўся тэлевізары рамантаваць, — азвалася з кухні маці, плюхнуўшы вады ў даёнку. — Авадзісе адрамантаваў, дык, казала, два дні гук быў, а на трэці ня стала. — На кухні зноўку плюхнула вада, гэтым разам у мядніцу, і маці, адчыніўшы дзьверы, пачала выносіць збаны на холад.

— У нас жа тэлевізараў мала, рамантаваць няма чаго, дык панадзіўся ў Азярышча езьдзіць. Думаў, там яму адваліцца... А людзі, што ў тэлеатэлье працуюць, злавілі ды ў каршэнь натаўклі — во як! — маці вохнула, падхапіўшы штосьці цяжкое, і выйшла з хаты.

Іван асавела пазяхнуў, зьбіраючыся паспаць яшчэ якую гадзіну, але маці зноў убілася ў хату і, кінуўшы ля печы абярэмак дроў, недарэчна голасна абвясьціла:

— У Пятроўны карова ацялілася. Цялушачка такая ж, як наша Рагуля. Сама чорная, а на лобе меціна...

Каб ня слухаць матчынай балбатні, Іван утоўк галаву ў падушку, абхапіў яе рукамі і, ашчадна дыхаючы, стаў думаць — ехаць яму зь Лябёдкам ва Ўсьвяцкі раён, ці, мо, застацца дома.

Лябёдка, на якога не стамлялася лаяцца Ларыса Пятроўна, быў наагул хлопцам ніштаватым. Піў, вядома, але ж і справу сваю ведаў. Пазалетась ягоны партрэт нават у раённай газэце надрукавалі. “Кінамэханік Бычкоўскага кінастацыянару М. Лебядзько рыхтуецца да чарговага сэансу”. Наблытаў, праўда, карэспандэнт у прозьвішчы, але як не наблытаеш, калі яго ад Лябёдкавай кінабудкі да старшынёўскага “казла” ўтрох вялі. Дакладней кажучы, вялі двое — сам Лябёдка ды Лёшка Мандрык, а Іван карэспандэнту ногі перастаўляў — гэтак чалавек напіўся.

Меў былы кінамэханік, апрача гарэлкі, яшчэ адну жарсьць — радыётэхніку. У школе нават марыў у радыётэхнічны інстытут паступаць, а ў восьмай клясе, знайшоўшы ў нейкім часопісе схему, змайстраваў электрагітару. Інструмэнт гэты быў у той час вялікай рэдкасьцю — паглядзець на яго нават з Азярышча прыяжджалі. Лябёдка зь ім на канцэртах выступаў, да клюбнай радыёлы падключыўшы. Ну, а як ужо ў войска ішоў, падараваў гітару Лёшку Мандрыку, сыну загадчыцы клюба. Лёшка таксама на канцэртах брынкаць узяўся, хоць граць і ня ўмеў. Але брынкаў нядоўга — штосьці там у гітары замкнула, і Лёшку падчас канцэрту токам смальнула. Мандрычыха пасьля таго гітару аб клюбны ганак разьбіла і чутку пусьціла, што Лябёдка Лёшку халеру тую падараваў, каб са сьвету зьвесьці.

З войску — а служыць яму давялося ў нейкай дужа сакрэтнай часьці — Лябёдка вярнуўся зь сяржанцкімі лычкамі на пагонах і з “корачкамі” радыёмэханіка ў кішэні. Уладкаваўшыся кінамэханікам, ён першыя паўгода не вылазіў з кінабудкі: самаробны тэлевізар майстраваў, а змайстраваўшы — у п’янку кінуўся. Аднойчы да таго дапіўся, што сеў на распалены літавальнік і апошнія свае штаны прапаліў. Пасьля таго выпадку больш тэлевізарамі не захапляўся, а ўсё сваё начыньне — літавальнік, лямпы з кандзёрамі і кавалак каніфолі — Мішку Бадунову падараваў...

— Ванька, чуеш?! — прашамацела ля вуха, і Іван выцягнуў галаву з падушкі. — Кашу еш, у печы стаіць... Я на фэрму. — На кухні пстрыкнуў выключальнік, нема вякнуў кот Барыс — маці, відаць, наступіла яму на хвост, і Іван, паморшчыўшыся, зноўку ўтоўк галаву ў падушку. Хвілю ён ляжаў, потым усхапіўся на ногі, прабег на кухню і, наставіўшы струмень у памыйную мядніцу, прашаптаў: — Еду.

ІІ

З Дабранскай гары, на якой стаіць сталоўка, вёска бачная як на далоні. Сёньня нядзеля, людзей не відаць, адно што на Траянчысіным двары завіхалася некалькі постацяў, туркацеў трактар ды чулася бязладная гамонка. Іван прымружыўся, пазіраючы ў бок Траянчысінага двара, і міжволі пасьміхнуўся. Ну, вядома: Хведзька Траян зноўку дзяліў са сваёй сястрой угнаеньні з матчынага сьвінушніка. Загнаўшы на падворак трактар, Хведзька з жонкаю ўскідвалі на трактарны вазок парсючыны гной, а сястра ягоная, Проська — ускудлачаная, у квяцістым халаце — стаяла на вазку і скідвала гной долу.

Хведзька з Проськаю ўжо ня першым разам матчына дабро дзялілі. Летась нават таварыскім судом судзіліся і па пятнаццаць рублёў штрафу атрымалі. Іван на тым судзе якраз за сьведку быў. Яму і цяпер карцела пабегчы на Траянчысін падворак ды паглядзець, як там усё будзе, але ж трэба было чакаць Лябёдку. Пагатоў, жалезны гараж, які стаяў каля Лябёдкавай хаты, быў прачынены, і гэта наводзіла на думку, што сябрук ужо недзе лётаў на сваёй “Паноніі” і мог зьявіцца ў любую хвіліну.

На вясковую вуліцу тым часам пачалі выбягаць кабеты, старая Траянчыха ўголас залямантавала, Іван стаіў дых, чакаючы разьвязкі, але нічога такога ня здарылася: Проська нечакана зьлезла з вазка, Хведзька ўлез у кабіну, і трактар, напоўніўшы навакольле белым дымам, паволі выехаў з падворка.