Убачыўшы такое, Іван незадаволена скрывіўся: летась было цікавей. Летась Проська братавай пад вока ліхтар наставіла і гной на галаву ўскінула. Пятнаццаць рублёў штрафу за тое атрымала. На суд тады ўся вёска сышлася, нават з Гатава папрыходзілі. У дзьвярах стаялі, а загадчыцы клюба Мандрычысе, якая судзьдзёй была, ад задухі і хваляваньня млосна стала.
Прыгадваючы ўсё гэта, Іван агледзеўся, разважаючы, чым бы гэта заняць рукі, а ўбачыўшы на сьцяне сталоўкі пакарабачаную трубку, у якой, па выпадку сьвята, павінен быў тырчаць чырвоны сьцяг, стаў накідваць на яе сваю пацёхканую вушанку. Зь пятага ці шостага разу яму гэта ўдалося, Іван задаволена пацёр рукі, агледзеўся, шукаючы якую палку, і ў гэты момант чуйны слых ягоны вылучыў зь бязладнага трактарнага туркатаньня дробны ляскат Лябёдкавай “Паноніі”.
Матацыкл ляскатаў з натугаю, і, што самае дзіўнае, за сьпінаю Лябёдкавай сядзела, загаліўшы белыя сьцёгны, загадчыца сталоўкі Пятроўна.
“Куды гэта яны? Ці не ва Ўсьвяцкі раён?” — падумаў Іван і на ўсялякі выпадак прыхаваўся за рогам сталоўкі.
Лябёдкавы драндулет даехаў толькі да сярэдзіны гары. Чхнуўшы, матацыкл заглух, зьехаў з дарогі, занурыўся колам у прыдарожны кювэт.
— Пятроўна, пачакай! — даляцеў да Іванавых вушэй зычны вокліч, але Пятроўна, якая ўжо шыбавала па бальшаку, на той вокліч нават не азірнулася. Датупаўшы да сталоўкі, кабета перавяла дых — было добра чуваць яе нэрвовае дыханьне, — павярнула ключ, кінула на парог грукатлівую завалу.
Неўзабаве ля дзьвярэй сталоўкі цяжка засоп і былы кінамэханік. Падагнаўшы матацыкл да слупа, ён таксама перавёў дых, мацюкнуўся, і сталоўскія шыбы зумкнулі ад надрыўнага голасу Пятроўны.
— Забірай сваю халеру! І ў выхадныя няма спакою! — загадчыца выставіла на ганак валізу, грукнула завалай і прашаптала тое ж нядобрае слова, якое хвілю таму прамовіў Лябёдка.
Іван кашлянуў, выйшаў насустрач сябру.
— А-а! Ваня! — Лябёдкава рука балюча сьціснула пальцы. — Вось, забыліся ўчора, — кіўнуў сябрук у бок валізы, выцягнуў з кішэні пачак “беламору”. — Чуў, як угнаеньні дзялілі? Зноў за сьведку выступаць будзеш? — рагатнуў Лябёдка, ляснуў чамаданнымі зашчапкамі, а Іван пасьля такіх слоў незадаволена плюнуў.
Летась, падчас таварыскага суда, на якім Проську судзілі, Іван у кінабудцы сядзеў, бо ў зале не было месцаў. І вось, калі Мандрычыха пачала пытацца, хто бачыў бойку, усе, хто сядзеў у клюбе, языкі прыкусілі ды вочы ў падлогу панурылі. Хвілін пяць так сядзелі, нават кашляць перасталі. Тут у Івана язык і разьвязаўся. Крыкнуў праз адтуліну, маўляў, ён бачыў і аб усім распавесьці можа. Мандрычыха тады акрыяла, пачала нешта пытацца, а Іван адказваў, у адтуліну гарлаючы.
Пасьля суда маці яго цэлы вечар прабірала, спрабавала нават вушы накруціць. Проська ж яе сяброўкай была, а Іван на тую сяброўку невядома што нагаварыў...
— Во, бляха...— вылаяўся Лябёдка, узьняўшы чамаданнае вечка, — шэсьць е пяць эс... так і знаў, што паб’ецца.
Выкінуўшы з валізы шкляныя аскалёпкі, былы кінамэханік ізноў мацюкнуўся, падняўся на ногі, а Іван, згадаўшы пра шапку, пабег здымаць яе са сьцяны сталоўкі.
З Дабранскай гары ляцелі, не адчуваючы пад сабой азадкаў. Вецер пругка біў у твары, душа сьціскалася ў камяк, і рот неяк сам сабою адкрываўся. Івану карцела сьпяваць, крычаць штосьці насустрач ветру, а аднаго разу, калі “Панонія”, наехаўшы на грудок, адарвалася ад зямлі, заманулася нават куснуць ад захапленьня Лябёдкаву сьпіну.
Яны ехалі ў Велікарусію.
Ужо ад самой гэтай назвы павявала нечым патаемным. Гэтае “Р”, гэтае “У”, гэтае “С” праціналі разам зь ветрам душу, казыталі яе трапяткім халадком. Хоць Івану і раней даводзілася бываць у той Велікарусіі (езьдзілі з маці ў Невель купляць школьны партфэль ды чаравікі), але тое было даўно. Ды і езьдзілі яны на рэйсавым аўтобусе. А тут гналі на матацыкле, па прасёлачнай дарозе і ня ў нейкі там Невель, а ў нязнаны і загадкавы Ўсьвяцкі раён.
Праехаўшы кілямэтраў дзесяць-дванаццаць, “Панонія” пайшла з натугаю, зь неахвотаю, аглушальна страляючы выхлапнымі газамі. Гэтая страляніна ўзьняла ў паветра навакольных гракоў, і яны, зьбіўшыся ў кучу, кружлялі ў вышыні, перабіваючы сваім граем матацыклетнае стракаценьне. Ціснучыся да Лябёдкавай сьпіны, Іван зірнуў угору і з усьмешкаю на вуснах згадаў, як маці хрысьцілася аднойчы, пабачыўшы над галавою гэтых чорных птушак.
— Эй, што там у цябе? — гукнуў Лябёдка, таргануўшы правым локцем.