— Дзе? — не зразумеў Іван.
— За пазухай! У сьпіну цісьне...
За пазухай у Івана ляжалі ўкручаныя ў газэціну лусьцікі.
— Хлеб з маслам. Узяў у дарогу, — патлумачыў Іван, а сябар, крутнуўшы галавой, жартам пракрычаў:
— Лепш бы ты бутэльку ўзяў! Хлеба з маслам нам і так дадуць!
На чарговым пад’ёме “Панонія” яшчэ раз стрэльнула — хвацка, напята, раскаціста, і Лябёдка, зьехаўшы на ўзьмежак, заглушыў матор.
— Ну і гакае! Што пугаўём лупіць, — захоплена зазначыў Іван, слухаючы гулкае рэха, а зьлезшы з матацыкла, задаволена пацягнуўся.
Сябар між тым быў нечым устурбаваны. Прыўзьняўшыся на понажах, ён падняў сядзеньне, выцягнуў з-пад яго нейкую брудную анучку, пасьля чаго прыгнуўся і пусьціў сьліну на матацыклетны рухавік.
— На, зьбегай, змачы ў лужыне, — загадаў ён, працягнуўшы анучку, і Іван, ня цямячы, навошта ўсё гэта трэба, пабег выконваць загад.
Пабоўтаўшы анучку ў халоднай вадзе, ён хацеў яе выкруціць, але пачуў воклік: — Ня трэба! — і подбежкам вярнуўся да матацыкла.
— Грэецца, халера, аж нагу пячэ, — Лябёдка пляснуў анучу на распалены рухавік, і галава ягоная схавалася ў аблачыне смуродлівай пары.
— Фу, бляха! — Былы кінамэханік паморшчыўся, паляпаў па сьцёгнах, шукаючы папярос, а згадаўшы, што выпаліў кагадзе апошнюю папяросу, мацюкнуўся і сеў на край узбочыны.
Мясьціны навокал былі глухія — ані людзей, ані паселішчаў — адно кусты, кусты, ды сям-там пракідваліся пералескі зь цёмнымі елкамі ды беластвольнымі бярозамі. Гулкае бязьлюдзьдзе і асьлізлае неба над галавой нарадзілі у душы няўцямную трывогу, таму Іван, які таксама ўладкаваўся на ўзбочыне, падсеў бліжэй да сябра.
— Пажаваць чаго, ці што? А, Ваня?
Іван кіўнуў, пагаджаючыся з такімі словамі, памружыўся на сіні далягляд і толькі пасьля таго, зразумеўшы намёк, выцягнуў з-за пазухі пакет з лусьцікамі.
Яны елі хлеб з маслам, Лябёдка пры гэтым чытаў раённую газэту, у якую былі загорнутыя лусьцікі, а прачытаўшы ўголас пра візыт Эрыха Хонэкера ў Маскву, абклаў таго мацюкамі і пусьціў газэту па ветры.
— Кілямэтраў пяць яшчэ, — крэкнуў Лябёдка, падымаючыся на ногі. — Вунь, за тым лесам — павернем на бальшак, а там ужо недалёка. — Лябёдка паставіў нагу на понаж, а Іван, перш чым асядлаць “Панонію”, паглядзеў на неба. Угары ізноў усхадзіліся гракі. Надрыўна гарлаючы, яны кружлялі вакол “Зары камунізму”, якая белай птушкай ўздымалася над зямлёю.
Адбіўшы азадкі і ўдосыць наглытаўшыся пылу, яны выехалі на бальшак, павярнулі направа, і неўзабаве з-за пагорка ўсплыў дарожны ўказальнік з надпісам “Чурилово”. Іван тыцнуў кампаньёна ў бок, пытаючыся такім чынам, ці ня Ўсьвяцкі гэта раён, і кампаньён сьцьвярджальна кіўнуў галавой.
Па вёсцы пракаціліся з шыкам, з форсам, разганяючы перапуджаных курэй і прымушаючы азірацца чурылаўскіх цётак. Ля сельмага Лябёдка, па старой звычцы, газануў, даў кругаля вакол нейкай кабеты, і спыніўся ў лічаных сантымэтрах ад сельмагаўскага парога.
— Лётаюць як самашэччыя! І калі ўжо сабе галовы скруцяць? — азвалася за сьпінаю кабета, і Іван, злазячы з матацыкла, падзівіўся з таго, што велікарусы размаўляюць на той жа мове, што і бычкоўцы.
Кабета незадаволена пратупала да крамы, адчыніла рыпучыя дзьверы, а сьледам за ёю ў краму ўвайшоў і Лябёдка. Івану таксама карцела зірнуць на тутэйшыя тавары, але навокал круціліся вясковыя падшывальцы і трэба было сьцерагчы валізу. Ён наваліўся жыватом на сядзеньне і, мружычыся, не раўнуючы, як той кот Барыс, стаў глядзець на пашарпаныя крамныя дзьверы. Дзьверы доўга не расчыняліся, нарэшце разнасьцежыліся, зь іх выйшла дзябёлая кабета, якая, узяўшы рукі ў бокі, доўга азіралася, а згледзеўшы некага, сіпла галёкнула:
— Манька, ты круп узяла?!
— Анягож! — адгукнулася нябачная Манька, і Іван, паслухаўшы ўсё гэта, пераканаўся, што велікарусы ва Ўсьвяцкім раёне размаўляюць на чысьцюткай беларускай мове.
Лябёдка выйшаў з крамы хвілін праз пятнаццаць. Стоячы на ганку, сябрук надарваў пачак “беламору”, выцягнуў папяросу, а ўбачыўшы, што да крамы ідзе маладая жанчына, нядбайным рухам кінуў пачак Івану. Іван злавіў яго абедзьвюма рукамі, але некалькі беламорын упала на пясок, і эфэкт ад кідка быў змазаны.
— Жывем, Ваня! Працы — на месяц! — прамовіў Лябёдка, зірнуў краем вока на маладуху і, перахапіўшы з Іванавых рук пачак, стоена шапянуў: — Кабеньчыха. Перадапошняя хата направа.
Вёска Чурылава памерамі была — што тыя Бычкі. Двароў восемдзесят-дзевяноста. Але ў адрозьненьне ад Бычкоў хаты тут стаялі ў поўным бязладзьдзі: аніякіх табе вуліц, так што пакуль знайшлі Кабеньчыху, давялося ладна пакруціцца.