Падкаціўшы да патрэбнай хаты, яны зьмерылі вачыма тэлевізійную антэну, што тырчала над страхою, і наструнена пераглянуліся: у глыбіні разьлеглага, парослага жухлай лебядою двара, заходзіўся ад брэху віславухі сабака. Каб не бянтэжыць гаспадароў, Лябёдка зьняў з галавы шлем, прылашчыў валасы і, не рашаючыся ўвайсьці ў двор, зычна кашлянуў. У адным з вакенцаў зварухнулася фіранка, і праз хвілю-другую на парозе хаты зьявілася пахілая бабуля.
— Мы па выкліку! Тэлевізары рамантуем! — выгукнуў Лябёдка, але бабуля не пачула.
— Ну до табе, до! — крыкнула гаспадыня на сабаку і, прыбраўшы з вуха хусьцінку, дробна затупала да весьніц.
— Тэлевізары, бабка, рамантуем. Прыехалі во... па выкліку, — Лябёдка страсянуў над галавою валізкай.
Ага! Цілівізеры! А дзеткі ж вы мае, а што ж вы адразу не сказалі? — пляснула рукамі бабуля і таропка адчыніла брамку.
Бабчын віславухі дварняк тым часам ужо асіп і брахаў з падвываньнем.
— Ці сьціхнеш ты, нячыстая сіла?! — прасіпела гаспадыня, падхапіла з-пад ног дубец, і сабака, пакрыўджана скавытнуўшы, сьпехам залез у будку.
— І калі ўжо акалееш? — з гэтымі словамі старая піхнула рукою дзьверы, і яны ўвайшлі ў хату.
У хаце было прыцемна — лямпачка пад стольлю была заседжана мухамі, давала мала сьвятла, таму давялося цягнуць бабчын “Тэмп-6” да вакна і падключацца да разэткі праз падаўжальнік.
Тыцнуўшы ў Іванавы рукі літавальнік, майстар Лябёдка зьняў з тэлевізара заднюю панэль, пахістаў галавою і папрасіў у гаспадыні анучку — відавочна, каб сьцерці пыл зь лямпаў.
Наступныя дзесяць хвілін майстар торкаў некуды правадкі, сочачы пры гэтым за стрэлкаю прыбора, а згадаўшы пра літавальнік, запытаў:
— Грэецца?
Літавальнік быў халодны. Іван патузаў шнур, паварушыў вілку ў разэтцы, але марна: інструмэнт ня грэўся.
— Эх, Ваня... вучыць цябе яшчэ ды вучыць... Стрыжань у літавальнік не ўпіхнуў, таму і ня грэецца, — уздыхнуўшы, Лябёдка выдзер з тэлевізійных нетраў нейкую зялёную дэтальку, паглядзеў на гаспадыню і ўстурбавана правёў далоньню па твары.
— Кандэнсатар згарэў. Страшэнна дэфіцытная рэч. У мяне, праўда, ёсьць адзін, але гэта для райкамаўскага тэлевізара. Там таксама кандзёр накрыўся.
— Вы ж ужо як-небудзь... — выдыхнула гаспадыня, кінулася на кухню, і майстар, пачуўшы бразгат шклянак за сьценкаю, падміргнуў кампаньёну і задаволена падкінуў на далоні згарэлы кандэнсатар.
Праз паўгадзіны справа была зроблена. У хаце пахла каніфольлю, пад стольлю луналі пасмы белага дыму, а сьцены хаты аж дрыжэлі ад грому вайсковага параду, які паказвалі па тэлевізары. Узяўшы за працу тры рублі і запытаўшыся, ці патрэбная квітанцыя, Лябёдка зачыніў валізу і зь дзіўнай рашучасьцю накіраваўся да дзьвярэй.
— Можа б, перакусілі чаго? — нясьмела вымавіла ўсьлед яму бабуля.
— Няма часу, бабка. Яшчэ пяць хат абысьці трэба. Праўда... — майстар павярнуўся да напарніка, зьмерыў яго позіркам і з разважлівай заклапочанасьцю прамармытаў: — Іван галодны. Цэлы дзень ня піў, ня еў. Як ты, Ваня, перакусіш? — і не пасьпеў Іван раскрыць рота, як Лябёдка штурхнуў яго да стала і спрытным рухам адкаркаваў бутэльку “Прамяністага”.
Яны выпілі па шклянцы, аддзьмухнуліся, захоплена ўторкнулі відэльцы ў румяныя скваркі, якія сквірчэлі і стралялі тлушчам на гарачай патэльні.
— Кантрастнасьць нармальная, толькі сьняжыць крыху, — прамовіў, кульнуўшы другую шклянку, Лябёдка. — Зь Велікалуцкага рэтрансьлятара сыгнал кволы. Наступным разам пад’едзем — паспрабуем антэну на Віцебск павярнуць.
Гаспадыня заківала галавой, стоена ўздыхнула, і ўся яе пастава выдавала на тое, што ёй карцела нешта сказаць.
Карцела сказаць слова і Івану. Выцершы рукавом сальныя вусны, ён павярнуўся да бабулі і задаў пытаньне, якое даўно ўжо сьпела на языку:
— А вы рускія?
Гэтае пытаньне не на жарты ўсхвалявала бабулю. Старая шморгнула носам, залыпала павекамі і няўпэўнена прашаптала:
— Рускія...
— Рускія, а гамоніце па-нашаму: картошку бульбай называеце...
— А адкуль жа вы? — пацікавілася гаспадыня.
— Зь Неўля мы, з тэлеатэлье, — адказаў за Івана Лябёдка і, храбуснуўшы скваркай, стукнуў напарніка каленам па назе.
— А мы, дзеткі, і самі ня ведаем — хто мы, — нечакана пажвавела бабуля. — Мой Ляксей, зямля яму пухам, расказваў... Прыедзем, кажа, у Пскоў, пачнем там гаманіць, а скрабары сьмяюцца, кажуць: — Ізноў пылякі прыехалі! — старая перахрысьцілася на цёмны кут, аблашчыла майстра сьцярожкім паглядам і прыцішаным голасам запытала:
— Можа б вы і маёй сястры цілівізер зрабілі?