Прапанова такая не зьдзівіла майстра. Ён адкінуўся ў крэсьле, змучана аддзьмухнуўся…
— Непадалёку тут жыве, у Берасьцянцы... крайняя хата ад ракі. Туды і дарога добрая.
Старая дапытліва заміргала вачанятамі, а майстар, зірнуўшы на сьпісаны алоўкам пачак, гаротна ўздыхнуў.
— Не магу, бабуля. У мяне тут толькі па Чурылаву пяць выклікаў. Во... глядзі, — майстар тыцнуў пальцам у пачак, — Ліхаманавы, Пракопаўна, Балабайка...
— Балабайку зяць зрабіў. Учора прыехаў, — перапыніла Лябёдку гаспадыня, выбегла ў сені і праз хвілю паўстала ў пройме дзьвярэй з новай пляшкаю “Прамяністага”.
З гасьціннай хаты Праскоўі Кабенькі — так звалі гаспадыню — выкульваліся, задаволена адрыгаючы віном і цыбуляй. У паветры кружыліся сьняжынкі, бабчын сабака прыязна махаў хвастом, а сама гаспадыня, якая таксама кульнула чарку, не магла суняць расстайную сьлязіну.
Ідучы да матацыкла, Іван падлічыў у галаве дзённую выручку, якую можна мець ад рамонту тэлевізараў, потым уявіў тую кучу грошай і з захапленьнем паглядзеў на камлюкаватую Лябёдкаву сьпіну.
— Дзядзькі, да нас зайдзіце! У нас таксама тэлевізар зламаўся... І ў мяне зламаўся...— разам загаманіла вясковая дзятва, калі яны падышлі да весьніц. Падшывальцаў сабралася ня меней як тузін; усе яны аглушальна гаманілі, і Лябёдка, насунуўшы на голаў шлем і ўкінуўшы ў рот папяросу, скрозь зубы працадзіў: — Зойдзем, толькі ў Берасьцянку зьлётаем.
Прытарочыўшы да бэнзабаку валізу, майстар вохнуў, паведаміў падшывальцам, што недапіты — гэта горш, чым недабіты, таргануў галавой, і падшывальцы, умомант зразумеўшы той жэст, добрых тры кілямэтры піхалі матацыкл, аж пакуль той не завёўся.
Дарожны паказальнік з надпісам “Берестянка. 2 км” трымаўся на адным цьвіку, паказваючы вострым канцом на прысыпаную рэдкім сьняжком узбочыну. “Ці не на той сьвет паказвае?” — падумаў Іван, згадаў родную хату і ўпершыню пашкадаваў, што выбраўся ў гэтую вандроўку.
Дарога ў Берасьцянку і сапраўды нагадвала дарогу ў пекла. Уся яна была разьбітая коламі “беларусаў”, глыбокія каляіны прыхапіла марозам, і ехаць па той праселіцы было папросту немагчыма. Дапамагаючы сабе нагамі, Лябёдка коўзаўся на матацыкле па калдобінах, пругкі алешнік хвастаў яго па твары, і майстар, адплёўваючыся каляным лісьцем, слаў праклёны на “беларусаў”, нялюдзкую дарогу і старую Кабеньчыху, якая яго ў тую дарогу выправіла.
Іван шыбаваў сьледам, прыціскаў да грудзей валізку (зьнялі з матацыкла, каб не пабіць радыёлямпы) і п’янавата пасьміхаўся: цяжка было ўтрымацца ад усьмешкі, пазіраючы на Лябёдкавы пакуты.
Да вёскі дабіраліся цэлую гадзіну, пры гэтым два разы спыняліся, каб ахаладзіць рухавік, а выбіўшыся з кустоў на роўнае поле і ўбачыўшы на даляглядзе вясковыя хаты, Лябёдка зморана паваліўся на пасівелую ад марозу траву.
Івана, праўда, дарога ня надта і стаміла: на зямлю ён паваліўся хутчэй з пачуцьця салідарнасьці, а паляжаўшы хвіліну-другую, прыўзьняўся на локці і азірнуў навакольле. Нават такім шэрым днём мясьціны тутэйшыя уяўляліся даволі маляўнічымі. Роўнае поле, пасярод яго стаяла згалелае дрэва, а леваруч, бліжэй да вёскі, бліскала між кустоў ці то рачулка, ці то азярына.
— Ловаць. Вялікая рака, — выдыхнуў Лябёдка, перахапіўшы Іванавы позірк. — Я тут летась рыбу лавіў.
Колькі часу яны ляжалі моўчкі аж пакуль Лябёдка не падхапіўся на ногі.
— Усё! З бальшаку цяпер ні на крок... І грошы буду браць па прэйскуранту! — прамовіў ён, шпурнуўшы недакурак, і гэта азначала, што хмель выпетрыўся зь Лябёдкавай галавы, і настрой з тае нагоды канчаткова сапсаваўся.
Берасьцянка — невялічкая, ня болей дзесяці хат вёска — упіралася сваім канцом у рачны бераг. Памятаючы словы бабці Параскі, кампаньёны, не пытаючыся дарогі, паехалі да Ловаці, а ўбачыўшы над крайняй хатай шост з пакарабачанай антэнай, рашуча завярнулі ў двор. Лябёдка па-майстэрску дакладна ўпісаўся ў вузенькія весьніцы, узьняў у паветра курэй, загнаў на страху вялізнага чорнага ката і, выклікаючы гаспадароў, да ўпору крутнуў ручку газу. Лябёдка, відаць, добра напужаў гаспадароў, бо яны нічым сябе не выдавалі, а калі нарэшце дзьверы прачыніліся, дык у дзьвярную пройму можна было ўпіхнуць хіба што нос. Нос, дарэчы, і вытыркнуўся з проймы, і Лябёдка, маракуючы — каму ён мог належаць — мужчыну, ці жанчыне, прыязным голасам вымавіў:
— Вам прывітаньне ад сястры.
Пройма пашырылася, зь цёмных сяней вытыркнулася сьсівелая бабуля, якая зьдзіўлена-плаксівым голасам запытала:
— Якой гэта сястры?
— Якой-якой... Кабеньчыхі, халера старая, — буркнуў Лябёдка, вырваў з Іванавых рук валізку і, бачачы, што гаспадыня па-ранейшаму зь недаверам лыпае вачыма, дадаў: — Зь Неўля мы, з тэлеатэлье. Тэлевізары рамантуем.