Выбрать главу

Зірнуўшы на Лябёдкавы шлем, гаспадыня паспрабавала прычыніць дзьверы, аднак Лябёдка пасьпеў упіхнуць нагу ў дзьвярную шчыліну і з усёй рашучасьцю ўвайшоў у сені.

— Давай, бабуля, гатуй пачастунак, а то ў нас часу мала, — загрымеў праз хвілю ягоны голас, і Іван, азірнуўшыся на бокі, падаўся ў хату.

У Кабеньчысінай хаце было цёмна, няўтульна, а тут панаваў парадак, пахла нейкімі зёлкамі, а на засланым белым абрусам стале красавалі папяровыя кветкі ў зялёнай вазе. Тэлевізар таксама быў засланы белым абрусам, і Лябёдка, не рашаючыся зьняць яго сваімі бруднымі рукамі, зь нецярплівасьцю паглядзеў на гаспадыню. Бабуля ў сваю чаргу паглядзела на Івана, потым перавяла позірк на валізку, а ўпэўніўшыся, што перад ёю тэлемайстры, увішна падхапіла покрыўку.

— Даччын цілівізер, — паведаміла старая, змахнуўшы пыл з экрана. — Сабе новы ўзяла, а мне ўжо гэты... Прывезьлі зь зяцем, уключылі... Як тут былі, дык рабіў, а як зьехалі, дык зламаўся. — Бабуля ўздыхнула, склала ў дзьве столкі абрус, а ўбачыўшы, што майстар зморана адсопся, дэманструючы, што такія размовы яму добра-такі надакучылі, ціхенька сышла на кухню.

Лябёдка паднёс штэпсэльную вілку да разэткі, але нечакана сумеўся, страсянуў вілку ля вуха.

— У вас тут мужчыны ёсьць? — крыкнуў, зьвяртаючыся да бабулі, майстар, і голас ягоны сьведчыў за тое, што калі яму зараз жа не нальюць пахмяліцца, ён і папраўдзе памрэ.

Гаспадыня, відаць, адчула настрой тэлемайстра, бо ў тое ж імгненьне на кухні аглушальна засквірчэлі яйкі на патэльні.

— Якія там мужчыны!.. Бабы ды два дзяды... Базылю восемдзесят, а Хамёнку яшчэ больш... Японскую памятае.

Майстар выпусьціў праз нос паветра, варухнуў кадыком і зь нейкай разьюшанай апантанасьцю стаў раскручваць штэпсэльную вілку.

За вакном сутоньвалася. Сьнежныя крупы стукалі па шыбе, у коміне галасіў вятрыска, і ад усіх гэтых зыкаў Івану зрабілася не па сабе.

“І калі ўжо вернемся?” — падумаў ён, панылымі вачыма азіраючы хату. — Трэба было хоць цыдулку пакінуць, каб маці не хвалявалася”.

Іван затрымаў позірк на ходзіках, што цікалі пад стольлю, і з грудзей ягоных вырваўся пакутлівы ўздых. Гадзіньнік паказваў палову трэцяй: акурат гэтым часам маці вярталася зь дзённай дойкі. “Пабачыць, што мяне няма, і да Пятроўны пацягнецца. Тая і скажа, з кім паехаў...” — Іван уявіў, як роспачна будзе лаяцца маці, як яна, зганяючы злосьць, будзе ганяцца з ручніком за катом Барысам, і, заняты сваімі думкамі, не пачуў Лябёдкавага вокліку:

— Эй, Ваня... заснуў?

У сьвятліцы грала музыка, на кухні сквірчэлі скваркі, а на тэлевізійным экране каласілася жыта, і стройным шыхтом ішлі камбайны.

“Рублёў дзесяць зьдзярэ, і віна вып’е пад самую завязку”, — незадаволена падумаў Іван, з дакорам зірнуў на сябра, але той, насуперак ягоным меркаваньням, ад грошай адмовіўся.

— Схавайце свае рублі... — кінуў Лябёдка, згледзеўшы ў бабчыных руках пакамечаны трульнік. — З-за такога рамонту і квітанцыю неахвота выпісваць — у штэпсэлі правадок адышоў… Чарку мо вып’ем, калі нальяце.

— Нальем, нальем. А як жа не наліць, — узрадавана замітусілася старая, — ёсьць і чарка, і да чаркі... — і, падхапіўшы па дарозе чапялу, гаспадыня кінулася да печы.

Пілі і елі стоячы, бо расьседжвацца не было часу. Бабця Мар’яна (так сябе назвала гаспадыня) выставіла на стол бутэльку “чарніла”, а таксама яечню і саган гарачай бульбы на закуску. Бегаючы за матацыклам, Іван добра-такі выгаладаўся — бульба са скваркамі проста раставалі ў роце. Згаладаў і сябра. Налягаючы на бульбу — аж нос угінаўся, — Лябёдка хапаў ротам паветра, варушыў коўцікам і пры гэтым няўцямна мармытаў:

— Думаеш, калі ў мяне брат... у тэлеатэлье працуе... дык мне дэталі дарма даюцца? За адзін трансфарматар... дзьве бутэлькі аддаў...

За лічаныя хвіліны яны выцерабілі саган бульбы, праглынулі яечню, асушылі ад тлушчу патэльню, і ўвесь гэты час гаспадыня стаяла пасярод кухні, пазіраючы на майстра, не раўнуючы, як на Міколу-ўгодніка. Выдавала на тое, што яна хацела нешта сказаць, і майстар, бачачы такую нерашучасьць, запытальна міргнуў левым вокам.

— Дачка ж павінна прыехаць. Трэба ж ёй аполец сала даць, ды нейкіх кілбас...— выдыхнула, нарэшце, гаспадыня і, нібыта спужаўшыся ўласных слоў, заціснула рот ражком паркалёвай хусткі.

Хлопцы счакалі хвіліну, спадзеючыся, што старая скончыць думку, але тая маўчала, і Лябёдка, кіўком галавы ўхваліўшы такія жадункі, разьліў рэшткі віна па шклянках.

— Дапіваем і йдзем, а то матор астыне. Піхай тады... да самага дому, — рука Лябёдкава пацягнулася за шклянкай, ды нечакана замёрла ў паветры.