— Можа б вы мне, мальцы, кабана закалолі? — пудка запыталася гаспадыня, а згледзеўшы на майстравым твары разгубленасьць, нахілілася і выцягнула з тумбачкі вялізную, закаркаваную газэцінай бутлю.
Спусьцісты, парослы густым лазьняком бераг пачынаўся адразу за хатай. Убіўшыся ў кусты, Іван расшпіліў прарэх і падуладны нэрвовым дрыжыкам струмень шапатліва ўдарыў па ссохлым лісьці.
Іван хваляваўся. Нават далоні ўпацелі. І хвалявацца было з чаго: кабаноў ён зроду ня рэзаў. Ды што там кабаны... Ён і курыцы засекчы не даваў рады. Летась цюкаў пеўня, дык траха бяз пальцаў не застаўся, і певень, з рук вырваўшыся, наляцеў, безгаловы, на маці і новую спадніцу скрывавіў. Ну, а Лябёдка, хоць і наплёў гаспадыні, што за сваё жыцьцё дванаццаць сьвіней прыкончыў, але ж пры гэтым на бокі азіраўся і вусны прыкусваў. Дзе яму было іх прыкончваць, калі ў Лябёдчыхі ў двары апрача чатырох курэй ды аблезлага ката анічога больш не вялося.
Дзясятым разам уздыхнуўшы, Іван падцягнуў штаны і пачуў, як недзе непадалёку гэтак жа роспачна ўздыхнуў Лябёдка.
— Нічога, Ваня, прарвемся!
Яны вылезьлі з кустоў, і Лябёдка, прысмаліўшы "беламорыну", стаў знаёміць Івана са сваім плянам.
— Карацей, заходзім у хлеў, прывязваем да задняй нагі вяроўку і на двор выпускаем. Ты яго за нагу трымаеш, а я... — акінуўшы вачыма навакольле, Лябёдка засяродзіўся на агароджы, што атачала бабчын падворак, — гакну калом між вушэй, а як скапыціцца — нож у горла.
— Бабуля казала, што ў яе, апроч лямпы, і швайка ёсьць. Так што лепш пад левую лапатку. Крыві ня будзе. І надзейней, — падзяліўся сваімі думкамі Іван, і кампаньён, пачухаўшы за вухам, няўпэўнена прамармытаў: — Ты думаеш?
Падышоўшы да агароджы, Іван стаў расхістваць кол, які на добры мэтр уехаў у зямлю. Рабіў ён гэта з асаблівым натхненьнем, радуючыся, што калоць кабана давядзецца ўрэшце не яму, а Лябёдку.
— Эх, Ваня-а! Кусьнем сьвежанінкі, самагонкі сёрбнем... Жыцьцё! — адным духам вымавіў кампаньён, калі кол быў, нарэшце, выцягнуты. Іван лізнуў параненую руку — у калу тырчалі цьвікі, — і, згадаўшы дом, з маркотаю прамовіў:
— А дахаты калі?
— Заўтра, Ваня, заўтра. У Мар’яны хата вялікая — месца пераспаць будзе, — узваліўшы на карак яловы кол, Лябёдка шырокім крокам рушыў на бабчын падворак.
Кабан ляжаў у сваім катуху і ціха рохкаў.
“Пудоў дзесяць будзе”, — падумалася Івану, калі ён адчыніў загарадку і ўвайшоў у катух. Тут было душна і цёмна. Агледзеўшыся, ён разблытаў нягнуткімі пальцамі вузельчык на вяроўцы і нечакана пудліва падскочыў: над галавой ягонай, крануўшыся кіпцюром вуха, узьляцела ашалелая курыца. Спорна б’ючы крыламі, хахлатка вылецела на двор, загарлала на ўсю глотку, і бабка Мар’яна, прыструньваючы вар’ятку, абурана вымавіла: — Кыш, каб цябе парвала! — Празь імгненьне курыны лямант пачуўся дзесьці на другім канцы двара і неўзабаве зьмяшаўся з мэталёвым шоргатам знадворку. Гэта Лябёдка, седзячы на ганку хаты, тачыў нажы і швайку.
Змахнуўшы халодны пот з лоба, Іван зірнуў на дарэшты заседжаную курасадню, памацаў вуха і, прысеўшы на кукішкі, паклаў далонь на цёплы вепручыны азадак. Вяпрук крыху здрыгануўся, задзёр лыч і гэтак жа, як і ён, Іван, пакутліва ўздыхнуў.
“Ляжыць, уздыхае... пра нешта думае. І пра што, цікава, можа думаць вяпрук?” — Іван прыслухаўся да мэталёвага шоргату, правёў рукавом па мокрым носе і з дрыготкай у голасе прашаптаў:
— Выбачай, братка... скончылася тваё жыцьцё.
— Ну, як там? — пачуўся той хвіляй незадаволены Лябёдкавы воклік.
Іван прыўзьняў вепручыную нагу, таропка накінуў зашмаргу, і кабан, які дагэтуль ляжаў незварушна, нечакана падхапіўся на ногі, рынуўся да адчыненай загарадкі, і давялося клікаць на дапамогу Лябёдку, каб загнаць свавольніка назад у катух.
Зачыніўшы загарадку, Лябёдка рушыў да матацыкла — зьліваць бэнзін для лямпы, а Іван, прывязаўшы канец вяроўкі да ручкі дзьвярэй, падняў з падлогі пабіты марозам яблык.
— Пачастуйся наастачу, — прамовіў Іван, наторкнуўшы яблык на дубец і працягнуўшы вепруку.
Вяпрук схапіў пачастунак, страсянуў вушамі, закідваючы яблык на зуб, а раскусіўшы, замёр на імгненьне. Ён, відаць, разважаў — ці варта есьці тое, што раскусіў, а зразумеўшы, што варта, рохнуў на знак падзякі і з асалодаю зачвякаў шырокай зяпай, пускаючы яблычны сок па адвіслым падбародзьдзі. Кабан чвякаў з такім смакам, з такой асалодай, што ў Івана нават зьвяло сківіцы, і ён, плюнуўшы пракіслай сьлінай у сьвінячы лыч, задуменна прамармытаў: