— І як цябе забіць, халеру?
На двары тым часам усё было гатова. На ганку ляжалі наточаныя нажы, запраўленая бэнзінам лямпа гатовая была вырыгнуць сіняе полымя, там жа, ля ганку, ляжаў абярэмак саломы, а пасярод двара стаялі вялізныя ночвы для трыбухоў.
— Толькі ж... мальцы... каб ён толькі не вішчаў... — падавала голас бабця Мар’яна, якая мыла гарачай вадой эмаліраваную мядніцу. — А то ж у мяне ад таго віскату сэрца абрываецца. — Бабця пабоўтала рукою ў мядніцы, зірнула на майстра: — Увесну мужыкі яго лягчалі, дык я ў хаце хавалася ды падушкай галаву накрывала.
— Будзеце наступным разам лягчаць — мяне клічце! — адказаў на тое Лябёдка, мацаючы пальцам наточаную швайку. — Я іх момантам лягчаю. — Лябёдка запіхнуў швайку за халяву кірзачоў, падняўся з парога і, убачыўшы недавер у бабчыных вачах, п’янаватым голасам растлумачыў: — Бяру бочку... кладу прынаду... парсюк туды лезе, я стаўлю бочку старчма і... — майстар паказаў рукамі , як ён абразае тое, што трэба адрэзаць, як кідае тое празь левае плячо, і бабуля, уражаная такім аповедам, плюхнула ваду зь мядніцы на свае апоркі.
... Напачатку ўсё ішло па пляну. Зацягнуўшы пятлю, Іван наматаў на руку канец вяроўкі, пералез цераз загарадку і, усхвалявана перавёўшы дых, адчыніў мыском чаравіка непадатную зашчапку. Кабан толькі гэтага і чакаў. Спатыкаючыся няўклюднымі нагамі аб карыта, ён выйшаў з катуха, вытыркнуў на двор галаву, але далей не пайшоў — захрас у дзьвярах, утароплена пазіраючы то на Лябёдку, то на важкі кол, што ляжаў пасярод двара. На вядро з запаркаю, якое Лябёдка трымаў у выцягнутых руках, кабан не зьвяртаў аніякай увагі.
— Цых, цых, цых, — клікала бабуля Мар’яна свайго гадунца.
— Еш, гад! — гукаў Лябёдка, кідаючы едзіва ў парсючыны лыч.
— Пайшоў, падла! — з натугаю выдыхаў Іван, піхаючы кабана нагою ў азадак, але кабан не прасоўваўся ні на крок.
Ці мала часу яны ўгаворвалі парсюка выйсьці з хлява, піхалі яму пад лыч вядро з запаркаю, аж пакуль Лябёдка, згубіўшы ўсялякае цярпеньне, не насунуў тое вядро на парсючыную мазгаўню і, мацюкнуўшыся, ня выцяў нагой па нахабнай пысе. Кабан заенчыў, потым зарохкаў і, панурыўшы сваю палітую калатушай галаву, рушыў насустрач Лябёдку. Ішоў вяпрук з такой рашучасьцю, што ў Івана нават прабеглі мурашкі па сьпіне, а бабця Мар’яна, якая стаяла на парозе хаты, спалохана войкнула.
Лябёдка між тым не губляў прысутнасьці духу. Не спускаючы з кабана вачэй, ён паволі адступаў, шнарачы пры гэтым то адной, то другой нагой у пошуках выратавальнай дубіны.
— Уцякайце, ён кусьлівы! — крыкнула бабуля. Лябёдка падхапіў зь зямлі кол, ступіў крок назад і, зачапіўшыся за ночвы, паваліўся на сьпіну.
— А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца?! — залямантавала старая. Іван адчайна, аж да сінечы ў руках, нацягнуў вяроўку, а Лябёдка, які ляжаў у ночвах і біў нагамі ў паветры, заехаў віславухаму нагою ў лыч. Вяпрук завішчэў, хапануў крыўдзіцеля за мысок кірзавага бота, і ўжо Лябёдка, выкуліўшыся з начовак, загарлаў што меў моцы, кленучы кабана самымі страшнымі словамі. Паквітаўшыся зь Лябёдкам, кабан пайшоў у свой сьвінушнік, а Іван, убачыўшы гэта, сігануў у катух і зачыніў загарадку.
Яловы кол абрынуўся на вепручыную галаву акурат у той момант, калі кабан падышоў да дзьвярэй. Удар атрымаўся такі хвацкі, што свавольнік нават ня віскнуў, адно толькі страсянуў вушамі і паволі апусьціў галаву на вышчарблены парог хлеўчука. Празь імгненьне ўсё было скончана. Не пасьпеў Іван вылезьці са схову, як Лябёдка, аблаяўшы яго тымі ж словамі, якімі надоечы абклаў вепрука, задзёр кабану пярэднюю нагу і загнаў у парсючынае цела востра наточаную швайку. Кабан задрыгаў нагамі, затрос адвіслым чэравам, але глядзець на тыя курчы доўга не давялося, бо побач з кабаном заходзіўся ад болю няўдалы разьнік. Скрывіўшы твар, ён скакаў на адной назе вакол ночваў і, махаючы скрываўленай швайкай, пякельна мацюкаўся. Давялося падстаўляць плячук і дапамагаць сябру зьняць з пакусанай нагі скарэлы кірзач. Кірзач не здымаўся, і тады бабця Мар’яна, ачуўшыся ад сполаху, здушана прамовіла:
— У хату зайдзіце, можа, перабінтаваць трэба.
У хаце Іван сьцягнуў зь Лябёдкавай нагі абутак, Лябёдка паварушыў пасінелымі пальцамі і на ўсялякі выпадак змазаў пакусанае месца ёдам з пляшачкі, якую дала бабуля.
— А ўсё ж такі я яго ўмачыў! — зазначыў Лябёдка, зірнуўшы на бутлю самагонкі. У голасе ягоным гучалі пераможныя ноткі. — Зараз абсмалім, разьбяром...
— Вы ж глядзіце, кішку перавяжыце, — незадаволена буркнула бабуля, выкочваючы ў сені кубел пад сала, І Лябёдка, ня надта цямячы — што там трэба перавязаць, падхапіў бутлю і гэтаксама незадаволена адказаў: — Перавяжам.