Выбрать главу

Яны чокнуліся, і немы лямант, што прагучаў знадворку, супаў са звонам чарак.

— А людцы мае добрыя! А што ж гэта... А куды ж ён падзеўся-а?!

На хаду глытаючы трунак, Лябёдка кінуўся да дзьвярэй, а сьледам, падхапіўшы сябруковы кірзач, рынуўся ў сені й Іван.

— А што ж гэта такоя-а!! А ці ж не цябе я карміла-гадавала-а?!

Яны вылецелі на ганак, ачмурэлымі вачыма паглядзелі спачатку на бабцю Мар’яну, потым на перакуленыя ночвы і на пляму крыві ля дзьвярэй сьвінушніка. Кабана, якога яны зьбіраліся смаліць, на двары не было.

— А куды ж ты зьбег... куды ж ты зьбег, мой парсючо-ок?! — галасіла старая, і ад гэтага ляманту стыла кроў у жылах, сьцягвалася скура на лобе, і гарачыя іголкі калолі ў пахвіне.

Тупкая сьцяжына, што вяла са двара да весьніц, была пазначана крывавай пасмай, крывёю былі запырсканы і самі весьніцы, і Лябёдка, перш чым кінуцца за кабаном, сьціснуў кулакі і клятвенна выдыхнуў:

— Далёка не ўцячэш!

Іван ляцеў, ня гледзячы ні вока, ні бока, а паперадзе, прыпадаючы на босую нагу, бег, як жару хапіўшы, няўдалы разьнік.

Крывавы сьлед кіраваў да ракі. Перагнаўшы сябра, Іван першым уляцеў у кусты, спыніўся на імгненьне, каб падняць згубленую вепруком вяроўку, і сябра, наляцеўшы на яго, засоплена вылаяўся:

— Чаго ты тут стаў, як ёлупень...

Іван пацёр пабіты азадак, застагнаў, падхапіў вяроўку і так — зь вяроўчынай у адной руцэ і з кірзачом у другой, — дадыбаў да вады.

— Вунь ён, сука, на дне ляжыць! — не сваім голасам гукаў Лябёдка, апантана ўглядаючыся ў рачную плынь. Яшчэ празь імгненьне сябрук ускочыў на камень, няўклюдна махнуў рукамі і нечакана плазам паляцеў у ваду. Халодныя пырскі ўзьняліся ў халоднае неба, разьляцеліся ва ўсё канцы, крануліся Іванавага твару.

— Сьлізка, халера... лёд пад нагамі... — выгукнуў паміж мацюкамі Лябёдка і вокраччу вылез на бераг. Не падымаючыся з каленяў, ён працягнуў Івану нецярплівую руку, а Іван не зразумеўшы — што трэба напарніку, прапанаваў таму кірзавы бот.

— Вяроўку дай, йоп...— вылаяўся сябрук, схапіў вяроўку і, насунуўшы пятлю на цэўку рукі, зноўку папоўз да вады.

— Трымай, зашмаргу накіну... — Лябёдка чхнуў, страсянуў голай пяткай, і Іван, зразумеўшы такі жэст, ухапіў сябра за ногі. Наперадзе, мэтрах у трох ад берага, і папраўдзе штосьці бялела. Лябёдка ўвайшоў на руках у ваду, замер на імгненьне, усё адно як той кабан, раскусіўшы яблык, потым зноўку чхнуў і паехаў на руках, сьлізгаючы далонямі коўзкім дне. Іван паспрабаваў выцягнуць сябра на бераг, пры гэтым наступіў на вяроўку, і сябра, пусьціўшы бурбалкі, адчайна ўдарыў яго пяткай у пахвіну. Ад удару пацямнела ўваччу, падкасіліся ногі, і цяпер ужо Іван, пасьлізнуўшыся, з усяго маху абрынуў у Ловаць.

Ад ледзяной вады заняло дух, халоднымі шчымётамі сьціснула сэрца. Пачабоўтаўшыся ў рацэ, Іван ухапіўся рукой за Лябёдкавы штаны, потым за нейкі кусьцік і, коўзаючыся на каленях па лёдзе, вылез на бераг.

— А навошта ж я цябе карміла-паіла-а! А навошта ж я цябе дала калоць гэтым няўпрочына-ам! — надрывалася ў кустах бабка Мар’яна.

— Ну, што стаіш, як усёршыся? — адплёўваючыся тваньню, выгукнуў Лябёдка. — Бяжы, цягні якую жардзіну!

Іван памкнуўся бегчы, але ногі амаль ня гнуліся, і давялося шыбаваць на паўсагнутых, ляскаючы зубамі і сьцепаючыся пасьля кожнага парыву ветру. Выламаўшы з агароджы жардзіну, Іван згледзеў дзьвюх цётак, якія беглі да ракі і, ня цямячы — хто патануў, заломвалі рукі і гэтак жа, як бабця Мар’яна, галасілі. Ад гэтага ляманту Івану нават зрабілася горача, ногі набылі былую гнуткасьць, і ён, узьняўшы жэрдку над галавой, як гэта робяць афрыканскія тубыльцы, на злом галавы кінуўся да берагу.

Лябёдка падхапіў жэрдку, крутнуў яе, перакідваючы з рукі на руку, і пры гэтым заехаў адным канцом у лоб асіплай ад крыку Мар’яне. Бабка аціхла, жордка торкнулася ў ваду, і па тым гуку, які даляцеў з рачных глыбіняў, можна было зразумець, што на дне ляжаў не вяпрук, а вялікі камень.

— Што рабіць будзем? — спалохана запытаўся Іван, калі яны адбеглі мэтраў на дваццаць ніжэй па цячэньні.

— Што-што... Кіпці драць, пакуль нумары ня згледзелі! — Лябёдка шпурнуў жардзіну ў раку, загадаў Івану прыхапіць ягоны бот і, прыгнуўшы голаў, кінуўся, прадзіраючыся скрозь кусты, у бок бабчынай хаты.

Іван дагнаў кампаньёна ўжо за вёскаю. Сьвецячы голай пяткай, кампаньён бег, піхаючы матацыкл, на хаду націскаў на понаж, спрабуючы завесьці свой драндулет, і пры гэтым прыкметна накульгваў на левую нагу.

— Аб-буваць... б-будзеш? — гукнуў Іван, махаючы ў паветры кірзачом.

— У кусты заедзем — тады, — кінуў праз плячук кампаньён, не збаўляючы тэмпа. — Давай лепш... падпіхні! — і Йван, ушчаперыўшыся зубамі ў халяву Лябёдкавага кірзача, вызваліў такім чынам рукі і ўпёрся абедзьвюма рукамі ў сядзеньне “Паноніі”.