Заехаўшы ў кусты, спыніліся, каб выкруціць мокрую вопратку. Іван выліў ваду з чаравіка, выкруціў кашулю, майку і шкарпэткі. Нагавіцы выкручвалі на пару з Лябёдкам і круцілі іх да тае пары, пакуль штаны не затрашчалі.
— Н-не п-памятаеш, п-пад якую л-лапатку я ям-му ўляпіў? — запытаўся сябра, калі штаны былі выкручаны.
Згадваючы, пад якую лапатку была загнаная швайка, Іван зірнуў угору, страсянуў мокрай чупрынаю і, набіраючы паветра для чыху, вымавіў:
— Пад правую.
— Пра-авую... — перадражніў кампаньён, смаркнуўся ў жменю і, выцягнуўшы з кішэні разьмяклы трульнік, прыляпіў яго на голую лытку.
Іван хацеў сказаць нешта ў сваё апраўданьне, але сківіцы зьвяло ад холаду, Ён зірнуў на дрыжачую Лябёдкаву лытку, чхнуў другім разам і выцер вільготнаю майкай сьсінелыя вусны.
Матацыкл аніяк не заводзіўся. Каб яго завесьці, патрэбны быў разгон, роўная дарога. Яны ж лезьлі па такіх калдобінах, што ў Івана ад натугі нават халодны пот выступіў на лобе. Змарыўся і гаспадар “Паноніі”. Лябёдка глуха соп, штохвілі пляваўся, кленучы “мадзярскага пердуна” (так ён называў матацыкл), бабчынага кабана і ўсьвяцкіх пылякаў.
Вятрыска, які дзьмуў у сьпіны, праймаў да костак, увушшу гуло і зьвінела, уваччу мільгацелі чорныя мятлушкі, і піхаць “пердуна” ўжо не ставала сілы. Нейкая хваравіта-млявая стома разьлілася па целе; Іван ня столькі пхаў матацыкл, колькі абапіраўся на яго, каб лягчэй было ісьці.
— Нічога, Ваня, зараз бальшак будзе... там дарога пакатая... завядзёмся... — мармытаў Лябёдка, і словы гэтыя зморана застывалі ў горле.
Калі да чурылаўскага бальшака заставалася ня болей, чым паўкілямэтра, паперадзе бліснула сьвятло, і натужліва застагнала машына. Каб не трапляць абы-каму на вочы, яны збочылі з праселіцы, прыхаваліся разам з матацыклам за кустамі.
Па прасёлку кратаўся, абмацваючы навакольле сьвятлом фараў, вуркатлівы “ўазік”. Лябёдка праводзіў легкавік дапытлівым позіркам, жарынкі фараў ліхаманкава заскакалі ў ягоных вачах, і ён, утуліўшы голаў, ледзь чутна прашаптаў:
— Ці не мянты паехалі?
Цяжка сапучы, яны выкацілі “пердуна” на чурылаўскі гасьцінец. Пхнуўшы матацыкл апошнім разам, Іван паваліўся на халодны жвір, заплюшчыў вочы і па шоргату шын адчуў, што Лябёдка павярнуў не направа, у бок Чурылава, а ў супрацьлеглы бок.
— Праз Рамні паедзем. У Чурылаве павязаць могуць. Бачыў, “уазік” паехаў? — Лябёдка таргануў нагою понаж, але матацыкл нават ня чхнуў. — Уставай, Ваня, кілямэтраў празь пяць вёска будзе — там і заначуем.
... Ён ішоў, не адчуваючы пад сабою ног. Колькі разоў яго заносіла ў прыдарожную канаву, ён падаў, хвіліну-другую ляжаў нерухома і, лізнуўшы перасьмяглым языком заінелую травіну, падымаўся і зноўку тупаў па дарозе.
Лябёдка быў недзе далёка наперадзе. Напачатку зь цемры даляталі кароткія мацюгі, а потым усё аціхла, і навакольныя зыкі патанулі ў замарачным шуме, якім поўнілася галава. І ня чуў Іван ні шоргату ўласных крокаў, ні шапаценьня алешніку, ні брэху сабак удалечыні, і замарачны шум, які апанаваў сьвядомасьць, здаваўся яму пошумам вады ў інтэрнатаўскім душы. Ён стаяў пад цёплым дожджыкам, вада лілася на грудзіну, на плечы, казытліва зьбягала па сьпіне, і настылая душа ягоная расьцякалася разам з вадою ў акіяне цеплыні і лагоды. Паваліўшыся ў траву, ён на кароткую хвілю апрытомнеў, разьмежыў павекі, але ўжо ў наступнае імгненьне замарач ізноў апанавала сьвядомасьць, і хваравіта-чырвоная імгла ізноў замітусілася ў вачах.
— Ваня, ты што?! — усё адно як як з пустой бочкі прагучаў знаёмы голас. — Падымайся... Недалёка ўжо... агні вунь сьвецяцца.
Яго падхапілі пад пахі, некуды пацягнулі; барвовы туман клубіўся навокал, і гарачкавыя патарочы падымаліся з туману, трывожачы душу сваімі неакрэсьленымі і страшнымі відарысамі.
Сьвядомасьць вярнулася зьнянацку. Ён на дзіва выразна пачуў ракатаньне рухавіка і адрывістыя галасы.
— З моста зваліліся. Мокрыя ўсе...— сіпла гукаў Лябёдка, і ў адказ яму нехта кашлянуў і гэтаксама прастуджана прамовіў: — Ну, дзе твой дружбан?
— Тут... трызьніць ужо. Два кілямэтры на сабе цягну.
Яго зноўку падхапілі, павялі да машыны, і ён, баючыся страціць прытомнасьць, перастаўляў непаслухмяныя ногі, хілячыся галавою да шырокага Лябёдкавага плечука.
Прачнуўшыся, Іван акінуў хату няўцямным позіркам і са зьдзіўленьнем адчуў, што цела ягонае зрабілася бязважкім і што ён ня чуе ні рук, ні ног. Адчуваньне гэтае было такім яскравым, што Іван нават баяўся паварушыць чэлясамі: а раптам іх і сапраўды няма. Адарваўшы патыліцу ад падушкі, ён паварушыў нагою, а ўбачыўшы, як варухнулася коўдра, зморана апусьціў галаву на падушку.