У вушах стаяў лёгкі звон. Было такое ўражаньне, што вушы закладзеныя пульхнай ватаю, і скрозь гэтую вату прарываліся гукі: мернае ціканьне ходзікаў і бязладная матчына гамонка.
— Прося, бедная, б’ецца... Пятнаццаць кароў доіць, дзяцей даглядае... А гэты... толькі і глядзіць — дзе б хто бутэльку паставіў, — гаманіла на кухні маці, і Іван, прыслухаўшыся, зразумеў, што гаворка ішла пра Хведзьку Траяна.
— Зь сястрой судзіцца... І з-за чаго?!
— З-за гаўна! — пачулася за сьценкаю. Зьвяглівы голас гэты належаў загадчыцы сталовай.
— Колькі ён гэтага гною з фэрмы вывез! Табе, Пятроўна, скажы, дык не паверыш! Нават у Азярышча вазіў — ленінградцам, што хаты пакуплялі. Піў потым цэлы месяц.
— А чаго ня піць? — азвалася Пятроўна. — Карову ня дзержыць...
— Якая там карова! — маці бразнула талеркамі, прайшлася па кухні. — На карову сена трэба накасіць, ды падаіць а пятай раніцы... А жонка ж леная, як палка... Гаўна на лехі — і таго няма. Ад маткі цягнуць.
Сабраўшы сілы, Іван павярнуўся на бок, ложак ціха рыпнуў, і гаворка на кухні аціхла.
— Сьпіць, — шапатнула маці, адгарнуўшы фіранку. — Тры ночы гарэў... раніцою толькі тэмпэратура спала. Пацеў жа — аійо! Не пасьпявала прасьціны мяняць. — Маці ўздыхнула, і голас ейны набыў пагрозьлівае адценьне. — Выправіўся... з п’янюгам гэтым... Лябёдчыха казала — з мосту зваліліся. Дзіва што... Вочы заліўшы, куды хочаш увалісься.
— Гэта ж мая Люська ўчора ў клюб хадзіла, — ледзь чутна прагугніла Пятроўна, падладжваючы свой зьвяглівы голас да матчынага шэпту, дык там Мішка Раднёнак, што на малакавозцы робіць, пра Лябёдку расказваў. Казаў, езьдзілі зь ім аж у Велікарусію. Лябёдка тамака матацыкл у кустах кінуў. Паўдня шукаў, пакуль знайшоў. А потым мальцу нейкаму гарэлку вазілі.
— Гэта, відаць, шофэру, які іх прывёз, — прамовіла маці, адчыніла дзьверы, і Пятроўна, грукнуўшы ўслонам, запытала: — Ну што, пасунем?
Маці зь Пятроўнай выйшлі з хаты, а Іван, пазяхнуўшы ў жменю, кульнуўся на жывот і ў той жа міг заснуў. Спаў ён нядоўга і абудзіўся ад зыкаў, што даляталі з прысенку.
— Не пушчу! — грымеў, зумкаючы ў даёнках, матчын голас, і ў адказ ёй нехта прастуджана і басавіта паўтараў: — Па справе... гасьцінец перадаць... — Хвіліну ў прысенку зацята барукаліся, здушана крахталі, на падлогу звалілася даёнка, і прастуджаны бас прасіпеў: — Ды ня зьем я яго, халера!
Дзьверы адчыніліся, пачуўся сіплы кашаль, і толькі па гэтым кашлі пазнаў Іван таго, хто шчаміўся ў хату.
— Ну, падлюка, глядзі... Зараз участковага паклічу! — пакрыўджана вымавіла маці, а яшчэ празь імгненьне падчэпленая брылём моташлема фіранка памкнулася ўглыб сьвятліцы.
— Панавешвала тут, — буркнуў Лябёдка, блытаючыся ў фіранцы, а выблытаўшыся і ўбачыўшы Івана, зьняў з галавы шлем і вінавата пасьміхнуўся. — Ну як ты? — голас Лябёдкавы быў дарэшты зьнявечаны прастудай.
— Нічога, — адказаў Іван, кіўком галавы запрашаючы госьця прысесьці на ложак.
— Ледзь прарваўся, — Лябёдка зірнуў у бок уваходных дзьвярэй, уздыхнуў і, ссунуўшы коўдру, сьцярожка прысеў на край пасьцелі: — Дык, кажаш, нічога?
— Нічога, — паўтарыў Іван і ў сваю чаргу запытаўся: — Як нага? Баліць?
— На мне, Ваня, як на сабаку — на другі дзень загойваецца. Вось толькі глытка ные, — левая Лябёдкава рука кранулася вафэльнага ручніка, якім была абкручана шыя, а правая скамечыла вушанку, якая ляжала на каленях.
Іван пазнаў сваю шапку.
— Во, шапка твая, — усхапіўся Лябёдка, — забыўся тады ў бабулі. Я ж зь Берасьцянкі еду. Завёз Мар’яне падсьвінка ды сто рублёў грошай даў. Добрая бабуля... Пра цябе спытвала. Даведалася, што хворы, дык забедавала. Во! — сябрук таропка выцягнуў з кішэні слоік з-пад гарчыцы, — мёду табе перадала... лякуйся.
Іван расчулена шморгнуў носам і, памаўчаўшы, запытаў:
— Дык я што... ну там, на дарозе, зусім вырубіўся?
— Вырубіўся, — кіўнуў Лябёдка. — Я цябе два кілямэтры на сабе цягнуў. Цягну, а ты мяне за вуха кусаеш ды просіш гарачую ваду адключыць. Трызьніў, напэўна. Добра яшчэ, невельскія хлопцы на ЗІЛе падвярнуліся. Да самай хаты давезьлі. Мы на заўтра ў Невель езьдзілі. З Раднёнкам. Пару пляшак паставілі, потым яшчэ ўзялі. Думаю во ў Невель падацца... Хлопцы тыя паабяцалі ў тэлеатэлье ўладкаваць. Так што, магчыма, хутка ў горад перабяруся. Хопіць ужо бычкоўскую гразь таўчы.
Лябёдка закашляўся, роспачна чхнуў, выцер нос ражком уціральніка, які спавіваў шыю. Пару хвілін яны маўчалі, потым Лябёдку зноў пачаў біць кашаль, і ён, прыкрыўшы далоньню рот, падняў з падлогі матацыклетны шлем.