— А я цябе паўсюль шукаю. Два разы пэрон абабег, — ад Лёнькі — Іван адзначыў гэта з пачуцьцём лёгкай трывогі — пахла дарагім дэзадарантам.
— Цябе на пазнаць, — выдыхнуў Іван, ляпнуўшы Холада па сьпіне, — барада, бабёр, кажух... — голас Іванавы здрыгануўся, — ад Валянтыно.
— Валянтыно кажухоў ня шые, — жартам прамовіў Лёнька Холад, і сябры, захінаючыся рукамі ад ветру, рушылі да белага мікрааўтобуса, што стаяў наўзбоч прывакзальнага пляцу.
— Колькі гэта мы ня бачыліся? Здаецца, дзесяць гадоў, — зыкнуў Лёнька насустрач ветру, а госьць, гэтак жа зычна, запытаўся:
— А ты памятаеш, як мы на голых ложках спалі?
— Гэта калі камэндантка сяньнікі забрала? — рагатнуў Лёнька, і з воклічам: — Ваня-а! — абняў сябрука за плечы.
У салёне мікрааўтобуса ўжо сядзелі людзі. Відаць, прыехалі тым жа цягніком. Аднаго зь іх, прафэсара Гомана, Іван ведаў і з задавальненьнем паціснуў сухую і цёплую, а таму й прыемную прафэсарскую руку.
— Доктар Рыдлеўскі з Варшавы, — адрэкамэндаваўся хударлявы, з пакамечаным тварам тыпус, рука якога была халоднай і вільготнай; прозьвішча трэцяга ўдзельніка канфэрэнцыі — мажнога, рабаціністага мужчыны, Іван не дачуў і піхнуў дзеля поціску ня ўсю пяцярню, а толькі два пальцы.
Кіроўца даў газу, пайшоў на разварот, і прафэсар Гоман, працягваючы перарваную размову, з прытоеным незадавальненьнем заўважыў:
— ... Я зусім іншае хацеў сказаць: у Гэмінгуэя няма глыбіні, няма партрэту, але ёсьць галоўнае — ёсьць жывыя людзі. Вось гэтыя самыя жывыя людзі і прыйшлі ў сацрэалістычны сьвет, і разагналі тамтэйшых мерцьвякоў.
— Ну, скажам, ня ўсё, што ў нас пісалася, было мерцьвячынай, — адгукнуўся на тое рабацень, які сядзеў поруч і паліў піпку. — Я свойчас таксама паміраў ад Гэма. Але мне, як і ўсім нам, імпанавала ня гэмаўская проза, а ягоныя манеры, ягоны стыль паводзінаў...
— А вы што — асабіста ведалі Гэмінгуэя? — зь няшчырай весялосьцю выдыхнуў Гоман, — манеры і арганічны стыль пісьменьнік выявіў у сваіх героях. Значыць, яны ўсё ж такі жывыя? Ці вы схільныя дыфэрэнцыраваць герояў і саму прозу?
У гэты момант мікрааўтобус страсянула, і Лёнька Холад, сунімаючы палемічныя жарсьці, з наструненай усьмешкай прамовіў:
— Калегі, у нас два дні наперадзе.
Іван зірнуў у запушанае сьнегам вакно, перакінуўся зь Лёнькам колькімі словамі. Хацеў спытаць — ці бачыцца той са сваёй першай жонкай, але вырашыў не пытацца пры чужых людзях і, ацаніўшы кошт сябруковага кажуха й бабровай шапкі, бязгучна прашаптаў: “Сеў на гранты”.
Мікрааўтобус праехаўся па асьнежанай вуліцы, збочыў у нейкі завулак, рэзка загамаваў.
— Зараз, калегі, пасьнедаеце, а праз... — Лёнька Холад зірнуў на гадзіньнік, — сорак хвілін чакаем вас у гарадзкой бібліятэцы, — сябрук хацеў яшчэ нешта паведаміць, але Іван тузануў яго за рукаво.
— Ты ж казаў — у вашым інстытуце будзем зьбірацца.
— У інстытуце не дазволілі, — буркнуў сябрук, а прычакаўшы, калі з салёну выкуліцца пан Рыдлеўскі, мацюкнуўся на адрас рэктарату і, па-дзіцячы скрывеліўшы рот, дадаў: — З інстытутам я надоечы разьвітаўся. Перакладчыкам працую… на фірме.
Іван ужо выходзіў з салёну, але, пачуўшы такое, захрас у дзьвярах.
— Ну і як... на новым месцы?
— Потым пагамонім, — азваўся сябрук і Йван, падцягнуўшы свой і без таго куртаты палітон, скочыў у сумёт і застыў на месцы, праводзячы неспакойным позіркам белы, а таму кепска заўважны сярод сьнежнага мроіва мікрааўтобус.
У кавярні з экзатычнай назвай «Трансвааль» пахла мандарынамі і падгарэлай падліўкай. Вочы прабегліся ў пошуку вольных столікаў, наткнуліся на ўзьнятую ўгору прафэсарскую руку.
— Давай да нас! — крыкнуў Гоман, жуючы фірмовы, у чатыры пальцы таўшчыні, гамбургер.
Іван сеў, пацёр вільготныя далоні.
— Вось вы казалі пра гэмінгуэеўскі стыль, — прафэсар лыкнуў з келіху буйнапеністай “аліварыі”, — а між іншым менавіта яго ўзялі на ўзбраеньне славутыя шасьцідзясятнікі. Больш таго, стыль ягонай прозы сфармаваў сьветапогляд цэлай генэрацыі. З гэтым вы хаця б згодныя?
Рабацень таксама прыклаўся да келіху, з інтэлігенцкай павольнасьцю прамакнуў сурвэткай пенныя вусны.