— Нягледзячы на шматлікія ідэалягічныя рагаткі, гэмінгуэеўскі герой паволі працярэбліваў сабе дарогу. Згадаем Высоцкага ў заключных кадрах фільму “Вэртыкаль”. Памятаеце, гэтага барадача з гітарай, які ўплішчваецца ў натоўп? Гэта ж клясычны гэмінгуэеўскі вобраз, вобраз мужчыны-стоіка... — у залі заварушыліся, закашлялі, а прамоўца, не зразумеўшы — чаму так ажывілася аўдыторыя, глынула вады са шклянкі.
Лёнька Холад пастукаў асадкай па стале.
— Гэмінгуэй стварыў сапраўднага мужчыну, але не сказаў — што яму рабіць, — гукала кабета, а ў вушах Іванавых гучалі іншыя словы. Словы тыя Ірына Кашына прамаўляла дваццаць сем гадоў таму. Ломкі, поўны камсамольскага запалу голас скаланаў высокія скляпеньні: “— Мы не дамо атручваць сьвядомасьць нашых людзей рознымі Юнгамі ды Адлерамі”, — і асьпіранты, услухоўваючыся ў гулкае рэха, пацепваліся й убівалі галовы ў плечы. Гарбаціўся, седзячы ў прэзыдыюме, і сакратар унівэрсытэцкага парткаму Давыдзька, з ласкі якога й ладзіўся камсамольскі сход. І толькі Лёнька Холад не кранаўся вушамі рамёнаў: сядзеў, скрыжаваўшы рукі, і ўсьмешлівыя вочы ягоныя малявалі ў паветры трохкутнік, пазіраючы папераменку то на ўпрэлы ад хваляваньня Ярынавы тварык, то на ордэнскія калодкі, што ў тры рады грувасьціліся на Давыдзькавым пінжаку, то на гламаздаватую галаву правадыра, якая аграмаднай порхаўкай вытыркалася з-за стала прэзыдыюму. Іван сядзеў, абхапіўшы рукамі голаў, рупіўся не глядзець на сябра, а калі аднойчы зірнуў і яны сустрэліся позіркамі, на памяць прыйшлі словы, якія, як ён тады лічыў, належалі Гэмінгуэю: “Кожны памірае на самоце”.
Навокал забілі ў ладкі, і Йван страсянуў галавою.
— Пра лёс знакамітага рамана “Па кім звоніць звон” распавядзе вядомы дасьледнік творчасьці амэрыканскага пісьменьніка Пятро Калюжны.
Праваруч замітусіліся, засоплі, грукнулі крэслам і давялося падняцца на ногі, каб даць дарогу дасьледніку — нізенькаму, задышліваму чалавеку, ад якога пахла мачой і перагарам.
Падышоўшы да моўніцы, дасьледнік ашчадна кашлянуў, дапіў недапітую Ярынай ваду са шклянкі.
— Гэмінгуэя ў нас забаранялі, выкрывалі, абагаўлялі, прадавалі ягоныя партрэты ў культтаварных крамах і, нарэшце, забыліся, што быў такі пісьменьнік, — выступоўца перапыніўся, наліў у шклянку мінэралкі, і нехта ў залі здушана прамовіў: “Смажыць!”
— Упершыню імя Эрнэста Гэмінгуэя савецкі друк згадаў у 1928 годзе, а першыя гэмінгуэеўскія апавяданьні наш чытач пабачыў толькі ў 1934 годзе. Іх надрукавалі часопісы “30 дзён”, “За рубяжом” ды “Інтэрнацыянальная літаратура”...
— Не магу больш, два літры ў жываце, — дыхнуў Івану ў вуха прафэсар Гоман, тыцнуў у бок, і яны — сьцярожка, на паўсагнутых — выйшлі з залі.
— Трыста пяцьдзесят кілямэтраў ехалі, каб розную лухту слухаць, — ужо ў прыбіральні, з пачуцьцём палёгкі, выдыхнуў Гоман, напорлівым струмком сьвідруючы пісуар. Прафэсар здаволена бухнуў, аддзьмуўся. Тут жа, у прыбіральні, яны выпалілі па цыгарэце, зь неахвотаю выйшлі ў калідор. У залю, аднак, не пайшлі. Не змаўляючыся, павярнулі направа і супыніліся перад шклянымі дзьвярамі з надпісам “Абанэмэнт”.
— Заходзьце, заходзьце, — пачуўся дзявочы голас, і яны — Іван левай рукой, а Гоман правай, — схапіліся за дзьвярную ручку.
Дзяўчына-бібліятэкарка была з тых, якія заўсёды падабаліся Івану. Белы, крыху выцягнуты тварык; пухнатыя вусны; тоўстая, падцятая на ўзроўні лапатак і перахопленая ля патыліцы чорнай стужкаю каса.
Дзяўчына пайшла да стала, і Гоман з Іванам мелькам пераглянуліся.
— Якія ў вас кніжкі пацёхканыя-а... — прасьпяваў прафэсар, азіраючы стэнды.
— Фонды ад дзевяностага году не папаўняліся, — у голасе дзявочым прагучала шчырая крыўда. — А вы што... з канфэрэнцыі?
— Так... прыехалі вось... паглядзець на тутэйшых прыгажунь, — прамовіў Іван, пасьміхнуўся, але тут жа нагнаў на твар цень глыбокай турботы: — А чытачоў зь дзевяностага году паболела?
— Чытацкая аўдыторыя штогоду зьмяншаецца, — дзяўчына зьлёгку пачырванела, — у бібліятэкі сёньня ходзяць толькі студэнты ды школьнікі.
— Ну а Гэмінгуэй у вас ёсьць? — гукнуў прафэсар. — Прысеўшы на кукішкі, Гоман правёў пальцам па кніжных карэньчыках.
— Ёсьць там... на ніжняй паліцы. “Фіеста”, “Сьвята” і “Па кім звоніць звон”.
— Чытаюць Эрнэста? — прафэсар дастаў з паліцы тры кніжкі, узважыў на далоні.
Бібліятэкарка ніякавата хітнула галавой.
— А вось мы зараз правядзем экспэрымэнт, — Гоман падышоў да бібліятэкарскага стала, паклаў радком усе тры гэмінгуэеўскія кніжкі. — Хай яны вось тут, на відавоку, паляжаць, а мы паглядзім — ці возьме хто, — у гэты момант за дзьвярыма пачуліся прыглушаныя воплескі, і Іван з прафэсарам пасьпяшалі ў залю.