Выбрать главу

Калі выходзілі зь бібліятэкі, Іван азірнуўся, і дзяўчына — а можа гэта толькі падалося — абдарыла яго мімалётнай усьмешкай.

У калідоры іх нагналі паляк з рабаценем. Тыя таксама бегалі ў прыбіральню. Пастаялі ўчатырох у цёмным калідоры, перакінуліся колькімі словамі і, уздыхнуўшы, пайшлі слухаць акадэмічнага апівуду — так назваў рабацень літаратуразнаўцу Калюжнага.

Пакуль ладкаваліся ды рыпалі крэсламі, дасьледнік сёрбнуў вадзіцы, выцер вусны нясьвежай насоўкай.

— Наступная спроба выдаць “Па кім звоніць звон” прыпала на 1965 год. Раман мусіў зьявіцца ў часопісе “Зьвязда”, аднак у апошні момант набор раскідалі. Гэтым разам спробу выданьня здушыла няўрымсьлівая Далорэс Ібаруры — кіраўнічка Іспанскай кампартыі, якая на той час жыла ў Маскве. У выніку раман выйшаў у сьвет, аднак закрытым выданьнем. Усе асобнікі гэтага выданьня былі пранумараваныя і выдаваліся пад расьпіску выключна “надзейным” людзям...

Калюжны відавочна перабіраў час, і Лёнька пастукаў асадкай па стале.

— Яшчэ хвіліну... — прамармытаў Калюжны і, падганяючы час, адгарнуў пару старонак.

… Адразу ж пасьля сходу Лёнька Холад, нічога нікому не сказаўшы, зьехаў у Піцер. Абараніў там, прычым, вельмі хутка, кандыдацкую, уладкаваўся рэдактарам у выдавецтва “Аўрора”, але неўзабаве вярнуўся дахаты. “Цяжка жыць на Радзіме, сярод плебеяў, але й на Чухоншчыне нясоладка”, — паведаміў Лёнька пры сустрэчы. Вярнуўшыся з Піцеру, сябрук знайшоў яго па тэлефоне, і яны сустрэліся ў вакзальным рэстаране.

“Ну а цяпер куды?” — запытаўся ён сябра, разганяючы рукой тытунёвы дым, што плыў над столікам.

“Паеду на правінцыю. Паабяцалі загадчыка катэдры ў адным пэдінстытуце”.

Іван глытаў пякучую гарэлку, і сэрца ягонае замірала ад усьведамленьня, што Лёнька Холад прыедзе ў сваю правінцыю, што-небудзь ляпне пра Юнга ды Адлера, да яго прыставяць асьведамляльніка, перавядуць з загадчыка катэдры на старэйшага выкладчыка… Сябар, вядома ж, зап’е, і бліскучая Лёнькава зорка пацьмянее, стане амаль незаўважнай за тоўстым бутэлечным шклом.

Лёнька зьехаў начным цягніком, і ўсе наступныя гады цьвяліў збалелае сэрца. Цьвяліў, калі сьцюдзёнае прозьвішча “Холад” мільгала на старонках навуковых часопісаў; калі жонка, уздыхнуўшы, пыталася: “Як там Лёня?”; калі ў людзкім натоўпе пракідваўся хтосьці падобны да Лёнькі Холада — такі ж падхорцісты і русявы. І вось, пасьля доўгай разлукі, пасьля столькіх марна пражытых гадоў, яны сустрэліся, дапытліва глядзелі адно на другога — і ў вушы назойліва лезла няўцямная хуткагаворка.

— Шмат зрабіў дзеля “рэабілітацыі” рамана пісьменьнік Канстанцін Сіманаў...

Лёнька той хвіляй таксама, відаць, думаў пра сваё няўдалае жыцьцё, бо й маршчына лягла ўздоўж ілба, і нежывая ўсьмешка блукала ў куточках сьцятых вуснаў. І акурат у той міг, калі апівуда, зьмяніўшы інтанацыю, прамовіў апошні сказ: “Раман прыйшоў да нас задужа позна”, — і пакінуў моўніцу, у душы Іванавай штосьці зварухнулася, горла перахапіла даўкая спазма і ён з жахам адчуў, што ўвідавочкі ўсыхае целам, робіцца зморшчаным карузьлікам. “За што?” — крыкнула ўлякнутая душа. “Праз тваю чорную зайздрасьць!” — адказалі ўгары. Іван сьцяўся, зірнуў угору і ўбачыў няголеную сківіцу. Паўз яго, цяжка сапучы і штосьці незадаволена гукаючы Гоману, прабіраўся рабацень. У залі зашумелі, захваляваліся.

— Я не філёляг, не літаратуразнаўца, а таму скажу наўпрост: Гэмінгуэй аніводнай сваёй рэччу мяне ня ўразіў. На мой погляд, гэта штучна раздзьмутая асоба...

Наўкол зашумелі зь яшчэ большым імпэтам, а Гоман, крутнуўшы галавой, устурбавана прабасіў:

— Не... вы чулі?!

Думкі пра ўласную нікчэмнасьць сьцягнулі скуру на лобе, халодным сьвербам казытнулі пад дыхніцай. Ратуючыся ад сьвербу, Іван падняўся на ногі, пабег, сагнуты, да дзьвярэй — так звычайна бегаюць гледачы ў вясковым клюбе, — гэтак жа, не разгінаючыся, спусьціўся ў прыбіральню, а калі, хвілін празь дзесяць, вяртаўся ў залю, убачыў у мутным шкле бібліятэчных дзьвярэй рухавую постаць. Ён адчыніў дзьверы і сустрэўся вачыма з кіроўцам мікрааўтобуса. Вадзіла кіўнуў яму, як старому знаёмцу.

— “Слаба ты п’еш. Бяры зь мяне прыклад”, — прачытаў хлопец, перагарнуўшы старонку пашарпанай кніжкі.

— “Цяпер я быў вымушаны глынуць як сьлед”, — хлопец задаволена хмыкнуў. — Наш чалавек... на кожнай старонцы пра п’янку.

— Што будзеце браць? — запыталася дзяўчына-бібліятэкарка, перабіраючы чытацкія фармуляры.