Выбрать главу

ЛЁГКАЯ СЬМЕРЦЬ

Шэрыя мегрэльскія пчолы, бадай, самыя лагодныя ў сьвеце.

(Кароткі даведнік пчаляра)

Спыніўшыся перад брамай, Аўдзей узьняў вочы і падзівіўся – як разросься бэз. Мінулым разам, як хавалі Лабейку, брама выглядала вялізнай і грувасткай. Цяпер жа яна паменшала ў аб’ёме, па самы крыж захінулася зыркім зяленівам ды белымі гронкамі.

Прагнымі зацяжкамі Аўдзей дасмактаў цыгарэту – паліць на могілках было нязручна, — пашукаў вачыма сьметніцу і, выдаўшы дакорлівы зык “Экх!”, панурыўся ў духмяную, зумклівую ад пчолаў засень.

Перад прысадзістым, сылікатнай цэглы, дамком, дзе месьцілася адміністрацыя кладоў, ён ізноў спыніўся і пакутліва ўздыхнуў. Ніколі ў жыцьці не даваў хабару, а вось жа… давядзецца.

…Пасьля сьляпучага сонца ў пакойчыку было цемнавата і ўваччу плылі вясёлкавыя колы. Каб іх пазбыцца, давялося пацерці вочы. У дальнім куце, за сталом, сядзела кабета і, мяркуючы па водару, што поўніў прастору, піла каву. Праваруч ад стала, наваліўшыся шырокім канцом на сьцяну, стаяла чорнае века дамавіны. Па краях яно было аздобленая белым рубчастым карункам і Аўдзей міжволі сьцепануўся: на лобе ягоным напялася скура.

— Брак… на кутах тканіна парвалася. Трэба перацягваць, — патлумачыла кабета, перахапіўшы Аўдзеевы позірк. – Змахнуўшы са стала нябачныя крыхоткі, наглядчыца могілак ужо патрабавальным голасам запытала:

— Удзельнік вайны?

— Удзельнік… тылавік, — няўпэўнена прамармытаў Аўдзей, дастаўшы з кішэні складзеную ў дзьве столкі паперку.

Кабеціна паправіла аб’ёмісты начос на галаве.

— Могілкі тры гады як зачыненыя. Ужо й ня ведаю – куды класьці. Да самай ракі падступілі… А як паводка надарыцца, ды магілы пазалівае? — У гэты момант над аб’ёмным начосам пачала наразаць колы ўзбуджаная пчала і кабета махнула вялізным гросбухам. – А што ж гэта робіцца… а ня стала ж ніякая паратунку!

Праводзіўшы насьцярожлівым позіркам пчалу, якая з напятым гудам вылецела ў фортку, Аўдзей пераступіў з нагі на нагу. У яго было такое адчуваньне, што гэта ён ня цешчу хавае, а сам прыйшоў ладкавацца ў магілу.

— Мала таго, што можа вадой заліць, дык і схіл такі, што людзі ў ваду куляюцца.

На пачатку траўня Аўдзей хаваў свайго сябра – паэта Міцьку Лабейку. Сам бачыў той схіл. Таму й атрымаў ад жонкі наказ: выбіць больш-менш прыстойнае месца.

— А ці можна дзе-небудзь далей ад ракі… Усё ж вэтэран вайны, ордэн мае…

— Ды што вы, мужчына. Мы вунь генэрала Карзо ня ведалі куды ўплішчыць. На парушэньне пайшлі: паклалі ў чужую магілу. І аркестру не было дзе стаць, і стралялі не над магілай, а ля брамаў. Ох, і намучыліся мы з тым генэралам… — тым часам у фортку ізноў заляцела пчала, зацкавана пакружляла па пакоі і неўзабаве села на вечка труны. Не адрываючы вачэй ад зумклівай нягодніцы, наглядчыца падхапіла гросбух, грукнула ім на труне і Аўдзей спалохана сьцепануўся.

Нутро Аўдзеева паныла сьцялася ў прадчуваньні жончыных дакораў (“Божухна… мужык… Усё жыцьцё адседзеў за маёй сьпінай!”), але тут жа і выпрасталася: ён згадаў, нарэшце, пра храбусткія паперкі, якія мулялі кішэнь. Заплюшчыўшы вочы, Аўдзей кінуў паперкі на стол, а калі зноў зірнуў на сьвет, грошай на стале ўжо не было. Ён падумаў было – ці ня вылецелі яны, як тая пчала, у фортку, але рашучы кабецін голас: — Падумаем! – пераканалі, што грошы паляцелі ў патрэбным кірунку.

Ён выйшаў з дамка і на поўную грудзіну ўдыхнуў паветра, адчуўшы ягоную празрыстую чысьціню. Навокал красавала акацыя, гулі пчолы, і было такое ўражаньне, што ён патрапіў у іншасьвет.

Тым часам наглядчыца гукнула нейкага Фарзуна і з-за рогу дамка выкуліўся нізенькі мужчына ў пакамечаным пінжаку і з рыдлёўкай у руках.

— Адвядзеш чалавека… да гвардзейцаў, — буркнула кабета, і Фарзун, крутнуўшыся на 90 градусаў, пашыбаваў, цьвякаючы рыдлёўкай, уздоўж магіл.

— Жонка? – спытаў Фарзун, калі яны завярнулі з алеі і пачалі прабірацца між шчыльна пастаўленых агароджаў.

— Цешча, — азваўся Аўдзей.

Адчуваньне, што ён патрапіў у нейкі дзіўны сьвет, поўны азону, птушынага пошчаку і пчалінага гуду, не мінала. Яму зусім не хацелася размаўляць. На шчасьце, далакоп больш не задаваў пытаньняў і толькі ціхенька, напаўголаса мацюкаўся, прадзіраючыся скрозь кусты, якімі былі абсаджаныя магілы. У адным месцы пругкая галіна зьдзерла з Фарзуноўскай галавы зашмальцаваны барэт, той матлянуўся ў паветры, і гэта пацешыла Аўдзея.

— Вось тут, — прамовіў, нарэшце, далакоп, спыніўшыся перад убогай, укаранаванай пахілай пірамідкай, магілай.