Выбрать главу

Неўзабаве ён выйшаў з прысадаў і ў вочы зыркнула, выціснуўшы скупую сьлязіну, люстра санцадоннай ракі. Калі хавалі Лабейку, рака была паўнаводна-бурлівай, цяпер жа ўбілася ў берагі й бязгучна несла сваю ваду, навылёт асьветленую бліскучым сонцам.

Месца было адкрытае — нябожчыкі асвойвалі тут цаліну, і ён маракаваў адразу ж выйсьці да Лабейкавай магілы. Давялося, аднак, ладна паблукаць сярод сьвежых, заваленых поліэтыленавымі вянкамі, капцоў; пару разоў спускаўся па схілу да берага; потым узяўся чытаць надпісы на жалобных стужках, аж пакуль не пачуў за сьпінай сьцішаны голас:

— Аўдзей Іванавіч!

Галава ўехала ў плечы, ён з асьцярогай азірнуўся і ўбачыў Кацярыну. Маладая ўдава сядзела ля магілы і над галавой ейнай… спачатку падумалася, што гэта авадні… зацята кружлялі пчолы.

Сустракацца з удавой Аўдзею зусім не выпадала. Ён выпрастаў сьпіну, вінавата пасьміхнуўся і ў гэты момант адразу дзьве пчалы замітусіліся перад ягоным носам.

— Стойце і не махайце рукамі! Пчолкі ў нас спакойныя… мегрэлкі, — азвалася Кацярына, паправіўшы чорную хустку.

Аўдзей зьвёў вочы да пераносься, баючыся нават дыхаць, і ўвішныя мегрэлкі, даўшы кругаля вакол ягонай галавы, паляцелі ў бок рэчкі.

— А я ўжо думала ніхто ня прыйдзе, — прамовіла маладая ўдава. Аўдзей са сьціхотам заўважыў, што па руках удовіных шпарка сноўдаюць пчолы. – Сёньня ж саракавіны. Думала, людзі прыйдуць, а во.. толькі пчолкі і прыляцелі, — Кацярына ўсхліпнула, выцерла нос ражком хусткі.

Аўдзей падышоў да магілы і тое, што пабачыў, прымусіла яго выгаліць вочы і разявіць рота. Вакол каляровага партрэту Лабейкі, які ён нёс на пахаваньні, жывым вянком віселі варушкія пчолы.

— Ад хаты да могілак пяць кілямэтраў. А пазналі гаспадара, прыляцелі. Загінуць, бедныя, без дагляду…

Удава яшчэ нешта казала, але Аўдзей ня мог дапяць да сэнсу ейных словаў. Ён стаяў, ачмурэлы, і адна з пчол ледзь не ўляцела ў разяўлены рот.

— Я тут медавухі прынесла. На хаўтурах не дапілі. Памяніце Зьмітра Рыгоравіча.

Аўдзей дрогкай рукой перахапіў чарку і, вытрымаўшы ўрачыстую паўзу, глынуў цёплы трунак. Медавуха ў Лабейкі была хмельнай. Пасьля кожнага візыту да сябра ён доўга мучыўся з пахмельля.

— Штодня прыходжу… Пасяджу, пагаманю зь ім і адразу лягчэй стане.

Аўдзей пакутліва ўздыхнуў.

— Там жа ў Рыгоравіча паперы засталіся. Можа б зайшлі, паглядзелі…

Аўдзей зь вінаватай павольнасьцю баднуў галавой і кабета, падхапіўшы бутэльчыну з-пад “Дарыды”, ізноў напоўніла чарку.

Ён плюхнуўся на пясчаны пагорак, зірнуў на аточаны пчаліным роем партрэт сябра. Усьмешлівы Міцькавы твар адгукнуўся ў сэрцы салодкім болем. Падалося, што вось зараз сябрук закіне на лоб непаслухмяную чупрыну і выдасьць штосьці такое, ад чаго міжволі сьцепанесься і зірнеш на бокі.

Мішка заўсёды рэзаў праўду-матку. Аднойчы на сходе, у сярэдзіне дзевяностых, вылез на моўніцу і паведаміў, што эўрапейскія дзяржавы стваралі арыстакраты духу. У нас жа гэтай справай заняліся работнікі аграрнага сэктару, таму й стварылі замест незалежнай краіны вялікі калгас. У залі тады заварушыліся, загаманілі, нехта крыкнуў: “А што ж цяпер рабіць?” — і Міцька, кашлянуўшы ў жменю, паведаміў: ”Выходзіць з калгасу і падавацца на хутар”. Што ён неўзабаве і зрабіў: пакінуў гарадзкую кватэру сямейнікам, а сам набыў у вёсцы хату і ў горад больш не наведваўся.

— Пчолы яго любілі. Нават сетку не насоўваў…

Аўдзей ачуўся ад успамінаў, запытальна зірнуў на ўдаву.

— Сетку, кажу, не надзяваў…

— Так-так, — спахапіўся Аўдзей, адчуўшы, як па руках казытліва бегаюць пчолы.

— Заляціць якая ў хату, а Рыгоравіч яе схопіць у жменю і занясе да вуліку. Яму наагул прыемней было жыць сярод пчол, а не сярод людзей. І памёр каля пчолаў. Ад ранку падняўся, памыўся, пайшоў на двор… Там яго і знайшлі – сядзеў, да вулею прыхінуўшыся…

Кабета горасна ўздыхнула і ўжо стоеным голасам, нібыта разьвітваючыся зь нейкай сваёй запаветнай тайнай, паведаміла:

— А ведаеце, што ён сказаў мне за дзень да таго? “Цяжка, — кажа, — пакідаць гэты сьвет у краіне, дзе паважаюць роднае слова. І лёгка паміраць там, дзе ўсё сьвятое зьнесенае на сьметнік”.

Аўдзея апанавала дзіўнае пачуцьцё. Такое было ў далёкім дзяцінстве: калі наплачасься да змору і на душы робіцца лёгка і ціхамірна. Ён палкімі вачыма зірнуў на Кацярыну і, адрыгнуўшы медавухай, ужо ня з жахам, а з уцешлівым спакоем падумаў, што таксама калісьці памрэ.

Вінцэсь Мудроў

Нарадзіўся 11 верасьня 1953 г. у Полацак. Беларускі літаратар і журналіст, актыўны ўдзельнік руху самвыдату ў 1970-1980-я, крытык камуністычнай нацыянальнай папітыкі, цярпеў ад перасьледаў з боку КГБ.