Выбрать главу

Ірына Данеўская

БАГУСЛАЎ РАДЗІВІЛ

Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага

Раман-эпапея

.

Пераклад з украінскай Наталкі Бабінай.

Мастак Мікола Койдан.

ПРАДМОВА ДА БЕЛАРУСКАГА ЧЫТАЧА

Хоць імя Багуслава Радзівіла, несумненна, знаёмае беларускаму чытачу, мяркую, што мой герой усё ж мае патрэбу ў рэкамендацыях. Гісторыю заўсёды пішуць пераможцы, а яна была вельмі суровай да князя. Мёртвым патрабуюцца жывыя адвакаты, але, на жаль, за 350 гадоў пасля смерці Радзівіл так і не дачакаўся «свайго» біёграфа, і, як вынік, непрадузятай біяграфіі. Але як бы там ні было, яго жыццяпіс заслугоўваў быць апісаным, бо Багуславу ўдалося пражыць надзіва бурлівае, яркае жыццё, здольнае выклікаць здзіўленне і захапленне ў сучасных чытачоў. Прыгажун, адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і ў той жа час тонкі палітык, дыпламат, адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у вядомых бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны… Таму, калі мне ў рукі патрапілі біяграфічныя запіскі, напісаныя часткова Радзівілам, часткова — яго сакратаром, а таксама пасмяротная біяграфія Багуслава, я адразу зразумела, што павінна з’явіцца гэтая кніга. Маштабны гістарычны раман-эпапея, які б дазволіў чытачу наведаць Англію часоў буржуазнай рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Літву і Польшчу, перажыць разам з героем небяспекі на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях, паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца з вядомымі асобамі сусветнай гісторыі.

Некалькі гадоў карпатлівай працы — і звесткі абедзвюх біяграфій мне ўдалося дапоўніць унікальнай інфармацыяй з навуковых даследаванняў і першакрыніц: асабістых лістоў і ўспамінаў Радзівіла, яго слуг, знаёмых і сваякоў. Так нарадзілася кніга, якую ўжо палюбіў украінскі чытач.

І я неверагодна шчаслівая, што зараз мае героі загаварылі на беларускай мове!

Ірына Данеўская

Светлай памяці маёй бабулі Сенык Марыі Іванаўны, настаўніцы ад бога і цудоўнага чалавека, прысвячаю

ЧАСТКА 1

НА ПРЫСТУПКАХ ТРОНА

Раздзел 1

ВЯРТАННЕ ДАДОМУ

Гданьск — Ліхтэнберг — Вільня — Дзяляцічы

(1620–1629 гады)

З мая 1620 года ў слаўным Гданьску, марской браме Рэчы Паспалітай, у сям’і князя з Літвы Януша Радзівіла адбылася знамянальная падзея.

— Хлопчык, ваша княжацкая міласць, — аб’явіла павітуха.

Толькі прыняўшы роды, яна ўжо спяшалася перадаць дзіця шчасліваму бацьку.

— Сын! — усклікнуў князь Януш. — Сын! Спадкаемца! Дзякую богу! Здаровы? — спытаў ён, усхвалявана разглядаючы немаўля.

Нібы зразумеўшы, што гаворка пра яго, малы так гучна закрычаў, што прысутныя засмяяліся і запляскалі ў ладкі.

— Здаровы, ваша міласць, — запэўніла павітуха. — Хай падорыць яму Госпад многія лета…

— Сын, — княгіня Альжбета, адкінуўшыся на падушках, таксама слаба ўсміхнулася.

Князь асцярожна паклаў дзіця побач з маці і ўдзячна пацалаваў жонку.

Радзівіл быў жанаты другі раз. Меў дваіх дзяцей у шлюбе з першай жонкай, Сафіяй Слуцкай, апошняй з роду Алелькавічаў[1]. Гэта была палымяная абаронца праваслаўя, якую простыя людзі лічылі святой яшчэ пры жыцці, а царква прызнала такой пасля смерці. Сын і дачка памерлі маленькімі, а потым, у родах, аддала богу душу і сама княгіня. Патрэба мець сына, які б успадкаваў бацькаў тытул, вядомае імя і вялізныя сямейныя даходы, змусіла князя прасіць рукі прынцэсы Альжбеты Сафіі, дачкі брандэнбургскага курфюрста Іагана Георга. Другая жонка падарыла мужу сына, які, аднак, нядоўга пражыў на гэтым свеце. Пасля нарадзіліся дзве дачкі, але жаданага спадкаемца ўсё не было.

— Нібы праклён які, — наракаў Радзівіл, молячы бога аб літасці.

І вось нарэшце малітвы былі пачутыя. Сын, нашчадак магутнага роду, яшчэ ляжаў у калысцы, а залатыя трубы на княжым гербе ўжо веставалі яму слаўнае і няпростае жыццё…

У той жа вечар адбыліся і хрэсьбіны па рэфармацкім абрадзе, бо князь Януш быў кальвіністам. Пастар Георг Паўль спытаў імя малога і вельмі здзівіўся, пачуўшы, што княжыча вырашылі назваць Багуславам.

вернуться

1

Княжацкі род, які паходзіў ад кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча (?—1398).