Выбрать главу

Ён цяжка ўздыхнуў.

— Весела, што і казаць, — сказаў Невяроўскі. — А што з намі зробіць князь-гетман, я баюся і думаць.

З такімі сумнымі думкамі навука не лезла хлопцам у галовы, таму абураны настаўнік нацягнуў ім каўпакі з аслінымі вушамі, строга папярэдзіўшы, што ў наступны раз яны атрымаюць больш суровае пакаранне. І хоць хлопцы выглядалі пацешна, ніхто і не падумаў смяяцца: усе занадта добра ведалі сілу іх кулакоў.

Пасля заняткаў сябры, закінуўшы ганебныя каўпакі ў далёкі кут, папляліся да Багуслава з прабачэннямі — і за сябе, і за таварышаў-арыянаў, якія наведвалі іншую школу.

У Радзівіла, якому дасталася ад пана Пуцяты і за самавольны шпацыр па горадзе, і, тым больш, за бойку, аж рукі свярбелі зноў даць хамам па зубах, але ён вырашыў злітавацца.

— Не бойцеся, — сказаў ён. — Я не згадваў вашых імёнаў.

х х х

Невяроўскі і Стаброўскі, здаецца, нарадзіліся пад шчаслівай зоркай, бо прыкрае здарэнне нечакана прынесла ім удачу. Князь Крыштаф, якому са спазненнем данеслі пра бойку, даведаўшыся, што пляменнік выстаяў супраць чатырох сапернікаў, нават не стаў сварыцца («сварыўся б, каб ён спіну паказаў!»), затое вырашыў, што Багуславу патрэбныя таварышы ў дзіцячых забавах. Паколькі ў Кейданах для Радзівіла не было годнага таварыства, гетман дазволіў княжычу выбраць сяброў самому. Багуслаў паказаў на Невяроўскага, а потым, прыслухаўшыся да просьбаў Яна, які прасіў не разлучаць яго з таварышам, пагадзіўся і на Стаброўскага. Цяпер хлопцы мелі жыць у гетманскім палацы на поўным забеспячэнні.

Ян і Самуль са страхам пераступілі парог радзівілаўскага дома, які асляпіў іх хараством. З палёгкай хлопцы даведаліся, што грозны літоўскі гетман быў у чарговым ад’ездзе, а княгіня Ганна не ўмешвалася ў выхаванне Багуслава, бо князь Крыштаф строга загадаў выхавацелям, каб не дазвалялі пляменніку бавіць шмат часу ў жаночым таварыстве.

— Хіба што за вячэрай, — падкрэсліў ён. — А то каля белагаловых[23] і сам бабай стане.

Тут жа, у палацы, жыла і малодшая сястра Януша, шаснаццацігадовая Катарына. Пра князёўну казалі, што ў ёй ажыла прыгажосць самой каралевы Барбары[24]. Высокая, гожая, рудавалосая, з цёмна-сінімі, як у бацькі і брата вачыма, дасціпным вострым розумам і моцным характарам — бацькі на яе проста маліліся, спадзеючыся для дзіцяці вялікай будучыні. Дый ці магло яно быць іншае ў дачкі Радзівілаў, якія здаўна радніліся з еўрапейскімі ўладарамі?

Каля князёўны і княгіні жылі некалькі асірацелых дзяўчат з высакародных літоўскіх сем’яў, бо, паводле тастамента бацькоў, іх галоўным апекуном лічыўся князь-гетман. Дзяўчаты весялілі палац сваім шчабятаннем, вучыліся гаспадарыць і годна паводзіць сябе, а, выходзячы замуж, кожная з іх атрымлівала добры пасаг ад княгіні і князя. Але жаночы двор жыў асобным жыццём, і Невяроўскі са Стаброўскім хутка зразумелі, што па-сапраўднаму ў новым доме баяцца трэба было пана Пуцяты: маршалак двара юнага Радзівіла старанна сачыў за ўсім, што тычылася яго гадаванца. Паны Набароўскі і Кахлеўскі не толькі ўсюды вынюхвалі, але і паведамлялі гетману пра найменшыя драбніцы жыцця княжыча і яго слуг. Грубаваты Стаброўскі зусім не прыйшоўся ім да душы, і хоць бацька Самуля быў з усімі выхавацелямі ў добрых адносінах, хлопцу даводзілася са скуры лезці, каб дабіцца іх прыхільнасці. Невяроўскаму пашэнціла больш. Яго прыемная знешнасць і ўменне годна трымацца ў паважным таварыстве зрабілі лепшае ўражанне, таму Ян меў у палацы ці ні найбольшую свабоду. Яго адносіны з Багуславам мала нагадвалі стасункі пана і слугі, а ў гульнях і рыцарскіх забавах мяжа зусім сціралася. Хлопцы разам вучыліся ездзіць верхам, страляць з лука, практыкавацца з кароткай лёгкай дзідай і з дзіцячай шабляй. Ахвотна гулялі ў цуркі-палкі, перакідвалі набіты пакуллем мяч, кідалі нажы ў намаляваную цэль, але для дзіўнай гульні ў шахматы, якой яшчэ ў юнацтве навучыўся пан Набароўскі падчас еўрапейскіх падарожжаў з нябожчыкам бацькам Багуслава, цярпення хапала хіба ў княжыча. Куды весялейшым былі звычайныя косці і карты з гетманскімі ваякамі. Пастар Дземітровіч скоса паглядаў на такія забавы, час ад часу нагадваючы пра іх грэшную сутнасць, але на яго ніхто асабліва не звяртаў увагі: уменне гуляць і выйграваць было неабходна свецкаму чалавеку.

Лад жыцця ў палацы падпарадкоўваўся тым жа правілам, па якіх павінна жыць кожная кальвінісцкая сям’я: час, адпушчаны богам для зямнога жыцця, не павінен праходзіць марна. Княгіня Ганна была дбайнай гаспадыняй і старанна сачыла за працай слуг ды аканомаў. З-за слабага здароўя і прыроджанай строгасці яна не любіла гучных забаў, якія распачыналіся ў палацы з прыездам князя Крыштафа і яго паважаных гасцей. Але і гэтыя пышныя балі былі праявамі не ганарыстасці або марнатраўства, а гасціннасці, якой так славілася Рэч Паспалітая. І шчодрасць гаспадара павінна была прадэманстраваць павагу да гасцей ды засведчыць яго дабрабыт. Зручнасць і добры густ цаніліся вышэй за паказную пышнасць, але не было тут месца і сумнаму аскетызму, бо, як казаў сам Кальвін[25], чалавек прыходзіць у гэты свет, каб найбольш поўна праявіць свае таленты ды прынесці карысць сабе, людзям і Айчыне. Багацце было самым красамоўным паказнікам поспеху, а беднасць лічылася амаль грахом і выклікала пагарду ў тых шчасліўцаў, якія ўпартай працай і талентам дасягнулі поспеху. У пашане была добрая адукацыя, таму нават у вольны ад школы час выхавацелі і настаўнікі з усіх сіл спрабавалі набіць як мага больш ведаў у галовы княжыча і яго сяброў. А тыя з маладой легкадумнасцю ўсяляк спрабавалі пазбегнуць заняткаў.

вернуться

23

Белагаловыя — іранічная назва жанчын; у сярэднявеччы жанчыны насілі на галаве белую намітку. Гэтае слова так трывала ўвайшло ў польскую мову, што ўжывалася і тады, калі звычай накрываць галаву наміткай застаўся ў мінулым.

вернуться

24

Барбара Радзівіл (1520–1551) — жонка вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста. Рамантычная гісторыя іх кахання лягла ў аснову шматлікіх мастацкіх твораў.

вернуться

25

Жан Кальвін (1509–1564) — рэлігійны рэфарматар, заснавальнік кальвінізму.