Выбрать главу

— Хвалілася каза, што воўка заб’е, а той ад небаракі толькі рожкі ды ножкі пакінуў, — фыркнуў ён у адказ на папрок патрона. — Міласцівы князю, я ж не нейкае там кацяня, каб проста так дазволіць слугам пана ваяводы сябе ўтапіць. А пан Тышкевіч хай свечку богу паставіць і каню свайму найлепшага аўса дасць за тое, што вынес яго старыя косці з бяды, якую ён сам на сваю галаву наклікаў. Я яго дачку да кахання не прымушаў…

Яго мяккі аксамітны голас і стрыманыя рухі супярэчылі жорсткай усмешцы, і таму сказаныя словы прагучалі асабліва злавесна.

— Але з-за цябе, нягоднік, не толькі сенатарская дачка цноту страціла, але і ў дзвюх дзевак з фраўцымеру княгіні жываты павырасталі! — зноў загрымеў князь-гетман. — Хіба ў тваім Зембіне сцежкі да дзявочых святліцаў лесам параслі, што ты пад маім дахам распусту чыніш, ганьбячы і дом мой, і маё імя?

Багуслаў чакаў, што паганец на гэтыя словы пачне ўслых смяяцца, аднак, на яго здзіўленне, той вінавата апусціў галаву.

— Вінаваты, міласцівы князю. Не варта мне было пляваць у калодзеж, з якога ваду п’ю… Карай, я любую кару прыму і міласці прасіць не буду.

— А-а-а, спахапіўся, чорт! — гетман моцна схапіў за горла маладога шляхціца і выпусціў, толькі калі той ужо пачаў хрыпець.

— Яшчэ крыху, і ты б, твая міласць, душу з мяне выціснуў, — закашляўшыся, выдыхнуў небарака, трымаючыся за горла, на якім відаць быў адбітак жалезнай гетманскай рукі.

— І гэтым бы тваёй душы вялікую паслугу зрабіў, — адрэзаў Радзівіл. — Бо ты, нягоднік, яшчэ грашыць не стаміўся, і калі тваё жыццё падыдзе да канца, то з вялікім цяжарам на той свет пойдзеш… Ох, калі б не твая адвага падчас апошняй вайны і не тая вялікая дружба, што мяне з тваім нябожчыкам-бацькам яднала, я б з табой, Адам, інакш пагаварыў.

— Можаш не турбавацца, міласцівы князю, — буян злёгку ўсміхнуўся, убачыўшы, што навальніца прайшла. — Бо пан Тышкевіч, напэўна ж, паспрабуе паскорыць мой канец.

Гэтыя словы, хоць і сказаныя з бесклапотнай бравадай, улагодзілі князя Крыштафа, і ён трохі супакоіўся.

— З ваяводам я ўжо дамовіўся, — памаўчаўшы, сказаў князь. — Ён пагадзіўся аддаць за цябе дачку.

Шляхціц ажно рот разявіў.

— Жаніцца? — збянтэжана спытаў ён. — Ну, не! І я, міласцівы князь, хутчэй зраблю, як той разбойнік, якога тры дні таму павесілі на гарадской плошчы. Нейкая дзяўчына захацела яго мужам узяць і так па старым звычаі ўратаваць ад смерці. А той, пабачыўшы, што нявеста крывая на адно вока, сам сабе на шыю вяроўку накінуў.

Багуслаў засмяяўся, ды яго ніхто не пачуў, бо князь Крыштаф, ускіпеўшы ў адказ на такую няўдзячнасць, зноў выбухнуў лаянкай. Але гнеўныя словы адскоквалі ад шляхціца, як гарох ад сіта, таму, пераканаўшыся, што справы не будзе, гетман, які, відаць, моцна любіў гэтага падшыванца, вырашыў зайсці з іншага боку.

— Ажэнішся, як я загадаю, — ужо зусім спакойна сказаў ён, паклаўшы на плячо шляхціцу сваю шырокую далонь. — Я ж, Адам, загадваю табе гэта зрабіць, таму што не бачу, як інакш скончыць справу мірам. У рэшце рэшт (ён глыбока ўздыхнуў), я спадзяюся, што як жонку ў дом прывядзеш, дык і сам за розум возьмешся. Добрую ж галаву маеш, хлопец. Шкада, калі кату дастанецца.

З хвіліну шляхціц глядзеў ваўком, але потым, спахапіўшыся, згодна кіўнуў. Яго агіда да жаніцьбы, відаць, трохі астыла, калі ўспомніў аб прыгажосці Тышкевічаўны ды аб тых выгодах, якія абяцаў гэты шлюб.

— Няўжо пан ваявода так лёгка пагадзіўся аддаць за мяне дачку? — усё ж пацікавіўся ён. — Яму б Мар’яне сярод сенатараў пару шукаць.

— Не адразу, але пагадзіўся, бо я сам сватам быў… Такую дзяўчыну табе высватаў! Прыгожую як сонца, багатую і з магутнага ды добрага роду. А ты, няўдзячны, яшчэ носам круціш, — папракнуў князь Крыштаф.

Адам, які ўжо зусім супакоіўся, пацалаваў князю руку.

— І родны бацька для мяне не зрабіў бы такога, як твая княжацкая міласць, — прызнаў ён.

— Адразу б так, — задаволена буркнуў князь-гетман. — Слухай мяне, Адам. Вазьмі ў маёй піўніцы бочку вугорскага і едзь цяпер да пана Тышкевіча. Утапіце з ім у віне вашы сваркі! Адзін толькі не ездзі, сватам пана Кахлеўскага вазьмі — той не толькі ваяводу, чорта загаворыць, калі трэба будзе. Бо ты сваім змяіным языком і святога давядзеш да граху… І яшчэ. Пра пасаг я з ваяводам не дамаўляўся, але, мабыць жа, моцна драць не будзе.