— Не будзе, — драпежна ўсміхнуўся буян. — Не турбуйся, міласцівы князь.
Падзякаваўшы гетману за клопат, Адам выйшаў, нізка пакланіўшыся. І быў так заняты сваімі думкамі, што не заўважыў Багуслава, які не зводзіў з яго вачэй.
Княжыч саскочыў з крэсла.
— Хто гэта быў? — зацікаўлена спытаў ён у дзядзькі.
— Саковіч, ашмянскі падкаморы[26], — разгублена адказаў князь Крыштаф, які толькі цяпер пабачыў пляменніка. — Ну, шатан…
— І як толькі пан Тышкевіч пагадзіўся на такога зяця? — услых падумаў пан Мяржынскі, які ўвесь гэты час маўчаў і слухаў.
Гетман зіркнуў на яго, але ўсё-такі адказаў:
— Выбару ў яго не было. Не трэба было пану Тышкевічу крычаць на ўсю Літву пра сваю ганьбу. Толькі смеху нарабіў і свой дом зняславіў.
— Гэта і ёсць той самы Саковіч?
Багуслаў з надзеяй паглядзеў на дзверы, спадзеючыся, што яму прадставяць вядомага буяна, і шчыра пашкадаваў, пераканаўшыся, што таго ўжо і след прастыў.
Пан Адам Мацей Саковіч быў выбітнай асобай, пра якую пляткарылі ўсе, каму бог даў язык і ахвоту да плётак. Успаміналі яго неверагодную адвагу падчас апошняй вайны, на якую ён адправіўся яшчэ зялёным хлапчуком. Былі такія, хто казаў, быццам падчас бою ён уратаваў жыццё літоўскаму гетману, які з тых часоў прыкіпеў да юнага смельчака ўсёй душой. Але паколькі сам князь Крыштаф ніколі пра гэта не казаў, а Саковіч, калі яго пыталі, заўсёды адмоўчваўся, дык гэтыя чуткі чуткамі і засталіся. Усё ж сапраўдныя ці выдуманыя ваенныя подзвігі не перашкодзілі Адаму атрымаць добрую адукацыю. Да навук, асабліва да юрыспрудэнцыі, ён меў выдатныя здольнасці і здолеў здзівіць сваімі ведамі нават самога князя-канцлера Альбрэхта Радзівіла. Пры спрыянні абодвух Радзівілаў Саковіч заняў пасаду ашмянскага падкаморага і здолеў вярнуць сабе добры кавалак сямейных уладанняў, які адсудзілі прадпрымальныя сваякі, пакуль ён быў малы. Тыя паспрабавалі абараніць сваю праўду сілай зброі, думаючы, што будуць мець справу з недасведчаным хлопцам. Але пан падкаморы з хеўрай слуг, якія болей нагадвалі дзікіх разбойнікаў, учыніў лютую расправу з крыўдзіцелямі, не зважаючы ні на родную кроў, ні на хрысціянскую міласэрнасць. Жывы застаўся толькі адзін, ён потым казаў, што то былі не людзі, а чэрці пад загадам самога сатаны, які на тую ноч прыняў аблічча Саковіча. Паверылі яму ці не, але чапаць пана падкаморага ўжо ніхто не наважваўся, і яго асоба набыла дрэнную славу.
Багуслаў, вядома, смяяўся з гэтых выдумак, бо напэўна ведаў, што яго дзядзька не будзе мець справы з нячыстай сілай. А цяпер, прыгледзеўшыся да пана Саковіча, адчуў незразумелую сімпатыю. Ужо адкрыў рот, каб пацікавіцца ў князя-гетмана, дзе ў гісторыях пра ашмянскага падкаморага хлусня, а дзе праўда, але не паспеў.
— Ты да мяне па нейкай справе, Богусь? — пацікавіўся Крыштаф.
Княжыч моўчкі працягнуў дзядзьку лісты ад сясцёр. Той прачытаў іх і задуменна пачухаў патыліцу:
— Я павінен быў здагадацца, што Радзівілаўнам у гэтых галапузых немцаў, багатых толькі на тытулы, будзе нядобра, — з сумам азваўся князь ён. — Электар, хоць і годны чалавек, з-за вайны лішняга гроша за душой не мае і тое, чым пляменніц адорвае, у сваёй сям’і павінен з рота вырываць… Не хвалюйся, пляменнік. Я ўсё зраблю, каб княжнаў дадому вярнуць, і зараз жа да іх слугу адпраўлю з грашыма, футрамі ды іншымі патрэбнымі рэчамі.
Князь выканаў сваё абяцанне, але потым мусіў пагадзіцца з меркаваннем саксонскай курфюрставай, што прынцэсам, якія ўжо амаль дасягнулі шлюбнага веку[27] і атрымалі нямецкае выхаванне, цяжка будзе прыстасавацца да новага жыцця. (Справа з апекай цягнулася гадамі і скончылася толькі са смерцю абедзвюх дзяўчат, што маладымі пайшлі ў лепшы свет.) Але тады ніхто не мог прадбачыць сумнага канца, таму князь-гетман яшчэ раз запэўніў пляменніка, што ўсё будзе добра, і паведаміў выдатную навіну: паколькі Богусь рос надзіва разважлівым і разумным хлопцам, ён вырашыў узяць пляменніка з сабой у Варшаву, дзе вось-вось мусіў пачацца наступны сойм, — каб той патроху прывучаўся да грамадскіх спраў.
Раздзел 3
РАКАШАНІН
Варшава
(1631 год)
Доўгая дарога ў Варшаву падалася Багуславу не такой нуднай, як мінулая паездка ў Літву. Яго сябры засталіся ў Кейданах, але князь Крыштаф быў у гуморы і забаўляў пляменніка аповедамі пра свае ваенныя паходы. Калі ж ён замаўкаў, размову падхоплівала князёўна Катарына, якая напрасілася ў гэтую паездку, нягледзячы на бацькаў супраціў. Аднак упартая князёўна не прывыкла атрымліваць адмовы і магла сказаць «так» нават тады, калі ўвесь свет навокал казаў «не».
26
Падкаморы — суддзя ў Рэчы Паспалітай, які займаўся размежаваннем уладанняў. Быў ураднікам земскага шляхецкага суда.