Выбрать главу

Варшава не зрабіла на княжыча добрага ўражання, дый, шчыра кажучы, любавацца горадам не было часу. Не паспеў літоўскі гетман пераступіць парог уласнага дома, як яго атакавалі пасланцы праваслаўнага духавенства, што прыбылі на гэты сойм бараніць грэцкую веру ад каталікоў і ўніятаў. Яны бачылі ў літоўскім гетмане адзінага заступніка і абаронцу, і, трэба сказаць, што Радзівіл апраўдваў іх давер. Убачыўшы чужых, Катарына адразу ж выйшла з пакоя. Багуслаў хацеў ісці за ёй, аднак князь Крыштаф затрымаў яго, весела сказаўшы русінам, што іх выслухаюць абодва Радзівілы. Заклапочаныя абліччы паслоў аж пасвятлелі. Падзякаваўшы князям за такі гонар, яны пачалі.

— Толькі на вас, прасветлы князь, спадзяёмся, — нізка пакланіўшыся, загаварыў пан Крыса, пасланнік кіева-пячэрскага архімандрыта Пятра Магілы[28]. — На бога і на вас, але перш за ўсё на вашу міласць. Каму, як не вам, ведаць пра цяжкія крыўды, якія церпяць усе некатолікі ў Рэчы Паспалітай?

— Ведаю, усё ведаю, — цяжка ўздыхнуў князь Крыштаф, кальвініст, што ніяк не мог атрымаць вялікую гетманскую булаву, якую, па агульным перакананні, ужо сто разоў заслужыў на полі бою, паколькі кароль Жыгімонт, фанатычны каталік, адкрыта адмаўляўся даваць пасады іншаверцам. — Калі наш кароль заняў трон, ледзь не палова ўсіх сенатараў былі дысідэнтамі. А цяпер? Толькі чацвёра, калі лічыць мяне самога!

— І ніводнага грэцкай веры, — рэхам адазваўся Крыса. — Ніводнага! І калі б не заступніцтва вашай міласці, нас, праваслаўных, і слухаць ніхто не стаў бы. Ці ж даўно мы сваіх нябожчыкаў павінны былі ўначы хаваць? І да гэтага часу публічныя працэсіі пад забаронай засталіся.

— Няўжо не ганьбай для караля і ўсёй Рэчы Паспалітай з’яўляецца тое, што любы шляхціц можа вольна чыніць разбой у царкоўных маёнтках? — пачаў скардзіцца іншы бацюшка. — Столькі праваслаўных святароў заплацілі жыццём за спробы спыніць гэтае свавольства! А ці ўмяшалася каралеўскае правасуддзе? Ці пакарала сурова вінаватых? Госпадзе, ты ўсё бачыш! А падаткі, што спаганяюцца ў каралеўскі скарб выключна з праваслаўнага духавенства? Мы, слугі божыя, заўсёды гатовыя падтрымаць патрэбы яго вялікасці. Але чаму такая несправядлівасць? Чым ксёндз або ўніяцкі парох лепшы за праваслаўнага папа? Чаму ж толькі нас павінны закранаць каралеўскія капрызы? Ох, калі кароль не адумаецца, разбурыцца Рэч Паспалітая!

— Караля нават іерусалімскі патрыярх Феафан не пераканаў, — сказаў князь Крыштаф, які ўсё гэта чуў не ўпершыню, бо пра гэта гаварылі ў сойме цягам апошніх дванаццаці гадоў. — Аднак я буду бараніць правы праваслаўнай царквы гэтак жа ўпарта, як бараню сваю веру ад каталіцкага самаўладдзя.

Абнадзееныя княжацкімі абяцаннямі, пасланцы сышлі, а цікаўны Багуслаў спытаў у дзядзькі, чаму той, кальвініст, бярэ так блізка да сэрца клопаты праваслаўных. Князь Крыштаф даў нечаканы адказ.

— Каталікі ўжо ўзялі за горла ўсіх іншаверцаў і знішчаць па адным, калі ў нас не хопіць розуму трымацца разам. Вядома, праваслаўная царква — гэта вялікія клопаты, бо трэба мець мужнасць, каб бараніць тое, ад чаго ўсе адвярнуліся. Але гэта і вялікая сіла. Ты, Богусь, павінен гэта ведаць, каб павярнуць тую сілу сабе на карысць, бо ты — князь слуцкі і, дасягнуўшы паўналецця, разам з бацькавай спадчынай атрымаеш найбуйнейшую праваслаўную епархію ва ўсёй Літве. На цябе будуць аглядацца і патрыярх, і кіеўскі мітрапаліт… Вядома, калі кароль пагодзіцца аднавіць Кіеўскую мітраполію, бо толькі ад цябе залежыць, хто са святароў які прыход будзе мець у тваіх уладаннях, ды і само існаванне праваслаўя ў Слуцку таксама будзе залежаць ад цябе. А людзей заўсёды шануй за іх добрыя якасці, а не за тое, якую веру яны вызнаюць.

— Я буду памятаць, — сказаў княжыч і моцна задумаўся над гэтымі словамі.

Аднак дзядзька павярнуў яго думкі ў іншы бок, паведаміўшы, што заўтра жадае прадставіць пляменніка каралю Жыгімонту. Багуслаў нахмурыўся. У Літве ён нямала наслухаўся пра варожасць паміж каралём і сваім бацькам, у смерці якога сёй-той вінаваціў менавіта Жыгімонта. Так гэта было ці не, але пасля смерці зацятага ворага кароль перанёс нянавісць на князя Крыштафа, супраць звычаю перадаўшы і Віленскае ваяводства, і вялікую гетманскую булаву Льву Сапегу — мудраму дзяржаўнаму мужу, але нікчэмнаму ваяру. Менавіта таму падчас апошняй вайны шведам удалося прыбраць да рук значную частку Літвы. Князь Крыштаф, не зважаючы на абразу, выбіў непрыяцеля з межаў Айчыны, але каралеўскай падзякі за гэта так і не атрымаў.

вернуться

28

Пётр Магіла (1596–1646) — украінскі палітычны і царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай, асветнік, архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра з 1627 года, мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі з 1633 года. У 1996 годзе кананізаваны.