— Нічога, каралевіч, — сказала на тое Катарына. — Калі я спачатку трохі і замерзла, дык цяпер вашыя міласцівыя словы мяне зусім адагрэлі.
Пераканаўшыся, што дачка авалодала сабой лепш за пляменніка, князь Крыштаф запрасіў абодвух каралевічаў на вячэру. Уладзіслаў з радасцю прыняў запрашэнне, а Ян Казімір доўга вагаўся, муляўся і нарэшце сказаў, што прыйдзе, калі дазволяць кароль і важныя справы.
Кароль, відаць, усё ж дазволіў, бо ў прызначаны дзень абодва каралевічы з явіліся на парозе княжацкага палаца. Тут былі першыя асобы Вялікага Княства і Кароны, з якімі князь Крыштаф падтрымліваў сяброўскія адносіны. Сеўшы па правую руку ад гаспадара дома, Уладзіслаў пасадзіў Катарыну побач і ўвесь вечар займаў яе прыветнай гутаркай, зрэдку адрываючыся, каб сказаць нешта прыемнае князю Крыштафу ці каму-небудзь з гасцей. Ян Казімір, які сядзеў насупраць, сказаў за вячэрай усяго некалькі слоў, а яго аблічча рабілася ўсё больш змрочным па меры таго, як весялеў твар яго брата. Затое калі Катарына, паспрачаўшыся пра нешта з Уладзіславам, папрасіла, каб ён рассудзіў іх спрэчку, Ян Казімір так узрадаваўся, што, зрабіўшы гэта, неадкладна выпрасіў сабе ва ўзнагароду магчымасць танца з прыгажуняю. Цяпер надышла чарга Уладзіслава хмурыцца і адмоўчвацца, што ён і рабіў, пакуль не завалодаў рукой князёўны. І руку яе адпусціў толькі тады, калі надышоў час вяртацца дадому.
Пасля гэтага вечара Катарына бы зноў на свет нарадзілася. Некалькі разоў Багуслаў бачыў, як чыесьці слугі перадавалі яе слугам таямнічыя пасланні, і дзяўчына, прачытаўшы іх, цэлы дзень лётала як на крылах, напяваючы ўголас нейкую песеньку. Назіраючы за сястрой, княжыч спрабаваў адгадаць, хто ж з прынцаў слаў тыя цыдулкі. Так і не здагадаўшыся, спытаў пра тое ў самой князёўны. Катарына аджартавалася, але з тых часоў стала больш асцярожнай, напэўна, баючыся не так назіральнага кузэна, як грознага бацькі.
Але князь Крыштаф, заняты справамі сойма, папросту не заўважаў нічога, што не тычылася палітыкі. Надышлі дні, калі пышныя абеды ў княжацкім палацы і натоўпы наведнікаў, якія праглі пачуць Радзівілаву параду, змяніліся сумнай цішынёй у пакоях. Яе зрэдку парушалі толькі крокі радзівілаўскіх сваячак, што наведвалі князёўну. Князя-гетмана не было дома цэлыя дні. Ішоў з раніцы і прыходзіў ноччу, часта ў суправаджэнні вяльможных асоб, з якімі доўга пра нешта размаўляў, зачыніўшыся ў спальні.
Раз Багуслава разбудзілі ўначы галасы, якія гучалі з вітальні. Княжыч узрадаваўся, зразумеўшы, што прыйшоў князь Крыштаф. Жадаючы павітацца з дзядзькам, ён спехам апрануўся і, спусціўшыся па сходах, прайшоў у малую гасцёўню, праз няшчыльна прычыненыя дзверы якой праходзіла святло. Зразумеўшы, што князь не адзін, хлопец разгублена спыніўся, а затым асцярожна зазірнуў. Акрамя князя Крыштафа, у вітальні было некалькі чалавек, сярод якіх Багуслаў пазнаў нясвіжскага ардыната, князя Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла, і яго братоў: камандора Мальтыйскага ордэна Жыгімонта Караля і літоўскага крайчага Аляксандра Людвіка — жыццярадаснага таўстуна, чыя круглявая постаць патанала ў пене карункаў французскага камзола, які так шчыльна аблягаў вялікі жывот князя, што, здавалася, вопратка вось-вось лопне. Усе гэтыя Радзівілы былі каталікамі, таму паміж імі і іх біржанскімі сваякамі-евангелістамі асаблівай прыязнасці не было. Убачыўшы дзядзьку ў такім таварыстве, Багуслаў застаўся стаяць за дзвярыма, толькі трохі адступіўшы ўбок, далей ад святла, бо баяўся, што яго выдасць хісткі цень. Зрэшты, сваякі былі так занятыя размовай, што нічога не заўважалі. Таму княжыч зноў зазірнуў у пакой і толькі цяпер пабачыў яшчэ аднаго чалавека, які сядзеў на кукішках перад амаль загаслым камінам і спрабаваў разварушыць агонь, падкідваючы дровы. Пакуль князі размаўлялі пра соймавыя справы, ён не ўмешваўся, затое калі гаворка зайшла пра слабое здароўе караля, вырашыў уставіць колькі словаў.
— У каралеўскім палацы ўжо пахне мярцвячынай, — холадна запярэчыў ён нясвіжскаму князю, які крывадушна і шматслоўна казаў пра хуткае адужанне яго вялікасці. — А той, хто думае інакш, толькі падманвае сам сябе.
І, звяртаючыся да князя Крыштафа, з паклонам дадаў:
— Старэйшы каралевіч так дагаджае вашай княжацкай міласці, бо добра разумее, што яго элекцыя шмат у чым будзе залежаць ад Радзівілаў, і асабліва ад таго з іх, хто мае войска, а значыць, і сілу. Бо наш «вялікі» гетман Сапега ў свае гады і на каня не сядзе. А калі і сядзе, дык толькі для таго, каб людзей насмяшыць.