Багуслаў адразу пазнаў гэты моцны выразны голас, які, нягледзячы на сваю мяккасць, меў дзіўную здольнасць напаўняць сабою ўвесь пакой. Князь Крыштаф, якому не дужа спадабалася гэтая смелая прамова, трохі нахмурыўся.
— Пан Саковіч мае дрэнную звычку гаварыць пра ўладароў так, нібы ідзецца пра іх слуг, — сказаў ён. — Але ў цэлым мае рацыю. З павагі да караля я б з радасцю адклаў гэтую размову да яго смяротнай гадзіны, але, баюся, будзе занадта позна. Гаворка пойдзе пра інтарэсы нашага дому…
— Чаму ж тады я не бачу тут нашых сваякоў — клецкага князя і літоўскага канцлера? — спытаў камандор і, шматзначна азірнуўшыся, спыніў погляд на Саковічу, нібы кажучы: «Мы — Радзівілы, а ён хто такі?»
— Я давяраю Адаму, — патлумачыў гетман, слушна зразумеўшы гэты погляд. — Што тычыцца нашых кузэнаў, дык я, вядома, пагавару з імі, калі мы прыйдзем да згоды.
— Дык пра што гаворка? — пазяхнуў князь Альбрэхт Уладзіслаў. — Кажы, Крыштаф, на вуліцы глыбокая ноч…
— Пра асобу нашага новага караля, — сказаў князь-гетман.
— Во як! — здзівіўся Аляксандр Людвік. — Я думаў, што каралевіч Уладзіслаў як старэйшы сын караля мае неаспрэчнае права заняць пасад.
Ён глядзеў на братоў, нібы прасіў падтрымкі, але тыя напружана маўчалі, не зводзячы вачэй з літоўскага гетмана.
— Каралевіч мае такое ж права на карону, як і мы маем права абраць сабе караля, які адпавядаў бы інтарэсам Рэчы Паспалітай і, галоўнае, Літвы, — адрэзаў князь-гетман і, падвысіўшы голас, урачыста сказаў: — Я пытаюся ў вас, браты мае, ці можам мы сабе дазволіць каранаваць прынца, што, стаўшы каралём, будзе працягваць разбуральную палітыку бацькі, спрабуючы адным задам уседзець на трох тронах, і ў рэшце рэшт абавязкова страціць нашу каханую Айчыну?
— Літасцівы божа! А дзядзька мае рацыю! — падумаў Багуслаў і, стаіўшы дыханне, пачаў прагна лавіць кожнае слова князя Крыштафа.
Нясвіжскія Радзівілы напружыліся так моцна, што, здавалася, вось-вось лопнуць, аднак і надалей маўчалі. Князь-гетман працягваў:
— Вось я і спытаў сябе: хто ж, акрамя Жыгімонтавых сыноў, варты таго, каб ускласці на сябе карону? Ці можам мы зноў рызыкаваць, прапануючы яе нейкаму замежнаму прынцу? Няўжо ў Рэчы Паспалітай, нарэшце, у Літве, не знойдзецца годнай галавы, здольнай узяць на сябе такі груз? — сказаў ён і абвёў палымяным позіркам прысутных.
Легла цяжкае маўчанне.
— Каралём не можа быць ерэтык, — павольна вымавіў нясвіжскі ардынат, якому падалося, што ён зразумеў, куды хіліць яго біржанскі сваяк. — Ні Літва, ні тым больш Польшча ніколі на гэта не пагодзяцца.
Князь Крыштаф, відавочна, падрыхтаваўся да такога выпаду, нават усміхнуўся.
— Вось таму я, дарагі брат, прапаную абраць каралём добрага каталіка — нашага любімага брата Аляксандра Людвіка…
— Мяне??? — таўстун гучна зарагатаў, успрыняўшы словы гетмана як жарт.
Але, заўважыўшы, што, акрамя яго, ніхто не смяецца, азадачана змоўк. Напружаныя зморшчыны на ілбах яго братоў разгладзіліся, як толькі яны пачулі, што літоўскі гетман сам не прэтэндуе на каралеўскі пасад.
— Гэта ж добрая ідэя! — павольна вымавіў князь Альбрэхт Уладзіслаў, аглядаючы брата так, быццам бачыў упершыню. — У рэшце рэшт, карона ўжо ў радзівілаўскім доме была…[29]
— Ія так лічу, — падтрымаў яго князь Жыгімонт Караль. — Паспрабую праз сваіх братоў па ордэне схіліць на наш бок папскі пасад і езуітаў, якія маюць у Рэчы Паспалітай вялікую вагу…
— Ды вы што! — спалохаўся князь Аляксандр Людвік, убачыўшы, што сваякі не жартуюць. — На чорта мне здалася тая карона!
Ён быў памяркоўным і лагодным чалавекам, аднак, уявіўшы сабе, што, калі зойме пасад, штодня будзе мець справу з жалезнай воляй сваякоў, шляхецкім гонарам і пыхаю, выявіў незвычайную ўпартасць:
— Не хачу і не прасіце, — рашуча сказаў ён. — Уладзіслаў як старэйшы сын павінен кіраваць пасля свайго бацькі.
Сказаўшы гэта, князь так хутка пайшоў да дзвярэй, што Багуслаў ледзь паспеў адскочыць, каб Аляксандр Людвік на яго не наляцеў. Пасля ўцёкаў напалоханага прэтэндэнта ў вітальні запанавала няёмкая ціша.
— Я яго ўгавару, — нарэшце сказаў князь Альбрэхт Уладзіслаў.
— Не варта, — сказаў гетман. — Я бачу, што Рэч Паспалітая заслугоўвае лепшага караля, чым наш маладушны сваяк.
Пасля гэтага госці сышлі. Праводзячы іх, князь Крыштаф з Саковічам трохі адсталі, і Багуслаў пачуў, як пан падкаморы нешта прашаптаў гетману на вуха. Калі б хлопец мог не толькі чуць, але і бачыць, заўважыў бы, як запалала ад гневу дзядзькава аблічча.