— Значыць, пан Сапега любіць ваяваць срэбнымі дзідамі?[30] — злосна пацікавіўся князь Крыштаф, а яго рука міжволі схапілася за шаблю.
— А што яму яшчэ застаецца, калі баявыя падняць не можа? — паціснуў плячыма пан Саковіч. — Калі маеш справу з такім ворагам, трэба спадзявацца на лепшае, але рыхтавацца да горшага. І калі я магу чым-небудзь быць карысным вашай княжацкай міласці…
Гетман паляпаў яго па плячы.
— Ты ўжо і так шмат зрабіў, Адам. Praemonitus praemunitus![31]
Правёўшы гасцей, князь Крыштаф хацеў ісці ў свае пакоі, але нечакана наткнуўся на пляменніка, які зыбкім ценем выслізнуў са свайго сховішча яму насустрач.
— Багуслаў? — гетман ад нечаканасці ледзь не выпусціў срэбны кандэлябр, якім асвятляў шлях. — Ты што тут робіш у такую пару?
Убачыўшы, што дзядзька больш здзівіўся, чым раззлаваўся, Багуслаў хітра прыплюшчыў вочы.
— Я засумаваў па табе. Спусціўся, каб павітацца, але ты не адзін, дык я вырашыў пачакаць.
— Засумаваў?
Зразумеўшы, што пляменнік чуў размову са сваякамі, гетман так страшна нахмурыў бровы, што любы з аднагодкаў юнага княжыча у порткі наклаў бы ад страху.
— Дык замест таго, каб кінуцца дзядзьку на шыю, ты, князь, падслухоўваў за дзвярыма? — прыкрыкнуў ён.
— Давялося, — уздыхнуў Богусь, які зусім не баяўся грознага сваяка. — Калі б зайшоў, нічога цікавага так і не даведаўся б. А гэта было б вельмі крыўдна, бо я Радзівіл, і справы майго роду тычацца і мяне.
Ад такога вытанчанага нахабства знакамітае красамоўства князя Крыштафа, за якое ён атрымаў ганаровую мянушку «літоўскі Цыцэрон», кудысьці знікла.
— Ах ты… — гетман бездапаможна азірнуўся вакол, шукаючы поглядам пана Набароўскага, каб пасварыцца хоць на яго за такі недагляд.
Спахапіўшыся, што на двары стаіць глухая ноч і выхавацель, напэўна, бачыць дзясяты сон, князь вырашыў сам звярнуцца да выхаваўчых методык.
— Я б з радасцю адказаў на твае пытанні, пляменнік, калі б ты іх задаў, а не хаваўся, як злодзей які…
— Праўда? — сумеўся Багуслаў, але адразу ж упэўнена працягнуў: — Ну, тады будзем лічыць, дзядзька, што я пазбавіў цябе ад лішніх клопатаў.
Зразумеўшы, што пляменнік усё-такі ўзяў верх, гетман шчыра зарагатаў. Прайшоўшы ў вітальню, ён пасадзіў хлопца сабе на калені і надоўга задумаўся, бо словы Саковіча не ішлі ў яго з галавы. Час ад часу позіркам ацэньваў пляменніка, быццам прымерваў, ці вытрымае той вагу яго думак.
— Што такое, дзядзька? — спытаў княжыч, заўважыўшы яго ваганні. — Ты нешта хочаш мне сказаць?
— Хачу, — рашыўся князь. — Тут вось якая справа, пляменнік… Яшчэ ў твайго бацькі ўзнікла спрэчка з Ільвом Сапегам, цяперашнім вялікім гетманам літоўскім і ваяводам віленскім, за Копысь. Твой бацька некалі змусіў пана ваяводу прыкусіць язык, і цяпер Сапега вырашыў судзіцца ў каралеўскім судзе…
— Але Копысь мая! — у Багуслава ад абурэння аж дыханне перахапіла. — Якая справа Сапегу да маіх маёнткаў?
— Так, — пагадзіўся Крыштаф. — Яна твая паводле права, і я, вядома, з усіх сіл буду бараніць твае інтарэсы, аднак баюся, што карысці ад гэтага будзе няшмат. Кароль мяне не любіць, а твой нябожчык бацька тым больш быў яму як костка ў горле.
Убачыўшы, як гнеўна тарганулася аблічча пляменніка, хуценька дадаў:
— Аднак цяпер не час, Богусь, рокаш падымаць, бо справу абавязкова трэба выйграць… Я прыдумаў адну штуку, а выйдзе яна ці не — ад цябе залежыць.
— Дык кажы, — падбадзёрыў яго малы.
— Добра было б, каб ты, пляменнік, сам выступіў у судзе. Настаўнікі захоплена адгукаюцца пра твой розум і схільнасць да навук, ды і я лічу, што ты некалі зможаш атрымаць пасаду вялікага канцлера…
— Гэтага не будзе, — перапыніў яго Багуслаў. — Я, дзядзька, не хачу сабе пасады, ад якой, як казаў мой бацька, дыяканствам пахне. Сярод канцылярскіх папер сабе славы не здабудзеш, яе на полі бою здабываць трэба! Але калі…
— Цішэй, цішэй, — нязлосна супакоіў яго князь Крыштаф, бо і сам думаў гэтак жа. — Дык ты, мой дарагі князь, вось гэтую цацку палюбіў, яе сабе выбраў? — ён любоўна правёў пальцам па заткнутай за пояс срэбнай гетманскай булаве.
— Не, тую, што цяпер у пана Сапегі пад падушкай без справы ляжыць, — таксама пажартаваў Багуслаў. — Што я павінен зрабіць?
— Мы з тваім выхавацелем падрыхтуем прамову, з якой ты выступіш перад каралём і сенатарамі. Што скажаш? Не разгубішся перад такімі людзьмі?
— Не разгублюся, — запэўніў яго пляменнік і стрымаў слова.