У вызначаны дзень Багуслаў сказаў перад панамі-сенатарамі і каралём як высокім апекуном усіх удоваў і сірот прамову, поўную вытанчанай дзёрзкасці (пан Набароўскі пастараўся!), якая выкрывала ўсе падкопы Сапегі. Жыгімонт толькі лыпаў вачыма, слухаючы адзінаццацігадовага хлопчыка, які сыпаў лацінскімі словамі, і, нарэшце, прысудзіў Копысь Радзівілу.
— Каралю лёгка дарыць тое, што яму не належыць! — крыкнуў пан віленскі ваявода, пачуўшы прысуд.
— Будзеш з дзіцём спаборнічаць? — падміргнуў яму князь Крыштаф, якога аж распіраў гонар за пляменніка і радасць ад выйгранай справы.
— Ды ён ужо спрабаваў, толькі язык праглынуў! — падтрымаў польнага гетмана хтосьці з сенатараў.
— Вось жа, Сапега! Хацеў кот рыбку з’есці, ды не злавіў…
— А малады княжыч далёка пойдзе!
— Ваўчаня, бо з воўчага роду, — не прамаўчаў Сапега. — Ды хоць у вас, Радзівілаў, зубы вострыя, але на Копысі іх абламаеце!
Пачуўшы гэта, Багуслаў павольна падышоў да ворага і ткнуў добрую дулю яму проста пад нос.
— Гэта ўсё, што ты атрымаеш, пан, — паведаміў ён агаломшанаму ваяводу.
Так і выйшла. Хоць копыская справа цягнулася яшчэ гадамі, распальваючы і без таго лютую варожасць паміж двума магутнымі родамі, Сапегу ўсё ж не ўдалося адгрызці кавалак радзівілаўскіх уладанняў: перамога засталася за Багуславам.
Князь Крыштаф таксама не марнаваў часу. Дзякуючы намаганням праваслаўнай дэлегацыі і яго ўласнаму хадайніцтву сойм прыняў дэкларацыю «Аб уладычных і царкоўных уладаннях», дзе пад страхам суровага пакарання забаранялася свавольства ў царкоўных землях.
Але заслужаны трыумф захінула чарговая сварка з каралеўскім дваром: каралю Жыгімонту данеслі, што каралевіч Уладзіслаў захапіўся дачкой літоўскага гетмана. Раз’юшаны кароль неадкладна загадаў сыну выкінуць дзяўчыну з галавы, і добры сын ды спадкаемца не мог не паслухацца бацькі, а абражаны князь Крыштаф неадкладна вывез Касю ў Літву, далей ад граху. Так таямніца, якую столькі часу спрабаваў разгадаць Багуслаў, выйшла на свет божы…
Вяртанне дадому нагадвала жалобную працэсію. Катарына ўсю дарогу плакала, князь-гетман хмурыўся і адмоўчваўся, а Багуслаў змрочна разважаў: вось калі б кароль, якому ўсё прадказвалі хуткую смерць, здагадаўся памерці ўжо зараз, стрыечніца магла б стаць каралевай Рэчы Паспалітай. Тая ж думка грызла і князя Крыштафа.
— Не плач, дачка, — нарэшце сказаў ён сваёй любіміцы, якая ўпарта хавала твар за мокрай ад слёз хусцінкай. — Жыгімонт надоўга на гэтым свеце не затрымаецца, а Уладзіслаў, дасць бог, цябе не забудзе. — І, падміргнуўшы Багуславу, ціха дадаў: «Калі Радзівіл не будзе каралём, хай будзе каралевай Радзівілаўна».
Раздзел 4
СМАЛЕНСКАЯ ВАЙНА
Вільня
(1632–1634 гады)
Рэлігійныя звады ўзмацніліся ў Рэчы Паспалітай з часоў Стэфана Баторыя[32], якому прыйшло ў галаву запрасіць у сваю дзяржаву езуіцкі ордэн. Абжыўшыся на новым месцы, святыя айцы пачалі змаганне як з адвечным на гэтых землях праваслаўем, так і з Рэфармацыяй, што з’явілася тут нядаўна, але паспела пусціць моцныя карані ў каронных і літоўскіх землях. А паколькі езуіты славіліся як выдатныя настаўнікі, да якіх па навуку звярталіся нават іншаверцы, дык змагацца з ерассю сталі не толькі агнём, але і словам. З іх лёгкай рукі ў гарадах Рэчы Паспалітай пачалі ўзнікаць школы і калегіумы, дзе настаўнікі з ордэна Ісуса ўкладалі ў маладыя гарачыя галовы не толькі веды, але і нянавісць да ерэтыкоў. Не абмінулі езуіты і Вільню, куды Багуслаў прыбыў, каб працягнуць навучанне ў кальвінісцкай школе, што знаходзілася пад дзядзькавым пратэктаратам. Там вучылася моладзь з уплывовых у Вялікім Княстве пратэстанцкіх сем’яў, і княжыч мусіў завязаць сяброўскія кантакты, якія спатрэбяцца яму ў будучым палітычным жыцці. Ён павінен быў вывучаць філасофію, паэтыку, дыялектыку і рыторыку, каб на публічных выступах і ў прыватных размовах вытанчаным красамоўствам дасягаць свайго і заваёўваць прыхільнасць, мусіў таксама заняцца юрыспрудэнцыяй і паглыблена пазнаёміцца з арыфметыкай.
Юны Радзівіл са сваім дваром пасяліўся ў палацы, які застаўся яму ў спадчыну ад бацькі, а калісьці належаў каралеве Барбары. Гэта быў змрочны двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы, з грознымі вежамі, якія будаваліся не дзеля прыгажосці, а для абароны ад ворагаў. Пабудаваны яшчэ Радзівілам «Геркулесам»[33] сярод вечназялёных хваёвых лясоў, якімі параслі звілістыя берагі Віліі, як раз насупраць Лебядзінай выспы, ён калісьці лічыўся ці не самым прыгожым будынкам сталіцы. Аднак цяпер саступаў і новым камяніцам «a Ia style de Louis XIII»[34], і лёгкім італьянскім palazzo іншых літоўскіх вяльможаў. Нават цудоўныя сады вакол палаца, дзе прыгажуня Барбара калісьці сустракалася з каралём Жыгімонтам Аўгустам, цяпер былі занядбаныя праз пастаянную адсутнасць гаспадара. Князь Крыштаф да прыезду пляменніка распарадзіўся абнавіць хіба ўнутраныя пакоі. Сам жа гетман адбыў у Варшаву на канвакацыйны сойм — памёр кароль Жыгімонт![35]
33
Юрый Радзівіл па мянушцы Геркулес (1480–1541) — заснавальнік біржайска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, першы гетман польны літоўскі (1521–1531), гетман вялікі літоўскі ў 1531–1541 гадах, ваявода кіеўскі ў 1511–1514 гадах, кашталян віленскі ў 1527–1541 гадах. Праславіўся перамогамі ў трыццаці бітвах.
35
Сойм, які склікалі пасля смерці манарха для падрыхтоўкі выбараў новага караля і кіравання дзяржавай у перыяд бескаралеўя.