— Незвычайнае імя для вашага роду, — сказаў ён. — Аднак хай славіць бога, які даў яму жыццё, і айцец наш нябесны будзе літасцівы да яго.
— Амінь, — сказаў князь Януш і горача перахрысціўся.
Хросным бацькам per procura[2] малога Багуслава стаў кароль Чэхіі і пфальцграф рэйнскі Фрыдрых, жанаты з дачкой англійскага караля Якава І Сцюарта Альжбетай. Малы княжыч па матчынай лініі меў сярод блізкіх родзічаў амаль усіх нямецкіх князёў і нават еўрапейскіх манархаў. Але магутныя Радзівілы, князі Свяшчэннай Рымскай імперыі, сваім багаццем маглі зраўняцца і з каралём.
«Не хачу быць каралём, хачу Радзівілам», — жартавалі ў Літве. Бацька Багуслава быў не згодны. Энергічны князь падняў рокаш[3] супраць караля Жыгімонта, якога ненавідзеў за рэлігійны фанатызм і бязмежнае славалюбства, але пацярпеў паразу ў адкрытай барацьбе. Шукаючы саюзнікаў, ён звярнуў свой погляд на захад.
У добраахвотным выгнанні спрабаваў стварыць агульнаеўрапейскую пратэстанцкую кааліцыю і нават набыў нямецкае графства Ліхтэнберг, каб засядаць у княжацкай радзе рэйхстага. А потым яшчэ і даслаў сватоў да дачкі курфюрста.
У Варшаве на гэтыя выбрыкі глядзелі спачатку з паблажлівай усмешкай, потым з гневам і, нарэшце, з вялікім непакоем. Князь Януш нядоўга радаваўся нараджэнню сына: падступны ўдар наёмнага забойцы асіраціў малога прынца. Пахаваўшы мужа, княгіня з дзецьмі перабралася ў Ліхтэнберг, а затым жыла пры двары брата Хрысціяна І Гагенцолерна, маркграфа Брандэнбург-Байройцкага, хоць князь Януш у сваім тастаменце і загадаў сыну да паўналецця жыць у Літве. Быў і яшчэ адзін загад у тым тастаменце, які меў вырашальнае значэнне для малога княжыча. Пасля гібелі бацькі яго лёсам і маёмасцю павінен быў займацца родны брат нябожчыка, польны гетман Вялікага Княства Літоўскага князь Крыштаф Радзівіл.
Калі Багуславу споўнілася восем гадоў, маці выйшла замуж за прынца Юлія Генрыха, сына герцага Саксэн-Лаўэнбургскага. Даведаўшыся пра гэта, князь Крыштаф даслаў паслоў з катэгарычным патрабаваннем аддаць пляменніка яму на выхаванне. Закон быў на баку апекуна, княгіня мусіла скарыцца.
22 жніўня 1628 года шыкоўны картэж, які вёз малога Радзівіла на радзіму, набліжаўся да Вільні — сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Доўгае падарожжа змучыла Багуслава, і хуткае расстанне з маці і сёстрамі Альжбетай Элеанорай і Сафіяй Агнешкай, якія суправаджалі яго ў гэтай паездцы, зусім не радавала. Княжыч змрочна разглядаў зялёныя пейзажы за акном карэты, тужліва слухаючы выхавацеля пана Даніэля Набароўскага[4]. А той ужо трэці раз апавядаў пра тое, як Лідзейка, легендарны продак Радзівілаў, параіў князю Нарымонту пабудаваць сярод балот і лясоў сваю сталіцу.
Раптам карэту так страсянула на выбоіне, што Багуслаў, падляцеўшы ўверх, балюча стукнуўся аб драўляную аканіцу.
— Ich weiс nicht, ob dieser Ratschlag wirklich gut gemeint war[5], — злосна абарваў ён выхавацеля, расціраючы пабіты лоб, дзе імгненна вырас вялізны гуз.
— Das war noch iibrig, — уздыхнула княгіня. — Den Behutsamen behiitet auch Gott![6]
Але пачуць гэтыя мудрыя словы Багуславу перашкодзіў гучны грукат гармат і мушкетныя салюты.
— Wie war das?[7] — устрапянуўся ён і зацікаўлена высунуўся ў акно карэты.
Уздоўж дарогі стаялі роўныя шэрагі нямецкіх пяхотнікаў і стралялі з мушкетаў, а наперадзе выступала паважная дэлегацыя ў даўгаполай мясцовай вопратцы, якая падалася княжычу нязвыклай і смешнай.
— Відаць, бурмістр і віленскія радцы, — задаволена сказала княгіня, якую ўсцешыла такая пышная сустрэча. — Гэтыя ўрачыстасці ў твой гонар, сын мой. Вунь і твой дзядзька выехаў нам насустрач.
Княжыч ужо заўважыў грознага, на выгляд яшчэ не старога мужчыну з пышнымі рудаватымі вусамі, таксама ўбранага па польскім звычаі. Мужчына стаяў паперадзе віленскіх ураднікаў разам з высокім рудавалосым хлопцам, апранутым на замежны лад.
— Ваша светласць памятае, што павінны паводзіць сябе як належыць прынцу? — хутка сказаў выхавацель, убачыўшы, што Багуслаў памкнуўся выйсці з карэты.
— Як тут забудзешся, калі ты, пан Набароўскі, пастаянна мне пра гэта нагадваеш, — рассеяна адказаў княжыч, уся ўвага якога была прыкавана да сваякоў.
Почат князя Крыштафа таксама ахапіла жывое ўзбуджэнне. Слугі ўспаміналі нябожчыка слуцкага князя і, з цікаўнасцю ўглядаючыся ў галоўную карэту з нямецкімі гербамі, услых разважалі, ці будзе яго сын падобны да бацькі. Князь-гетман з паблажлівай усмешкай слухаў тыя размовы.
— Януш, я цябе прашу, — звярнуўся ён да сына, які стаяў побач. — Будзь прыязным да брата і ветлівым з нашымі сваякамі. І стрымлівай свой нораў хаця б таму, што хутка сам пойдзеш у чужыя краі, а муж княгіні, прынц Юлій Генрых, імперскі генерал, зможа паспрыяць твайму знаёмству з еўрапейскім панствам.
3
Г. зв. «Сандамірскі рокаш» (1606–1609) супраць Жыгімонта III Вазы (1566–1632), караля польскага і вялікага князя літоўскага з 1587 года, караля шведскага ў 1592–1599 гадах.
4
Даніэль Набароўскі (1573–1640) — польскі барочны паэт, лекар і сакратар князя Януша Радзівіла (1579–1620).